Тэмы для крытычных публікацый, і гэта не можа не радаваць, часам нам прапануюць неабыякавыя землякі. Сённяшні матэрыял – чарговая сумесная спроба навесці парадак на вуліцах роднага горада.
Калі вам даводзілася пешшу прагульвацца па вуліцы Валадарскага, то, магчыма, вы звярталі ўвагу на сцёкавыя трубы, які выведзены прама на пешаходную зону. Падобнае гаспадарскае рашэнне адводу сцёкавых вод ад уласнага домаўладання не проста здзіўляе, а па меншай меры абурае. Што ж атрымліваецца: ва ўласным двары навялі парадак і прыгажосць, а што за агароджай – нас не хвалюе. А на тратуары, між іншым, не ўсё так бязвоблачна: у марозныя з лёгкай адлігай дні з труб звісаюць ледзяшы, пешаходная зона ператвараецца ў каток, а ў дажджлівыя дні пешаходы вымушаны сыходзіць на праезную частку, каб абысці вадаспад, які ў прамым сэнсе льецца на галаву. А гэта ўжо акрамя нязручнасці можа несці пагрозу здароўю і жыццю землякоў ці накладанне штрафу ад праваахоўнікаў за парушэнне правілаў дарожнага руху.
Праз публікацыю хочацца “дастукацца” да землякоў: паважаныя, уласны камфорт і дабрабыт не павінен быць самамэтай, тым больш калі ён ідзе ў разрэз з правіламі арганізацыі нашага калектыўнага пражывання і камфортнага выкарыстання месцаў агульнага карыстання.
Ёсць пытанне і да адказных службаў: чаму камфорт адных павінен несці дыскамфорт іншым. Што за самабуды на (над) месцамі агульнага карыстання? Спадзяемся, у бліжэйшы час агульнымі намаганнямі сітуацыя будзе выпраўлена.
В. МІКАЛАЕВА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий