Аптымістычныя прагнозы дасягаюцца карпатлівай працай

0
73

Вясна ў гэтым годзе выдалася ранняя, аднак на дзіва пераменлівым было надвор’е. Скачкі паказчыкаў сярэднесутачнай тэмпературы здзіўлялі і непакоілі: канец сакавіка быў стабільна мяккім, аднак здарылася раптоўнае пахаладанне са снегам у сярэдзіне красавіка, пасля плюсавала амаль пад 30. Майскія ж дзённыя халады і працяглы мінус у начны час унеслі свае карэкцівы не толькі ў развіццё сельскагаспадарчых раслін, але і ў ход пасяўной кампаніі. Днямі мы завіталі на бяланавіцкія палеткі СУП “Палессе-Аграінвест” і пацікавіліся ходам пасяўной.

На палетку шчыраваў адзін з вопытных механізатараў сельгаспрадпрыемства Канстанцін Корбут. Канстанцін Уладзіміравіч мае адзіны запіс у працоўнай кніжцы і без малога вось ужо 20 гадоў працуе ў СУП “Палессе-Аграінвест”. Няма працы ў гаспадарцы, з якой не справіўся б гэты вопытны механізатар. Але самы любімы від работы – гэта, вядома ж, сяўба. Менавіта ў ёй раскрываецца душа хлебароба. У гэты перыяд аграрыі, усім сэрцам адданыя працы на зямлі, з ранку да вечара шчыруюць на палетках.

У бягучым годзе, як пазначыла кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, на трактары Кіравец К-742 з пасяўным агрэгатам Хорш Фокус-6 Канстанцін Уладзіміравіч пасеяў яравых культур – 546,3 гектара, кукурузы – 1285,4 гектара. За высокімі вытворчымі паказчыкамі стаіць працавітасць і адказнасць механізатара.


Пра познюю сёлетнюю сяўбу кукурузы мужчына разважае па-філасофску:
– Гэтая культура цеплалюбівая, і каб яна дала добрыя ўсходы, глеба павінна прагрэцца мінімум да 10 градусаў. Цяпер тэмпература адпавядае патрабаванням, і мы актыўна ўзяліся за працу. Нічога, пры спрыяльных умовах надвор’я яна сваё возьме. Вось толькі вільгаць сыходзіць хутка – трэба спяшацца. Здавалася, пару дзён таму прайшоў дождж, а ўжо сёння, як бачыце, за пасяўным агрэгатам цягнецца густы шлейф пылу. А ў астатнім у нас усё строга па тэхналогіі: якасна правялі ўзворванне плошчаў, унеслі ў глебу неабходныя ўгнаенні, насенне сеем на глыбіню 2-3 сантыметра. Пры такім добрым надвор’і праз дзесяць дзён могуць з’явіцца першыя ўсходы.
Праз месяц праполка, а калі ў кукурузы з’явіцца 3-5 лістоў – пачнем карміць.
Не прамінулі распытаць і пра факты асабістай біяграфіі.
Канстанцін Уладзіміравіч нарадзіўся ў вёсцы Конкавічы. Пасля заканчэння школы адвучыўся ў вытворчым камбінаце на кіроўцу і ўладкаваўся ў гаспадарку, дзе нязменна працуе па сённяшні дзень. Наш суразмоўца не толькі добры працаўнік, але і клапатлівы, любячы муж і бацька: з жонкай Марынай Уладзіміраўнай яны гадуюць10-месячную дачушку.
Разумею жаданне нашага героя вярнуцца ў кабіну свайго жалезнага сябра, бо за кожнай хвілінай размовы – не адна сотня метраў засеянага палетка. Яшчэ некаторы час з задавальненнем назіраю за працай механізатара. Кіравец з пасяўным агрэгатам ідзе па полі роўна, як па струнцы, нідзе на паверхні не заўважыш зярнятка – усе яны акуратна леглі ў зямлю. Расце ўпэўненасць: будучы ўраджай у надзейных руках.
Так, вясна ўнесла свае карэкціроўкі ў работу сельгаспрадпрыемства: сяўба кукурузы ў СУП “Палессе-Аграінвест” пачалася крыху пазней, чым звычайна, але гаспадарка набрала патрэбны тэмп. Так, на 21 мая пасеяна збожжавых культур – 1360 гектараў пры плане – 1200 гектараў. Пасеяна кукурузы – 3320 гектараў пры плане – 3500 гектараў, выкананне плана складае 94,9%. Пасеў сельскагаспадарчых культур плануецца завяршыць 25 мая.
– Для гаспадаркі гэтая культура стратэгічная, бо кукурузны сілас – адзін з асноўных кампанентаў у рацыёне харчавання дойнага статка, – пазначыла ў час размовы кіраўнік сельгаспрадпрыемства Алена Асадчая. – Менавіта дзякуючы збалансаванаму харчаванню дойнага статка ў нас добрыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі.
Каб не апусціць планку ніжэй дасягнутага ўзроўню, нашы механізатары імкнуцца правесці сяўбу галоўнай кармавой культуры якасна і ў аптымальна сціснутыя тэрміны.
У гэтым годзе, як адзначыла Алена Мікалаеўна, плошча пад пасеў кукурузы нязначна, але павялічылася. Ёсць гэтаму рацыянальнае тлумачэнне: нараўне з раслінаводствам СУП развівае малочную і мясную жывёлагадоўлю, і таму аб’ём і якасць кармавой базы павінны адпавядаць плануемаму росту пагалоўя.
Тым часам у гаспадаркі наперадзе яшчэ шмат задач: разам з кукурузай працягваецца сяўба аднагадовай і шматгадовай травы, не за гарамі нарыхтоўка кармоў. Галоўнае, каб надвор’е не падводзіла. І хоць яго капрызы часам уносяць непажаданыя карэктывы ў работу аграрыяў, аднак у план заўсёды закладваюцца аптымістычныя прагнозы, і яны, як правіла, апраўдваюць сябе.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о