Пра нямецкага грамадзяніна Рыко Крыгера беларусы ўпершыню пачулі ў кастрычніку мінулага года, у сувязі з выбухам на чыгуначнай станцыі Азярышча на ўскраіне Мінска. У выніку тэрарыстычнай акцыі ніхто не пацярпеў, аднак падрабязнасці справы прывялі грамадства ў жах. Былы ўдзельнік аднаго з фарміраванняў замежных наймітаў ва Украіне прыбыў у нашу краіну як турыст. Як сам потым прызнаўся Крыгер: на тэрыторыі Беларусі ён выконваў заданні службы бяспекі Украіны. Па ўказцы куратараў рабіў фота ваенных аб’ектаў, атрымаў каардынаты тайніка са ўзрыўчаткай, інструкцыяй па яе ўстаноўцы. Немец усталяваў узрыўчатку на чыгуначных пуцях, даў справаздачу куратарам і вярнуўся ў сталічную гасцініцу для прывядзення выбуховага прыстасавання ў дзеянне. Ужо на наступны дзень пасля інцыдэнту нямецкага грамадзяніна затрымалі беларускія праваахоўнікі. Крыгер быў прызнаны вінаватым па шасці крымінальных артыкулах, усе яны адносяцца да катэгорыі цяжкіх або асабліва цяжкіх, у тым ліку за тэрарызм і наёмніцтва.
У чэрвені бягучага года суд вынес іншаземцу прысуд – вышэйшая мера пакарання. Рашэнне суда Рыко Крыгер не абскардзіў. Прызнаўся, што выконваў заданне СБУ выключна з-за грошай і назваў свой учынак “самай вялікай памылкай у жыцці, і, напэўна, апошняй”. Праз час злачынца звярнуўся да Прэзідэнта Беларусі з прашэннем аб памілаванні.
І вось новы віток падзей па справе: днямі беларускі лідар, папярэдне пагаварыўшы са следчым па справе нямецкага грамадзяніна, а таксама адвакатам, які абараняў абвінавачанага ў судзе, прыняў рашэнне аб памілаванні Крыгера. Тэлебачанне паказала рэакцыю нямецкага грамадзяніна на рашэнне Аляксандра Лукашэнкі – ён заплакаў і са словамі падзякі беларускаму Прэзідэнту закрыў рукамі твар. Гісторыя аб памілаванні актыўна абмяркоўваецца ў беларускім грамадстве. Афіцыйныя ўлады Германіі захоўваюць маўчанне. Складваецца ўраджанне, што лёс нямецкага грамадзяніна іх не хвалюе. Германія не ведае, як далей дзейнічаць, якую знешнепалітычную пазіцыю выпрацаваць у адносінах да Беларусі і свайго грамадзяніна.
Вельмі стрыманыя каментарыі па справе і ў сродках масавай інфармацыі недружалюбных да нас краін. Многія беларускія эксперты лічаць, што Захад чакаў, што Беларусь прывядзе рашэнне ў выкананне. У далейшым для іх гэта была б нагода для стварэння вобразу Беларусі, дэманструючай тыранію. Яны б на ўвесь голас крычалі, што знішчылі еўрапейскага грамадзяніна, які прыехаў пагля-дзець Беларусь, патрапіў у рукі праваахоўных органаў і яго пакаралі смерцю. Зразумела, не раскрываючы сутнасці злачынства Крыгера. У Беларусі выдатна разумелі, да чаго рашэнне смяротнага пакарання магло б прывесці. У прыватнасці, Прэзідэнт краіны ўсведамляў важнасць рашэння як з пункту гледжання чалавечага жыцця, так і з пункту гледжання геапалітыкі. І яго канчатковае рашэнне мудрае, прадуманае, узважанае. Назіраючы за сітуацыяй, пераканалася, што такі паварот справы ставіць саміх еўрапейцаў у вельмі нязручнае становішча. Бо ў кола іх прапаганды супраць беларускай дзяржавы гэты факт гуманізму не ўпісваецца. Беларусь праз дэманстрацыю чалавечнасці разбівае іх ілжывую прапаганду.
Святлана СОБАЛЕВА.
Оставить комментарий