Ахоўніца веры праваслаўнай

0
240

Ахоўніца веры праваслаўнайУ Год беларускай жанчыны раённая газета “Петрыкаўскія навіны” дае старт праекту “Жанчыны ў гісторыі Петрыкаўшчыны” – цыкл публікацый пра суайчынніц, якія пакінулі і пакідаюць след у гісторыі нашай малой радзімы.

Шмат цікавых імён, а яшчэ больш цікавых і незвычайных лёсаў хавае ад нас час.
І вось, у Год беларускай жанчыны, у юбілейны год для нашай газеты мы хочам расказаць вам пра адну з такіх асоб – Сафію Слуцкую.

Сафія Слуцкая не проста гістарычная асоба – яна нарадзілася 1 мая 1586 года, і, такім чынам, мае адно свята на дваіх з раённым выданнем.
У час, калі «ПН» будуць адзначаць 95-ую гадавіну з дня выхаду першага нумара, з дня нараджэння Сафіі споўніцца 440 гадоў. Нам здаецца гэта вельмі цікавым і знакавым. Адны крыніцы пераводзяць дату яе нараджэння на 12 мая, але мы будзем зыходзіць з таго, што ў 1586 годзе Рэч Паспалітая ўжо жыла па грыгарыянскім календары.

Якім чынам Сафія Слуцкая звязана з Петрыкаўшчынай? – спытаеце вы. Самым прамым: яна валодала горадам Петрыкавам.

Маёнтак Петрыкаў з навакольнымі вёскамі належаў князям Алелькавічам. Гэта літоўскі род, які прыняў праваслаўную веру і рускую мову. Алелькавічы пабудавалі ў Петрыкаве праваслаўныя цэрквы Святога Мікалая і Уваскрэсення Гасподняга. Апошні з Алелькавічаў Юрый Юр’евіч, уладар Петрыкава, памёр у 1586 годзе, адзінай спадчынніцай засталася малалетняя Сафія – дачка князя.

Сафія прыходзілася ўнучкай знакамітай беларускай ваярцы, Анастасіі Слуцкай. З дзяцінства лёс не песціў дзяўчынку – нарадзіўшыся ў адным з самых радавітых і ўплывовых старажытных родаў, Сафія адразу страціла бацькоў, у хуткім часе памерлі апекуны, якіх наканаваў ёй бацька. І ў двухгадовым узросце Сафія, самая багатая спадчынніца Рэчы Паспалітай, трапляе пад апеку Юрыя Хадкевіча, які дарэчы, перайшоў у каталіцызм, але заставаўся фундатарам праваслаўных цэркваў. Яго маці, Сафія Алелька, жыла разам з сынам і спавядала праваслаўную веру. Бацька княжны Сафіі перад смерцю выказаў пісьмовае пажаданне, каб дачка гадавалася ў праваслаўнай веры. У дзяцінстве княжна часта бывала ў Слуцку, дзе была вялікая колькасць праваслаўных храмаў. Захаваліся таксама звесткі пра абраз, частку радавой спадчыны, якая была пры дзяўчынцы з самага маленства: Пакрова Боскай маці. Такім чынам дзяўчынка выхоўвалася ў праваслаўнай веры.

Пасля смерці Юрыя Хадкевіча Сафія трапляе пад апеку яго брата Іераніма Хадкевіча. Каб палепшыць сваё фінансавае становішча, апякун дамаўляецца пра шлюб Сафіі з Янушам Радзівілам, які павінен быў адбыцца пасля паўналецця княжны. Але, калі прыйшоў час, паміж Радзівіламі і Хадкевічамі наспявае процістаянне: Хадкевічы спрабуюць выгандляваць для сябе лепшыя ўмовы і не спяшаюцца выконваць умовы пагаднення.

Між тым, разумеючы, што сітуацыя можа прывесці да ваенных дзеянняў, Сафія Слуцкая дае згоду на шлюб з Янушам з пэўнымі ўмовамі: яна не змяняе праваслаўнай веры, а будучыя дзеці таксама будуць праваслаўнымі.

Вось мы і пераходзім да галоўнай ролі, якую адыграла Сафія Слуцкая ў жыцці Петрыкава. Пасля падпісання Берасцейскай уніі, Януш Радзівіл па просьбе жонкі звяртаецца да караля і атрымлівае прывілей, які забараняе перавод ва ўніяцкую веру праваслаўных на землях, якія належаць іх сям’і.

Па даравальным запісе Соф’і Алелька і Януша Радзівіла мястэчка і маёнтак Петрыкаў з вёскамі і фальваркамі перайшлі ў валоданне віленскага каштэляна, брэсцкага старасты Гераніма Хадкевіча, абавязковай умовай было выкананне каралеўскага прывілея.
Такім чынам, Сафія Слуцкая, не нарадзіўшыся ў Петрыкаве і, магчыма, так ні разу яго не наведаўшы, зрабіла значна больш, чым можна было ўявіць. Каралеўскі прывілей паслужыў своеасаблівым абярэгам для праваслаўнай веры на Петрыкаўшчыне на доўгі час.

Сафія Слуцкая была адданай верніцай, падтрымлівала цэрквы, багата адорвала іх, спрыяла росквіту праваслаўных храмаў у сваіх уладаннях, абараняла праваслаўную веру ад уплыву ўніяцтва. Слуцк, дзякуючы Сафіі, стаў цвярдыняй праваслаўя.

Памерла праведніца ў 1612 годзе. Пахавана была ў Слуцкім Свята-Троіцкім манастыры, як апякунка праваслаўнай веры і праведная верніца.
У памяць пра сваю набожную жонку Януш Радзівіл працягнуў падтрымліваць праваслаўе на падуладных землях.

Мошчы Сафіі Слуцкай засталіся нятленнымі і зараз захоўваюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў гонар Мінскай цудатворнай іконы Божай Маці ў горадзе Мінску.

У 1984 годзе святая праведная Сафія Слуцкая была кананізавана праваслаўнай царквой. Святая Сафія па праву лічыцца заступніцай набожных шлюбаў і сем’яў, а таксама святой захавальніцай горада Слуцка.
У нейкім сэнсе і Петрыкаў можа лічыць Сафію Слуцкую сваёй заступніцай і абаронцай.

Надзея Сігай.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о