Афганістан – памяць і боль

0
232

15 лютага ў гісторыі нашай краіны асаблівая дата. У гэты дзень 36 гадоў таму тэрыторыю Афганістана, на якой дзесяць гадоў ішлі баявыя дзеянні, пакінуў апошні савецкі салдат.

Герой сённяшняга аповеду, наш зямляк Руслан Ланька, якому воляю лёсу было наканавана прайсці дарогамі палаючага Афганістана.
– Сам я родам з Петрыкава, закончыў у свой час першую гарадскую школу, а калі споўнілася васямнаццаць гадоў – атрымаў позву. У той час служба ў арміі была ганаровай падзеяй для юнака. Лічылася: калі хлопец прайшоў армейскі шлях, ён ужо можа самастойна прымаць рашэнні, здольны ўзяць на сябе адказнасць за родных і блізкіх, – пачынае размову Руслан Якаўлевіч.
Прызыўнікоў з Петрыкаўшчыны – ішоў 1982 год, даставілі ў абласны цэнтр, дзе было размеркаванне па вайсковых часцях. Нашаму земляку далі каманду збірацца на Маскву – служыць ён быў накіраваны ў пагранічнікі. Дарога выпала далёкая: з Беларусі на Маскву, з Масквы на Душанбэ, затым – на ваенны пункт “Харольскі” Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі, што на мяжы з Афганістанам. Да службы дапускалі толькі тых, хто прайшоў трохмесячныя курсы маладога байца: вучылі дзейнічаць хутка ў экстрэмальнай сітуацыі, умець страляць, выратоўваць…
– Сітуацыя на мяжы была напружаная: у Афганістане ўжо тры гады ішлі баявыя дзеянні. Акрамя неспакойнай палітычнай сітуацыі, назіраўся паток наркатрафіку, высокі ўзровень тэрарызму ў суседняй краіне, – дзеліцца воін-інтэрнацыяналіст. – Пільнасці патрабавалі караваны, якія маглі дастаўляць зброю тэрарыстам. Цяжка давалася адаптацыя да клімату, дзе днём – спякота, ноччу – холад.
Вядома, за гады службы нашаму герою давялося не раз прымаць удзел у баявых аперацыях, сутычках з ворагам. Службе на Афганскай мяжы Руслан Якаўлевіч, улічваючы і звыштэрміновую службу, аддаў шэсць гадоў. Салдаты стараліся не думаць пра дрэннае і падтрымлівалі адзін аднаго як маглі. Суразмоўца прызнаецца: для многіх людзей, якія прайшлі пекла Афгана, вайна стала асабістай трагедыяй, многім марам не суджана было збыцца. Гады, праведзеныя там, пакінулі цяжкі след у памяці. Прайшло шмат часу, але з баявымі таварышамі мужчына падтрымлівае сувязь. А з бліжэйшым сябрам па Афгану, украінцам з Луганскай вобласці – і зараз на ўсе святы на відэасувязі, падтрымлівае былога саслужыўца, на радзіме якога неспакойна.
На думку героя, тое, што сёння беларускія юнакі служаць на тэрыторыі Беларусі – правільнае і разумнае рашэнне Кіраўніка краіны. Лічыць суразмоўца правільным і тое, што ў апошнія гады надаецца вялікая ўвага патрыятычнаму выхаванню моладзі. Такая работа ўзмацняе сувязь паміж пакаленнямі, робіць маладых беларусаў сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.
Ёсць у знаходжанні былога салдата на афганскай зямлі і светлы бок. Менавіта ў той час ён сустрэў сваю другую палоўку, якая стала яму самым блізкім чалавекам у жыцці, яго апорай і падтрымкай. Аднойчы ў ваенную часць да саслужыўца прыехала пляменніца і расказала, што яе сяброўка таксама родам з Беларусі: яе сям’я пераехала ў Душанбэ з Віцебскай вобласці. Юнак з Петрыкава ўзяў нумар тэлефона зямлячкі. Пачаліся размовы па тэлефоне, а калі выпадалі камандзіроўкі, салдат заязджаў да дзяўчыны, якая на той момант была студэнткай педагагічнага вучылішча. Прыкладна праз год знаёмства, калі хлопец ехаў на Палессе ў водпуск – паехалі разам, дзе і распісаліся.
Пасля службы Руслан Якаўлевіч разам з жонкаю прыехаў у родныя мясціны. Мужчына пайшоў працаваць у Петрыкаўскае ПМК, жонка выхавацелем у дзіцячы садок – да сённяшняга дня яны не змянілі выбраным прафесіям. Зямляк прызнаецца, што зведаў простае чалавечае шчасце. Спазнаўшы вайну, дзе смерць хадзіла па слядах, застаўся цэлым, выхаваў траіх дзяцей, стаў дзядулем пяцярых унукаў.
– Мяне радуе, што сёння пра любоў да роднай краіны, пра яе незалежнасць і спакой шмат гаворыцца і не мала робіцца для гэтага, – Мы павінны заўсёды быць патрыётамі сваёй зямлі, каб не дапусціць ніякіх канфліктаў на ёй, каб заўсёды над намі было мірнае неба.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о