Сёлета званнем “Лепшы па прафесіі – 2024” у катэгорыі трактарыстаў-машыністаў атрымаў наш зямляк Аляксандр Белька, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ “Чалюшчавічы”, які атрымаў 10818,6 гектар гадавой выпрацоўкі ў эталонных гектарах на фізічны трактар, прызначаны для выканання энергаёмістых сельскагаспадарчых работ.
Прафесія чалавека, які працуе на зямлі і ва ўсе часы з’яўлялася адной з самых цяжкіх, і ў той жа час паважаных і ўшанаваных у народзе. Нашы кармільцы – механізатары, аграномы, інжынеры, механікі, вадзіцелі, заатэхнікі, фермеры, адным словам, усе тыя, хто датычны да працы ў сельскай гаспадарцы.
У чарадзе сённяшніх клопатаў сельгаспрадпрыемстваў – падрыхтоўка глебы да новага ўраджаю. На палях ААТ “Чалюшчэвічы” мы і пазнаёміліся з нашым героем.
Аляксаднр Белька – трактарыст-машыніст ААТ “Чалюшчавічы” Працуе ў галіне 15 гадоў. Шматгадовы досвед працы ў сельскай гаспадарцы дазваляе яму дасягаць высокіх вынікаў. Аграрый карыстаецца заслужаным аўтарытэтам як сярод калег, так і кіраўніцтва.
– Родам я з вёскі Колкі. Мой бацька – Аляксандр Анатольевіч, больш за 25 гадоў добрасумленна працуе механізатарам. Маці – Людміла Анатольеўна, аператар машыннага даення. Брат Станіслаў таксама пасля службы ў войску прыступіў да працы механізатара. Увогуле ў сельскай гаспадарцы ў нас працуе сямейная дынастыя, – з усмешкай распавядае суразмоўца.
У час нашай сустрэчы Аляксандр Аляксандравіч працаваў у звычайным рэжыме: з бацькам яны падрыхтоўвалі глебу для сяўбы аўса (на фота). Рабочы дзень у трактарыста пачынаецца ў 7 гадзін раніцы, але на стомленасць вясковец не скардзіцца. Не такі чалавек. Пазітыўны, адкрыты.
– Трэба працаваць сумленна, а не праз рукавы. Радуюся, калі акуратна пасеяна, добра запахана, пайшлі ўсходы. Бо кожны атрымлівае карысць ад багатага ўраджаю, – адзначае трактарыст. – Працаваць удвая прыемна, калі тваю працу па заслугах ацэньвае кіраўніцтва гаспадаркі. З гэтым нам, работнікам ААТ “Чалюшчавічы”, пашанцавала.
– Я працую сапраўды, са ўсёй душой. Планаў не будую – галоўнае, каб былі здаровыя родныя і блізкія.
Вось такія людзі ў нашым раёне – добрасумленныя, адданыя сваёй справе, якія з усмешкай глядзяць у будучыню.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.
Оставить комментарий