Адны з лепшых у вышэйшай лізе

0
222

Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах дзевяцікласнік з Курыціцкай сярэдняй школы Мікалай Рабчанка прывёз на Петрыкаўшчыну дыплом III ступені па вучэбным прадмеце “Геаграфія”. З такой прыемнай нагоды карэспандэнты раённага выдання сустрэліся з юнаком і яго настаўніцай Марыяй Буднік. Пасля знаёмства з педагогам і вучням стала відавочна: удалае выступленне нашага маладога земляка – вынік велізарнай шматгадовай працы настаўніка і вучня.

Калі прасачыць удзел Мікалая ў алімпіядным руху і атрыманыя ім дыпломы, становіцца зразумелым: наколькі сур’ёзна юнак захапіўся прадметам і які прафесіянал сваёй справы знаходзіцца побач з ім усе гэтыя гады. Вучань з Курыцічаў чацвёрты год абараняе гонар Петрыкаўшчыны на алімпіядах па вучэбным прадмеце “Геаграфія” і чатыры гады запар прывозіць узнагароды: у шостым, сёмым, восьмым класах – трэцяга этапу абласной алімпіяды, дзявятым – рэспубліканскай.
– Зацікавіўся я навакольным светам у пятым класе на ўроках “Чалавек і свет”, які вяла ў нас Марыя Іванаўна, – успамінае герой. – Гэтая тэма мяне прываблівала заўсёды, а з настаўніцай, якая прыносіла на ўрокі цікавую дадатковую літаратуру, расказвала пра тое, чаго не было ў падручніках, я стаў спазнаваць яго больш і глыбей. У канцы пятага класа Марыя Іванаўна запытала: ці маю я жаданне на наступны год займацца з ёю геаграфіяй. Я згадзіўся.
– Любы настаўнік жадае разгледзець патэнцыял у вучняў. Цікавасць да свайго прадмета ў Мікалая я заўважыла недзе праз паўгода, як пачала працаваць у іх класе. Пяцікласнік адказваў з толкам, ніколі не пакідаў не закрытых пытанняў, – уступае ў размову Марыя Іванаўна. – Пачала рыхтаваць для яго дадатковыя заданні, паступова ўцягваць у конкурсы па прадмеце. Такую дадатковую работу ён прыняў з цікавасцю. У канцы навучальнага года прапанавала яму займацца з верасня больш паглыблена па новым для яго прадмеце – геаграфія.
За летні перыяд вучань не змяніў свайго рашэння. Перад тым як пачаць сістэмную работу з шасцікласнікам, настаўніца пагутарыла з законным прадстаўніком хлопца, бо паглыбленае вывучэнне прадмета патрабавала пазаўрочнай дзейнасці. Прыёмныя бацькі Мікалая – хлопец выхоўваецца ў прыёмнай сям’і, супраць не былі, а наадварот, падтрымалі ідэю. І ўжо з верасня пачалася іх сумесная работа. У тым жа годзе – першы ўдзел у алімпіядзе і першы поспех на вобласці. Педагог дзеліцца, што геаграфія дастаткова складаны прадмет, ахапіць увесь аб’ём матэрыялу дапамагаюць акрамя дадатковых сустрэч і факультатыўныя заняткі, адкрыццё якіх прадугледжвае адміністрацыя школы.
– Я захапляўся прадметам з году ў год усё больш і больш. Адкрыў для сябе, што геаграфія – гэта не толькі пра гарады, акіяны, кліматычныя паясы. Геаграфія вывучае свет, гэта навука пра ўсё, што адбываецца на зямлі, – працягвае герой. – Канечне, мяне радуе выніковасць у алімпіядным руху. Аднак важныя не толькі паказчыкі, а і асабістае развіццё. Я планую свой любімы прадмет выбраць за аснову будучай прафесіі.
Са слоў Марыі Іванаўны, зараз у іх з Мікалаем невялікі перапынак у плане дадатковых заняткаў, спасціжэння новага. А затым іх зноў чакае праца – штодзённая, карпатлівая. Пажадаем цеснаму творчаму тандэму новых адкрыццяў і яшчэ не адзін раз адчуць радасць перамогі.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о