Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня абароны дзяцей, яскрава прайшлі на Петрыкаўшчыне. Закончыла шэраг сустрэч “Хвіліна радасці” – гульнявая праграма, арганізаваная для наведвальнікаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
У раёне склалася добрая традыцыя правядзення дабрачынных акцый у Дзень абароны дзяцей. Да святочных мерапрыемстваў падключаюцца дзяржаўныя служачыя, грамадскія аб’яднанні, прадпрыемствы і арганізацыі. Прыкладам дабрачыннасці, разумення і міласэрнасці служыць Петрыкаўская арганізацыя Чырвонага Крыжа. Менавіта валанцёры арганізацыі сумесна з работнікамі Тэрытарыяльнага цэнтра арганізавалі для наведвальнікаў сапраўднае свята.
Да сустрэчы выхавальнікі Цэнтра рыхтаваліся старана і адказна, прадэманстраваўшы прысутным свае вакольныя, танцавальныя магчымасці. У сваю чаргу, пры падтрымцы валанцёраў і спонсараў Леаніда Пашука, Пятра Вяргея, мужа і жонкі Рамана і Вольгі Курдо ўдзельнікам былі ўручаны сувеніры, арганізаваны “салодкі стол”.
– Гэта добрая нагода яшчэ раз сустрэцца з наведвальнікамі Цэнтра, пагутарыць з імі, сказаць добрыя словы. Мы частыя госці ўстановы, сістэмна праводзім тут розныя мерапрыемствы. Вось і ў гэты дзень нашы падапечныя не засталіся без падарункаў”, – адзначыла старшыня Петрыкаўскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Людміла Петухова. – Дарэчы, напярэдадні Дня абароны дзяцей члены арганізацыі наведалі раённы Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзе ўручылі дзецям прадметы гігіены, гульні, прысмакі. 1 чэрвеня нашы валанцёры сумесна з Саюзам моладзі прынялі ўдзел у многіх акцыях. Ад Чырвонага Крыжа ўдзельнікі і пераможцы конкурсаў атрымалі падарункі. Арганізацыя заўсёды з тымі, хто нас чакае.
– Месца правядзення “Хвіліны радасці” абрана невыпадкова. Смех і добры настрой, якія мы дорым людзям з абмежаваннымі магчымасцямі – лепшы для іх падарунак, – падзялілася дырэктар Цэнтра Галіна Сухоцкая. – Не толькі ў гэты дзень, але заўжды задача дарослых акружаць дзяцей, тых, хто мае ў гэтым патрэбу ўвагай і клопатам. Рабіць так, каб яны раслі ў атмасферы дабрыні і любові, кожны мог раскрыць і рэалізаваць свае здольнасці і таленты, здзейсніць жаданні і мары.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий