Калі ў рэдакцыю звяртаюцца землякі з просьбай напісаць пра жыхароў свайго населенага пункта, адчуваеш: новае знаёмства будзе цікавым і запамінальным. Практыка паказвае, што чалавек, які заслужыў павагу ў бліжніх, – асоба неардынарная, нечым адметная. Менавіта з такімі людзьмі мы пазнаёміліся ў аграгарадку Пціч.
Пражыць сумесна ўсё жыццё для сямейнай пары – вялікае шчасце і разам з тым вялікая праца. Мае героі – Мікалай і Кацярына Галота адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця і беражліва адносяцца да ўсяго, што іх звязвае. Жыццёвы шлях землякоў не быў усыпаны кветкамі. Аднак, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, кожны з іх адбыўся ў прафесіі, захаваў цёплыя пачуцці адзін да аднаго, годна вырасцілі дваіх дзяцей, не згубілі сямейныя традыцыі, якія беражліва перадаюць траім унукам.
Імя Мікалая Галоты вядома далёка за межамі раёна і асацыіруецца з сапраўднымі мужчынскімі якасцямі – сілай, мужнасцю і закалкай. Герой аповеду – майстар спорту і ў свой час паказаў шосты вынік у першынстве СССР па цяжкай атлетыцы. Імя Мікалая Іосіфавіча ўпісана ў Рэспубліканскую кнігу Славы за ўклад у развіццё спорту краіны. Многія жыхары Петрыкаўшчыны ведаюць яго як настаўніка фізічнай культуры Пціцкай школы, чалавека, які пяцьдзясят гадоў аддаў выхаванню здаровай і спартыўнай моладзі.
– Тое, што я прафесійнае жыццё звязаў са спортам – заканамерна, бо з юнацтва быў захоплены атлетыкай. Сам родам з Мардзвіна. Пасля заканчэння першай гарадской школы – у райцэнтры я вучыўся ў старэйшых класах – падаў дакументы ў Бранскі інстытут фізічнай культуры. Але на той год у дадзенай установе не было прыёму на атлетыку, сур’ёзна займацца якой я марыў ужо не адзін год, – успамінае герой. – Тады ў мой лёс умяшаўся былы дырэктар Мардзвінскай школы Віктар Рыгоравіч Маслаў. Вопытны педагог бачыў, як я “гару” спортам і запрасіў працаваць настаўнікам фізкультуры ў родную вёску. Праз невялікі прамежак часу працягнуў педагагічную дзейнасць у Пціцкай школе, куды пераехаў пасля стварэння сваёй сям’і.
Суразмоўца не хавае: прапановы перайсці на другое месца працы з магчымасцю жыцця ў вялікім горадзе з большымі магчымасцямі паступалі не раз. Аднак у гэтым пытанні ён быў катэгарычны: жыць на зямлі продкаў. Наогул, былы педагог з асаблівай павагай адносіцца да Радзімы і яе гісторыі. Адзін момант з нашай гутаркі мне асабліва запомніўся – няхай мяне гаспадар прабачыць, што я агучваю на вялікую аўдыторыю. У доме Галот ёсць важныя для сям’і куткі, дзе знаходзяцца фотаздымкі, узнагароды, дарагія сэрцу рэчы. У адным з такіх, у рамцы, я заўважыла выцвілы ад часу ліст, як аказалася – Загад па Першым беларускім фронце аб узнагароджанні медалём “За адвагу”, датаваны 1944 годам. Побач размясціўся медаль 2024 года “80 гадоў вызвалення Гомельскай вобласці”. А гісторыя мною ўбачанага такая. Бацька Мікалая Іосіфавіча – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны – быў цяжка паранены і атрымаў інваліднасць. За баявыя заслугі і праяўлены гераізм быў узнагароджаны медалём. У пасляваенны час у малых дзяцей была папулярная гульня ў класікі, галоўным элементам якой служыў невялікі цяжкі круг, які патрэбна было перасунуць нагой у патрэбным напрамку. Вось і вырашыў мой герой выкарыстаць бацькоўскі медаль. Успамінае: цяжкі быў, зручны для гульні. Так узнагарода і прапала. Хлопчык усвядоміў свой непрыстойны ўчынак. Сорам і шкадаванне не адступалі з гадамі, а наадварот – узмацняліся. Кажа: усё жыццё адчуваў віну перад бацькам. І вось гэтай вясной прыйшла мужчыне навіна: за значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян Рэспублікі Беларусь, увекавечанне памяці паўшых часоў вайны ён узнагароджаны медалём. Гэтая падзея стала нагодай для пазбаўлення пачуцця віны перад памяццю роднага чалавека за свой дзіцячы ўчынак: бацька абараняў родную зямлю ў ваенны час, а ён, яго сын – праслаўляў яе ў пасляваенны.
Кацярына Іванаўна не згубілася за асобай мужа, не стала яго ценем. Жанчына паважаная ў Пцічы і ў раёне, да яе парад прыслухоўваюцца землякі. Для многіх, хто ведае гераіню, яна прыклад інтэлігентнасці, адказнасці і шчырасці. Як і муж, да прафесіі сваёй мары, нягледзячы на няўдачы, ішла мэтанакіравана.
– Родам я з Рубчы, пасля заканчэння Капцэвіцкай школы – туды бацькі пераехалі з цягам часу – марыла пра прафесію фармацэўта. Падала дакументы ў Магілёўскае медвучылішча, але не прайшла па конкурсу – на дадзеную спецыяльнасць заўсёды была вялікая канкурэнцыя, – успамінае суразмоўца. – Знаёмыя прапанавалі працаўладкавацца піянерважатай у Мардзвінскую школу. Работа педагогам не змяніла першапачатковых маіх планаў: бачыла сябе толькі фармацэўтам, і праз два гады мне гэта ўдалося. Пасля заканчэння магілёўскага медвучылішча прыехала на адпрацоўку ў родны раён. Вось ужо 52 гады я працую ў Пцічы на дадзенай пасадзе, дапамагаю землякам аблегчыць іх боль, хутчэй перамагчы хваробу.
Пра працу кажа: калі чалавек звязаў жыццё з любімай справай, то і час хутка праходзіць у справах і думках пра людзей. Але гераіня не хавае: сям’я заўсёды была ў яе на першым месцы. З будучым мужам пазнаёмілася ў Мардзвінскай школе, куды абодва трапілі па волі абставін. Гераіня дзеліцца, што сустракацца пачалі не адразу, а ў першы год сумеснай працы нават часта спрачаліся па розных пытаннях. Сапраўднае пачуццё прыйшло праз год знаёмства. Праз час іх чакала расстанне: Мікалай Іосіфавіч быў прызваны ў армію, а Кацярына Іванаўна паехала вучыцца на фармацэўта. Выпрабаванне маладыя людзі прайшлі годна з дапамогай паштовых лістоў. Пасля атрымання спецыяльнасці Кацярына Іванаўна прыехала працаваць у Пціч. Да яе прыехаў працаваць настаўнікам фізкультуры і любы. У 1974 годзе яны згулялі вяселле.
Сёння мае суразмоўцы шчаслівыя бацькі, дзядуля і бабуля. Дачка з сынам жывуць недалёка, у Мазыры і Калінкавічах, і часта наведваюцца да бацькоў са сваімі сем’ямі. Дом маіх новых знаёмых – тэрыторыя прыгажосці і камфорту. Усюды адчуваецца цеплыня гаспадарскіх сэрцаў і іх тонкі густ. І сёння яны не сядзяць на месцы, а маюць свае інтарэсы. Жанчына надае ўвагу кветнікам, ладкуе гародніну, вырашчаную сваімі рукамі. Гаспадар не кінуў заняткі па цяжкай атлетыцы: кожны дзень падыходзіць да штангі і “жме” лежачы (на фота), а яшчэ ён баяніст у філіяле Конкавіцкага СДК.
На пытанне аб сакрэце доўгага сумеснага жыцця адказваюць, што ў сям’і трэба быць адказнымі, умець пачуць, уступіць. Захаваць сям’ю, каханне і гармонію адносін – пастаянная штодзённая праца на працягу доўгага часу. Для мяне ж, як і для многіх землякоў, іх гісторыя пацвярджае моц сямейных сувязей і асноў, вучыць простым і важным жыццёвым ісцінам.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий