Зіма ў гэтым годзе выдалася шчодрай на снег, замяло ўсе сцяжынкі ў лесе. Але работнікам Петрыкаўскага доследна-вытворчага лясніцтва сумаваць не даводзіцца – не баяцца яны ні траскучых маразоў, ні намеценых гурбаў. У кожнага з іх свая задача, як і ў майстра лесу з 10-гадовым стажам Сяргея Бучкоўскага.
Герой артыкула родам з вёскі Турок, і сувязь з зямлёй, з прыродай у яго з маленства. Пад адказнасцю Сяргея Уладзіміравіча знаходзяцца шэсць участкаў на тэрыторыі 9478,2 гектара. Яго працавітасць, добрасумленнасць і прафесіяналізм адзначаюцца калегамі і кіраўніцтвам. Для Сяргея Бучкоўскага важна не проста выканаць задачы, а захаваць і прымножыць лясную культуру Петрыкаўшчыны, забяспечыць яе рацыянальнае выкарыстанне.
– Паспяховая праца Петры-каўскага лясгаса – заслуга ўсяго калектыву, – упэўнены мужчына.
Хочацца адзначыць, што ў працоўнай біяграфіі мужчыны шмат дасягненняў: неаднаразова герой артыкула быў прызнаны лепшым майстрам лесу Петрыкаўскага лясніцтва. У працы ён прытрымліваецца такіх прынцыпаў: як дакладна арганізованы працоўны працэс, рацыянальна размяркованыя рэсурсы і стварэнне ўмоў, каб людзі былі зацікаўлены ў якасным выкананні абавязкаў.
– Працы ў нас шмат: адгрузка лесапрадукцыі, прыёмка лесасек, пасадка, тэхпрыёмка лясных культур, інвентарызацыя, ахова лесу, барацьба з ляснымі пажарамі. Хутка вясна, пачнуцца “гарачыя” дзянькі. Збор бярозавага соку і пасадкі, але самае галоўнае – пажаранебяспечны перыяд, – адзначае суразмоўца. – З вясны па восень змагаемся з аматарамі лясных вогнішчаў і дачнымі стваральнікамі смеццевых звалак. Рэйды праводзім практычна штодня, усталёўваем фотапасткі, папярэджваем, ажыццяўляем прафілактычныя гутаркі.
Герой артыкула адбыўся не толькі ў прафесіі. У сям’і Сяргея і яго жонкі Ірыны 5 дзяцей: Багдан, Ігар, Ганна, Варвара, Ксенія.
– Першага сына ў нашым доме ўспрынялі як падарунак звыш, таму і імя падабралі адпаведнае: Багдан – Богам дадзены, – успамінае Сяргей Уладзіміравіч. Старэйшы сын абраў прафесію, звязаную з зямлёй – і зараз вучыцца ў Палескім аграрным каледжы на агранома, астатнія дзеці яшчэ вучацца ў школе і ходзяць у садок.
– Сям’я для мяне святое. Імкнуся для сваіх дзетак быць крэпасцю, каменнай сцяной, за якой яны адчуваюць сябе ў бяспецы. Быць бацькам для мяне – не проста даць дзецям жыццё, але і навучыць іх важным якасцям, якія дапамогуць ім вырасці годнымі людзьмі. Галоўны спосаб выхавання – быць прыкладам ва ўсім: у працы, у жыцці, у сям’і, – дзеліца суразмоўца. – Я з тых людзей, якія раніцай з радасцю ідуць на працу, а ўвечары з нецярпеннем спяшаюцца дадому. Ці не ў гэтым шчасце?
Яго любоў да лесу не абмя-жоўваецца працоўным часам. З задавальненнем шматдзетны бацька з сям’ёй адпраўляецца ва ўжо знаёмыя і любімыя месцы, каб сабраць грыбоў і ягад, нацешыцца цішынёй і прыгажосцю.
Відавочна, што Сяргею Уладзіміравічу яшчэ шмат чаго трэба зрабіць: паставіць на ногі дзетак, дачакацца ўнукаў, а ў прафесійнай сферы – яшчэ доўгія гады гэтак жа ўпэўнена ісці па тым шляху, які ён для сябе абраў.
Лес мае патрэбу ў такіх людзях.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.






Оставить комментарий