У яго руках другое жыццё набывае любое дрэва. Старое і сухое, або вільготнае, некранутае гадамі. Любой шчыльнасці і кансістэнцыі. Творчыя работы Уладзіміра Панасюка з аграгарадка Чалюшчавічы вядомыя многім землякам. Мы сустрэліся з майстрам, каб даведацца пра ўсе тонкасці яго захаплення.
Уладзімір Панасюк вядомы многім як таленавіты чалавек, удзельнік вакальных конкурсаў, канцэртаў горада і раёна. Ён клапатлівы муж, тата, дзядуля. Але сёння мы раскажам пра яшчэ адно захапленне нашага земляка.
Уладзімір Аляксеевіч сустракае мяне на ганку дома з цёплай усмешкай. Адразу на вочы трапляецца яго творчая работа –адрасная таблічка, зробленая рукамі гаспадара. Праходжу далей і бачу прыгожы драўляны плот і зону адпачынку, выкананую ва ўласным стылі героя. Размова пачынаецца з галоўнага – з дрэва.
– Усё ад бацькі, – кажа ён проста. – Ён у мяне быў настаўнікам працоўнага навучання, на працы заўсёды нешта майстраваў. Вось і навучыў мяне азам, даў адчуць матэрыял, – распавядае суразмоўца.
Уладзімір Аляксеевіч спецыялізуецца на трапільнай разьбе – тэхніцы, якая патрабуе ювелірнай дакладнасці і цярпення.
– Яна дазваляе ствараць аб’ёмныя, рэльефныя ўзоры, – тлумачыць майстар, паказваючы разцы і фрэзу. – Працую ў асноўным з цвёрдымі пародамі: дуб, бяроза, ясень. Яны капрызныя, патрабуюць сіл і ўменняў, але вынік таго варта – выраб служыць стагоддзямі. Кожная яго праца – няхай гэта будзе адрасная таблічка або дэкаратыўны элемент – старанна шліфуецца і пакрываецца лакам, каб падкрэсліць прыродную прыгажосць дрэва і абараніць яго ад часу. Практычна кожны другі дом у Чалюшчавічах упрыгожаны вырабамі Уладзіміра Панасюка. Яго стыльныя, трывалыя і вельмі прыгожыя адрасныя таблічкі сталі сапраўднай «фішкай» аграгарадка і Петрыкаўскага раёна. Творчы працэс майстра разнапланавы.
– Часам сам прыдумляю эскіз, натхняюся прыродай, архітэктурай, – распавядае майстар. – А часам знайду нешта цікавае ў інтэрнэце, адаптую пад сябе, пад дрэва.
Перад тым, як выразаць з дрэва фігуркі, трэба прайсці няпросты шлях па засваенні гэтага рамяства.
Важна адзначыць, пад кіраўніцтвам настаўніка навучэнцы Чалюшчавіцкай сярэдняй школы ўзнагароджаны дыпломамі рознага ўзроўню. Творчыя работы знаходзяцца не толькі ў школе, а таксама на выставах у абласным цэнтры.
А наша інтэрв’ю скончылася па-сапраўднаму цёпла. Уладзімір Аляксеевіч падарыў мне на памяць неверагодна тонкай працы сувенір – выразаную ім фотарамку.
– Гэта вам на памяць ад майстра, – сказаў ён з той жа шчырай усмешкай.
Гэты маленькі драўляны падарунак, створаны з душой і неверагодным майстэрствам, стаў лепшым пацвярджэннем слоў пра тое, што сапраўднае мастацтва нараджаецца ва ўмелых руках.
Дзякуй, Уладзімір Аляксеевіч, за вашу працу і за тую часцінку душы, што вы ўкладваеце ў кожны свой выраб.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.
Оставить комментарий