Напярэдадні Дня інвалідаў на базе Петрыкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшла дыялогавая пляцоўка “Соцыум без абмежаванняў”.

У актавай зале сабраліся спецыялісты розных службаў, людзі з інваліднасцю. Мерапрыемства дало магчымасць жыхарам раёна з абмежаванымі магчымасцямі даведацца пра ўмовы паляпшэння свайго быту, формы сацыяльнай падтрымкі, пачуць пра актуальныя пытанні прафілактыкі жыццядзейнасці.

У пачатку дыялогу дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра адзначыла, што Беларусь з 2016 года з’яўляецца дзяржавай – удзельніцай Канвенцыі аб правах інвалідаў. Для рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі з 2017 года зацверджаны Нацыянальны план мерапрыемстваў аб правах інвалідаў, які разлічаны да 2025 года. Прыярытэтнымі напрамкамі з’яўляюцца развіццё інклюзіўнай адукацыі, вырашэнне пытанняў па працаўладкаванні і занятасці людзей з інваліднасцю, стварэнне такіх умоў, якія дадуць магчымасць людзям дадзенай катэгорыі інтэгравацца ва ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства.

Дадзеная катэгорыя людзей знаходзіцца ў зоне пастаяннай увагі дзяржавы: ім гарантавана сацыяльная падтрымка ў выглядзе грашовых выплат і льгот, а галоўнае – яны заўсёды адчуваюць падтрымку грамадства.

У сваю чаргу супрацоўнік цэнтральнай раённай бальніцы адзначыла, што на тэрыторыі установы аховы здароўя ўсталяваны ўваходныя пандусы, у памяшканні – грузавыя ліфты і поручні ўздоўж усяго маршрута і лесвіц. Маюцца каталкі для людзей з інваліднасцю, прадугледжаны пазачарговы агляд у спецыялістаў. Было адзначана, што гэта катэгорыя суайчыннікаў мае магчымасць атрымання курса рэабілітацыйных мерапрыемстваў як у Петрыкаўскай ЦРБ, так і па рэкамендацыі ўрача, ва ўстановах аховы здароўя Мазыра, Гомеля.

Цікавасць у прысутных выклікала інфармацыя супрацоўніка Беларусбанка, які расказаў пра магчымасці і льготы ад банкаўскай сістэмы краіны. Прысутнымі задаваліся пытанні пра ўмовы крэдытавання, бонусы банкаўскіх картак. Не абышоў бокам спецыяліст і пытанне кіберзлачыннасці, мабільных махляроў.
Пра прафілактыку пажараў, правілы бяспечных паводзін у зімовы перыяд, каля вадаёмаў, выкарыстанне петард і феерверкаў пагаварыла з прысутнымі інспектар РАНС. Спецыяліст нагадала ўдзельнікам: дзе неасцярожнасць, там і бяда.
Асноўны пасыл мерапрыемства: соцыум без абмежаванняў – менавіта так павінны жыць людзі з інваліднасцю. І для гэтага кожны з нас павінен прыкласці максімум намаганняў.

Адчуваць падтрымку грамадства

Святлана Собалева,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о