Выніковае студзеньскае пасяджэнне выканкама прайшло напрыканцы мінулага тыдня з удзелам Кіраўніка справамі Прэзідэнта Юрыя Назарава, першага намесніка старшыні аблвыканкама Дзмітрыя Петражыцкага, кіраўніцтва раёна, структурных падраздзяленняў выканкама, устаноў і арганізацый Петрыкаўшчыны.
На разгляд і абмеркаванне былі вынесены наступныя пытанні: аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2024 годзе і задачах на 2025 год, а таксама аб рабоце, якая праводзіцца па фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму моладзі і навучэнцаў Петрыкаўскага раёна.
Па інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама Аляксандры Янчанкавай, з 12 мэтавых паказчыкаў і заданняў сацыяльна-эканамічнага развіцця выкананы 9: па намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай плаце – дасягнулі паказчыка ў 121,6% пры заданні 111,5%; сукупным паступленні даходу кансалідаванага бюджэту – 120% пры прагнозе 100,2%; зніжэнні ўзроўню выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі – “мінус” 1,41% пры прагнозе “мінус” 1,4%; рознічным тавараабароце – 104,9% пры заданні 104,5%; аб’ёме падрадных работ – 110,9% пры заданні 106,3%; экспарце тавараў – 127,8% пры заданні 101%, экспарце паслуг – 189,9% пры заданні 100%; колькасці створаных арганізацый – 11 пры заданні 8; уводзе ў эксплуатацыю жылых дамоў – уведзена 4,6 тысячы квадратных метраў пры заданні 4 тысячы. Аднак пры гэтым не выкананы 3 паказчыкі: па інвестыцыях у асноўны капітал, вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельгасарганізацыях, індэксе прамысловай вытворчасці.
Пры абмеркаванні дакладу Кіраўнік справамі Прэзідэнта Юрый Назараў звярнуў увагу на тое, што ў раёне драйверам росту ў 2025 годзе можа і павінна стаць лясная галіна. Звяртаючыся да генеральнага дырэктара нацпарку “Прыпяцкі” Юрыя Апановіча, Юрый Віктаравіч даручыў у бліжэйшы час даць прапановы па развіцці ўстановы, экспарце тавараў і паслуг. Турыстычны патэнцыял рэгіёна, упэўнены Кіраўнік справамі Прэзідэнта, можа і павінен пашырацца за кошт гасцей з Расіі і Кітая.
Першы намеснік старшыні абл-выканкама Дзмітрый Петражыцкі ў сваю чаргу звярнуў увагу на стан спраў у сельскагаспадарчай галіне раёна. Пад крытыку трапілі выдаткі на вытворчасць прадукцыі, працэнт якіх недапушчальна высокі. Так, у шэрагу гаспадарак раёна работнікі, забяспечаныя заработнай платай, не даюць належны вынік у выглядзе надояў і прываг і тым самым зніжаюць паказчыкі рэнтабельнасці галіны ў цэлым. Улік і кантроль працоўнай дысцыпліны – першы крок да паляпшэння сітуацыі, упэўнены Дзмітрый Петражыцкі.
Па інфармацыі старшыні райвыканкама, для выхаду з-пад крытыкі за апошнія паўгода зроблена нямала: фактычна разабраліся з дойным статкам – нізкапрадуктыўнае пагалоўе амаль цалкам заменена, прааналізаваны і перагледжаны выдаткі на нарыхтоўку кармоў.
Кіраўнік справамі Прэзідэнта звярнуў увагу на больш актыўнае выкарыстанне поймы: так, у мінулым годзе была разроблена тэрыторыя на плошчы больш за гектар, сёлета варта працягнуць работу ў гэтым накірунку.
Што да будаўнічай галіны раёна, то, як зазначыў Кіраўнік справамі Прэзідэнта, на Петрыкаўшчыне павінна быць свая будаўнічая арганізацыя.
Пры абмеркаванні пытання праводзімай работы па фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму моладзі і навучэнцаў Петрыкаўскага раёна, была звернута ўвага на разнастайнасць форм і метадаў фарміравання такога важнага для кожнага чалавека пачуцця. Да таго ж, Кіраўніком справамі Прэзідэнта рэкамендавана задзейнічаць вядучыя прадпрыемствы раёна, з аднаго боку, для папулярызацыі з наступнай прафарыентацыяй сваёй галіны, а таксама з мэтай спонсарскага ўдзелу і заахвочвання па выніках патрыятычных акцый і конкурсаў самых актыўных і ініцыятыўных маладых грамадзян краіны.
Па завяршэнні пасяджэння выканкама Юрый Назараў і Дзмітрый Петражыцкі правялі рабочую нараду па пытанні нарыхтоўкі кармоў. Абмеркавана тэма аптымальна эфектыўнага развіцця сельгаспрадпрыемстваў раёна ў пытанні нарыхтоўкі кармоў. Так, прааналізаваны падыходы ў вырашэнні пытанняў павелічэння плошчаў, залужэння і перазалужэння земляў, з улікам запланаваных меліяратыўных работ, а таксама тэхналогія вырошчвання кукурузы.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий