Юбілей, выпускны і дзень нараджэння – у Капаткевіцкім Доме культуры з размахам адзначылі адразу некалькі свят.
50 гадоў – гэта вялікая дата для дзіцячага народнага ансамбля “Верасок”. Мабыць, ніводны калектыў у нашым раёне не можа пахваліцца такой лічбай. Нязменным застаецца тая атмасфера, якую стварае кіраўнік Ядвіга Іванаўна ўнутры ансамбля. Гэта сапраўды нялёгкія трэніроўкі, адточванне разнастайных “па”, артыстызму, работу ля станка і многае-многае іншае. А яшчэ гэта атмасфера сяброўства, падтрымкі, увагі, клопату і любові. Ядвіга Іванаўна Суботка сапраўды ставіцца да кожнага свайго вучня па-мацярынску, бывае строгай, але за строгасцю хаваецца шчырае жаданне навучыць быць артыстам, далучыць да мастацтва.
Ядвіга Іванаўна Суботка – на Петрыкаўшчыне чалавек-легенда. З гэтым фактам ніхто не паспрачаецца. Праз яе таленавітыя рукі прайшлі некалькі пакаленняў людзей. Пасталеўшы, яе вучні сталі прыводзіць у калектыў дзіцячага народнага танца “Верасок” сваіх дзяцей, а затым унукаў.
Пералічваць заслугі жанчыны можна доўга, бо ўдзельнікі “Вераска” – гэта яшчэ і пераможцы разнастайных прэстыжных конкурсаў і фестываляў не толькі ў Беларусі, а і за мяжой.
У нядзелю вечарам было не злічыць цёплых слоў віншаванняў, пажаданняў, падарункаў і кветак у адрас кіраўніка ансамбля. Прыйшлі на канцэрт не толькі бацькі, чые дзеці ў гэты вечар выступалі, а і выпускнікі ансамбля. Яны не толькі падрыхтавалі відэавіншаванне, але і падняліся на сцэну, каб пажадаць харэографу ўсяго найлепшага. Хтосьці з іх танчыў 11 гадоў, а камусьці хапіла і двух гадоў, каб ніколі не забыць гэты неверагодны час бясконцых рэпетыцый, хвалюючых выступленняў і складаных конкурсаў.
На вечарыне таксама развітваліся з дзецьмі, якія ў хуткім часе пакінуць танцавальны ансамбль. Па словах кіраўніка, развітвацца з кожным балюча, бо дзеці – сапраўдныя артысты, навыкі, набытыя ў “Вераску” дапамагаюць ім перамагаць і ў іншых конкурсах, такіх як “Школьны вальс” ці “Містар-Х”. Калі яны зоркі ў ансамблі, значыць, яны зоркі ўсюды.
Ядвіга Іванаўна таксама адзначыла сваё 70-годдзе. Увесь вечар у адрас імянінніцы гучалі цёплыя словы віншаванняў, а бурныя авацыі суправаджалі кожны пастаўлены харэографам танцавальны нумар.
Нагадаем, ансамбль існуе з 1974 года. А званне “Узорны” калектыў атрымаў у 1990 годзе.
Кіраўнік узорнага ансамбля танца “Верасок”, харэограф народнага ансамбля песні, танца і музыкі “Лявоніха” Ядвіга Суботка ў 2022 годзе адзначыла 50-годдзе творчага жыцця. Скончыўшы Капаткевіцкую сярэднюю школу, яна паступіла ў Магілёўскае асветнае вучылішча на спецыяльнасць харэографа.
Пасля заканчэння вучобы дзяўчына была размеркавана ў горад Ганцавічы. Там яна сустрэла сваё жаночае шчасце. Але доўга жыць і працаваць далёка ад радзімы не змагла. Капаткевіцкая зямля прыцягвала маладую дзяўчыну невядомай сілай.
У хуткім часе наша гераіня ўзначаліла ўстанову культуры, з’явіўся тэатр, ансамбль народнай песні.
Кіраўнік не перастае дзякаваць сваму творчаму даросламу калектыву, кожнаму работніку Дома культуры – гэта надзейнае плячо, асабліва ў складаных момантах.
“Верасок” – гэта маё жыццё, – адзначыла Ядвіга Іванаўна. – Мне вельмі прыемна ў гэты вечар бачыць на сцэне таленавітых дзяцей. Кожны дзень патрабуе новых сіл і задум. Трэба рухацца. Харэаграфія і ёсць рух, і ты маладзееш, гледзячы на моладзь».
Справаздачны канцэрт скончыўся пранікнёна – на сцэну вынесла вялікі торт са свечкамі, задуўшы які выпускнікі ўжо не маглі стрымаць слёз ад пачуццяў.
Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий