На календары канец ліпеня – разгар хатніх нарыхтовак для гаспадынь. Нягледзячы на наяўнасць круглы год у крамах усёй неабходнай садавіны і гародніны – такі род заняткаў не губляе сярод насельніцтва сваёй актуальнасці. Захаваць вырашчаную або набытую прадукцыю ядомай, а таксама захаваць яе смак на доўгі час – справа, якая патрабуе майстэрства, акуратнасці, захавання тэхналогій. Героі нашага матэрыялу – людзі, для якіх кансервацыя – справа звыклая. Землякі распавялі: чаму лічаць такі занятак патрэбным і падзяліліся рэцэптам, які асабліва запатрабаваны ў іх сям’і.
Галіна ЗАНКЕВІЧ
– Для мяне наяўнасць у доме нарыхтовак на зіму – прыкмета беражлівасці і гаспадарлівасці. Лічу, што набытая кансерванцыя саступае дамашняй. У асабіста закручаных слоічках ведаеш усё пра якасць закладзенага прадукта, што і чаго дабаўлена. Я раблю нарыхтоўкі з усяго, што вырашчваю на сваім участку. Для таматаў, агуркоў і перцаў паставілі з мужам цяпліцу. Ёсць у нас і адкрыты ўчастак на якім высаджана бульбачка, ягады, дрэвы, кусты. Акрамя хатняга ўчастку, апрацоўваем зямлю ў вёсцы Ільіч, які належаў калісьці маёй бабулі. Нягледзячы на тое, што практычна кожны дзень на дзяржаўных працах – усё паспяваем: і вырасціць, і пакласці ў слоікі.
На зіму раблю шмат закрутак і ўсе яны карыстаюцца попытам у родных. У гэтым годзе ўжо заклала ў банкі клубніцы і вішню, магу пахваліцца, што ёсць свае абрыкосы, персікі, грушы, маліна, парэчка, ўжо “пайшлі” агуркі, кабачкі, перцы, на падыходзе – памідоры. Вядома, вырошчваць сваю агародніну і садавіну вялікая праца. Але гэта яшчэ і эканомія грошай. Зімой такога асартыменту не кожны купіць. Раней з кансервацыямі шмат эксперыментавала. Цяпер вывучыла густы родных і пакінула ў кулінарнай кнізе толькі правераныя гадамі. Ёсць кансервацыі, якія рыхтуюцца са звыклых, простых і даступных інгрыдыентаў, але вельмі смачныя і карысныя.
- Адно з такіх “Марынаваны кабачок”.
На 1 літр кіпячонай вады дадаем 2-е лыжкі солі, 3 цукру, 5 воцату. У падрыхтаваныя слоікі (я выкарыстоўваю паўлітровыя) кладзем зялёны кроп, лаўровы ліст, парашок гарчыцы, здробнены часнык, перац духмяны гарошкам. Наразаем невялікімі кружочкамі кабачкі і закладваем у слоік. Заліваем марынадам і стэрылізуем 7 хвілін, закручваем і хаваем у “футра” на ноч.
Галіна ВЯРАКСА
– Я вырасла ў вёсцы і нарыхтоўкі на зіму былі ў нашай сям’і звычайнай і неабходнай справай. У бацькоў нас было шасцёра дзяцей, і каб зімой было што падаць да стала шмат закручвалі і заквашвалі. Кіраваліся народнай мудрасцю: “Дзве вішанькі ў рот, адну – у кампот”. Дарэчы сказаць – бацька быў аграномам і ведаў усе хітрасці ў пытаннях ураджайнасці на градках. Мінулі гады, а звычка кожны сезон рабіць нарыхтоўкі засталася. Гэта ўжо як традыцыя. Для сябе такі занятак лічу важным у мэтах працатэрапіі, актыўнага ладу жыцця і як спосаб парадаваць сваіх родных і блізкіх смачненькім на працягу ўсяго года. Нягледзячы на тое, што жыву ў кватэры, маю ўчастак у межах горада, і тры-чатыры разы на тыдзень у мяне своеасаблівы аграфітнес. Таксама стараюся дапамагчы дачцэ і родным у Шастовічах на іх прысядзібных участках. Перавагі такога віду дзейнасці – здаровы дух і наяўнасць пэўных мэт. У выніку – з раняй вясны да позняй восені на стале зеляніна, садавіна, гародніна, ягады. У апошні час эксперыентую з новымі рэцэптамі закрутак.
- Апошні – салат “Любімы”.
Нам неабходна: 2 кілаграмы баклажан, 1– салодкага перцу, 0,5 – морквы, 1,5 – памідораў, 200 грам часныку, адзін струк горкага перцу, 0,5 літра расліннага алею, 150 грам цукру, 50 солі, 100 грам 9 % воцату, кроп, пятрушка. Нарэзаць баклажаны дробнымі кубікамі, салодкі перац – кольцамі, моркву пацерці на буйной тарцы. Рыхтуем падліўку: памідоры круцім на мясасечцы, ціснем часнык, горкі перац тром на тарцы, рэжам кроп, пятрушку. Усе змешваем, дадаем раслінны алей, соль, цукар, воцат і ставім на агонь. Калі падліўка закіпіць, кладзем падрыхтаваную гародніну. Варым 50-60 хвілін і затым закручваем у стэрылізаваныя слоікі. Атрымліваецца 7 слоічкаў па 0,75 літраў.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий