На базе ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Петрыкава” прайшоў семінар-вучоба “Міжведамаснае ўзаемадзеянне як аспект прафілактыкі злачынстваў супраць непаўналетніх”.
У час мерапрыемства былі абмеркаваны актуальныя пытанні прафілактыкі злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці дзяцей і абарона іх ад хатняга гвалту, адпрацаваны механізм перанакіравання непаўналетніх, якія пацярпелі ад сэксуальнага гвалту, пазначана роля педагогаў у абароне правоў непаўналетніх падчас вядзення крымінальнага працэсу, праведзены аналіз прычын і ўмоў учынення злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх.
На семінары прысутнічалі: пракурор Петрыкаўскага раёна Андрэй Лявончык, намеснік старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Наталля Ходзька, суддзя суда Петрыкаўскага раёна Вадзім Шыбут, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга Усціновіч-Насека, намеснік начальніка Петрыкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Уладзіслаў Лахвіч, педагог-псіхолаг ДУА “Гомельскі абласны сацыяльна-педагагічны цэнтр” Міхаіл Гулакоў, спецыялісты аддзела адукацыі.
У час сустрэчы адзначалася, што злачынствы супраць жыцця, здароўя, палавой недатыкальнасці і палавой свабоды непаўналетніх уяўляюць сабой адну з найбольш небяспечных форм антысацыяльных паводзін і заўсёды выклікаюць шырокі грамадскі рэзананс.
Праблема абароны дзяцей ад жорсткага абыходжання і гвалту, у сілу іх найменшай абароненасці, ніколі не губляе актуальнасці.
Вылучаюць некалькі асноўных форм гвалту: фізічны, сэксуальны, псіхічны і інш. Вельмі часта гэтыя віды гвалту могуць мець комплексны характар.
Фізічны гвалт мае менш утоены характар, выяўленне яго не складае адмысловай працы.
Псіхічны гвалт па сваёй сутнасці з’яўляецца найбольш латэнтным – вонкава не выяўляецца, бо складана даказальны з прычыны адсутнасці вонкавых слядоў.
Эканамічны гвалт – спробы пазбаўлення адным дарослым членам сям’і іншага магчымасці распараджацца сямейным бюджэтам, мець сродкі і правы распараджацца імі па сваім меркаванні, эканамічны ціск на непаўналетніх дзяцей і іншае.
Адсутнасць клопату – гэта грэбаванне асноўнымі патрэбамі чалавека –у ежы, адзенні, меддапамогі, наглядзе і інш.
Прадстаўнікі структур адзначалі: сучасны від гвалту – гвалт у лічбавым асяроддзі. Дзеці ўсё часцей падвяргаюцца яму ў сетцы Інтэрнэт. Яны рызыкуюць уступіць у кантакт з незаконным ці шкодным кантэнтам, у тым ліку з парнаграфіяй, а таксама кантэнтам, які заклікае да злоўжывання наркатычнымі рэчывамі, самагубства і іншых формаў нанясення сабе шкоды. Інтэрнэт выкарыстоўваецца і ашуканцамі, якія ўступаюць у кантакт з дзецьмі пад фальшывым імем з мэтай сэксуальных дамаганняў.
Акрамя таго, непаўналетнія самі могуць стаць правапарушальнікамі і нанесці шкоду іншым, у прыватнасці, падвяргаючы здзекам іншых дзяцей у сацыяльных сетках.
Сэксуальны гвалт – уцягванне дзіцяці з яго згоды або без такога ў прамыя або непрамыя дзеянні сэксуальнага характару з дарослым з мэтай атрымання апошнім сэксуальнага задавальнення або выгады. Сэксуальны гвалт уключае як прамыя сэксуальныя кантакты, так і непрамыя: дэманстрацыя парнаграфічных матэрыялаў, а таксама ўцягванне непаўналетніх у выраб падобных матэрыялаў, падглядванне за імі падчас здзяйснення ім інтымных працэдур, “грумінг”, які здзяйсняецца, як правіла, пасродкам сеткі Інтэрнет.
Абарона дзяцей ад гвалту і жорсткасці – гэта наша агульная задача і неабходна зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб не дапусціць павелічэння колькасці скалечаных лёсаў.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.
Оставить комментарий