Гэта фраза ў нашым дзяцінстве з вуснаў якой-небудзь бабулі гучала даволі часта і адрасавана была дзецям, якія штосьці спрабавалі зламаць: напрыклад, пасаджанае дрэва ці лавачку ў альтанцы. Гэтая фраза хутка прыводзіла да прытомнасці і надоўга адбівала жаданне пахуліганіць. Сёння ж, чытаючы раніцай аператыўную зводку за чарговыя суткі аб учыненых бойках у кафэ горада, пашкоджаных аконных блоках, агароджах, пачынаеш думаць, што некаторым у дзяцінстве бабулі заўваг не рабілі, а бацькі мала ставілі ў кут.
Так, жыхар райцэнтра 21 снежня мінулага года, прыкладна ў 3 гадзіны ночы, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, знаходзіўся на тэрыторыі аўтамабільнай заправачнай станцыі №67, якая ў начны час становіцца месцам прыцягнення аматараў, мякка кажучы, выпіць лішняга. Наш антыгерой груба парушаў грамадскі парадак і выказваў відавочную непавагу, дэманструючы п’яную ўдаласць. З хуліганскіх памкненняў, у прысутнасці старонніх асоб, нанёс удар рукой па фасадзе будынка АЗС, у выніку чаго пашкодзіў яго, прычыніўшы РУП “Беларуснафта” маёмасную шкоду.
Дзеянні хулігана кваліфікаваны па частцы 1 артыкула 339 КК, ён чакае суда.
Аналагічны выпадак здарыўся ўжо ў студзені. У гэты раз грамадзянін, які знаходзіўся “пад шафэ”, вырашыў спагнаць сваё зло на шкленне акна і дзвярэй у інтэрнаце па вуліцы Гогаля ў райцэнтры. Дзеяннямі хулігана ДП “Петрыкаўскі райжылкамгас” нанесены ўрон у памеры звыш 400 рублёў. На пытанне следчага як будзеш кампенсаваць, ён адказаў, што не ведае, бо ўжо працяглы час не працуе. Правапарушальнік затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, ёсць час падумаць.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о