У сістэме Міністэрства ўнутраных спраў Дэпартамент аховы займае асаблівае месца. Вось ужо семдзесят чатыры гады яго супрацоўнікі пад знакам мудрай савы нязменна стаяць на варце асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян і юрыдычных асоб – раскрываюць злачынствы, прадухіляюць крадзяжы.
Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з міліцыянерам узвода міліцыі, прапаршчыкам Аляксандрам Марціновічам. Герой аповеда кругласутачна і штодзённа пацвярджае знакаміты дэвіз “Надзейнасць, бяспека, прафесіяналізм”.
Аляксандр Сяргеевіч – жыхар райцэнтра, пасля заканчэння другой гарадской школы паступіў у Гомельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 79. Пасля атрымання дыплома – служба ў войску ў 6-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгадзе ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.
– Служыць падабалася, таму і задумаўся над тым, каб звязаць сваё далейшае жыццё з сілавымі структурамі, – успамінае суразмоўца.
Так, у 2006 годзе Аляксандр Сяргеевіч пачаў службу міліцыянерам узвода міліцыі ў Рэчыцы. Праз некаторы час герой артыкула сустрэў сваю другую палавінку. Аляксандр і Мая вырашылі будаваць сямейнае гняздзечка на малой радзіме – Петрыкаве. У 2008 годзе герой аповеду прыйшоў на службу ў Петрыкаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы МУС міліцыянерам-вадзіцелем групы затрымання. З 2023 года Аляксандр Сяргеевіч служыць міліцыянерам узвода міліцыі на Петрыкаўскім Рудаўпраўленні. У яго абавязкі ўваходзіць ахова грамадскага парадку, прадухіленне крадзяжоў, дапамога ў ажыццяўленні кантрольна-прапускнога рэжыму.
На рахунку Аляксандра Сяргеевіча 20 гадоў працы ў органах унутраных спраў, ён неаднаразова быў адзначаны на абласным і раённым узроўнях. Міліцыянер занесены на дошку гонару абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. За выдатную службу ўзнагароджаны нагрудным знакам.
Герой аповеду шчыра прызнаецца, што з’яўляецца старэйшым супрацоўнікам у аддзяленні – “старажылам”. Як чалавек з багатым прафесійным досведам, Аляксандр Сяргеевіч перадае навыкі і ўменні маладым супрацоўнікам.
– У планах – добрасумленна служыць. Мне падабаецца служба, наш калектыў – дружны, згуртаваны, дзе заўсёды гатовы падтрымаць і словам, і справай. У нашым аддзяленні пануе атмасфера ўзаемапавагі і падтрымкі, якая дазваляе ўпэўнена выконваць пастаўленыя задачы, – дзеліцца суразмоўца.
Вядома ж, такая праца забірае вялікую частку асабістага часу, але герой аповеду ў шчыльным графіку выкройвае яго для сям’і і захапленняў. Родныя даўно змірыліся з дзяжурствамі мужа і бацькі. Дачка Анастасія – навучэнка гарадской гімназіі, а сын Данііл – студэнт Гомельскага дзяржаўнага каледжа электронікі і інфармацыйных тэхналогій. Менавіта сям’я з’яўляецца на-дзейным тылам, дзе заўсёды пануе утульнасць, цяпло і падтрымка блізкіх.
Аляксандр Сяргеевіч шчыра віншуе калег з прафесійным святам:
– Жадаю калегам і ветэранам аддзялення Дэпартамента аховы моцнага здароўя, дабрабыту і невычэрпнай жыццёвай энергіі! Няхай прафесійнае майстэрства, высакародныя мэты і добрыя справы спадарожнічаюць у службе і вядуць да поспеху.
Марыя Тамко,
фота аўтара.





