Мінулая субота ператварыла старажытныя і гасцінныя Калінкавічы ў сапраўдную сталіцу хлебаробскай славы. Гэты абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2026” стаў асаблівым, бо сёлета святу працы споўнілася роўна 30 гадоў.
На цэнтральнай плошчы Леніна разгарнуліся маштабныя падворкі ўсіх рэгіёнаў, а галоўным сімвалам урачыстасці стаў агульны важкі каравай Гомельшчыны – 1 мільён 171 тысяча тон збожжа.
Петрыкаўшчына гучна заявіла пра сябе на свяце. Наша яркае і самабытнае падвор’е прыцягнула сотні гасцей, а дэлегацыя на чале са старшынёй Петрыкаўскага райвыканкама Яўгеніем Шкробатам годна прадставіла працаўнікоў раёна, якія ўнеслі свой каштоўны ўклад у агульную скарбонку вобласці.

Тэрыторыя эксклюзіву – наш Пакроўскі кірмаш

Сапраўдным упрыгожаннем абласных “Дажынак” стала прэзентацыя рэгіянальных падворкаў. Гэта заўсёды тэрыторыя абсалютнага эксклюзіву і суцэльнай творчасці. Кожны раён імкнуўся зрабіць усё магчымае, каб прадставіць свой край максімальна ярка, багата і арыгінальна. Самабытныя традыцыі, звонкія песні, смачныя пачастункі і шчырае жаданне здзівіць кожнага госця – вось што стварала тут непаўторную, душэўную атмасферу.
Наша Петрыкаўшчына была прадстаўлена адметным і каларытным “Пакроўскім кірмашом”. Задорна, як заўсёды з добрым палескім гумарам і са шчодрай, гасціннай душой работнікі культуры віталі ўсіх удзельнікаў абласнога свята. Гасцінны прыём, прыгажосць афармлення і багацце нашага падвор’я нікога не пакінулі абыякавымі, стаўшы яркім акцэнтам кірмашу.

Трыумф адзінства і працы

Але сапраўдным сэрцам абласных “Дажынак”, іх, бадай, галоўным і самым хвалюючым мерапрыемствам стала шэсце герояў сёлетняга жніва. Цэнтральнай вуліцай прайшлі тыя, хто штодзённа здзяйсняе працоўны подзвіг: хлебаробы, механізатары, перадавыя аграрыі і мудрыя кіраўнікі. Побач з імі ў адным страі крочылі лепшыя творчыя калектывы, прадстаўляючы свой раён неверагодна ярка і маштабна.
Гэта шэсце было па-сапраўднаму незвычайным і зусім не падобным на ранейшыя. У адзінай калоне гарманічна сышліся цяжкая хлебаробская праца, самабытны талент і бязмежная любоў да роднага краю. Калоны суправаджала незвычайная тэхніка, а вочы мінакоў радавалі велічныя тэматычныя архітэктурныя формы і рухомыя інсталяцыі. Захапляльныя выступленні танцавальных і народных калектываў задавалі рытм усяму святу. Гледзячы на гэтую прыгажосць, адчувалася, наколькі ўсе мы аб’яднаныя. І гэта невыпадкова, бо свята працы і роднага хлеба – гэта, бадай, галоўная ўрачыстасць для кожнага беларуса.

Словы прывітання і дзяржаўнай удзячнасці

Адкрыў афіцыйную частку і зачытаў прывітальны адрас Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі Кіраўнік справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрый Назараў:
“Дзякуй кожнаму, хто працуе на палях і элеватарах, праводзіць працоўны дзень за рулём камбайнаў і грузавікоў, за вернасць зямлі-карміцельцы і адказнасць перад усёй Беларуссю. Гомельшчына пастаянна прыбаўляе, і сабраны рэгіёнам каравай – гэта выдатны вынік, дасягнуты дзякуючы працавітасці людзей”.
Старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Крупко шчыра падзякаваў усім аграрыям рэгіёна за вытрымку і прафесіяналізм у гэтым складаным па надвор’і годзе:
“Год быў напружаным, але да свята сабраны годны ўраджай. Мы выканалі дзяржзаказ, забяспечылі жывёлагадоўлю кармамі. Больш за 500 нашых экіпажаў сталі тысячнікамі, а лепшыя намалацілі звыш 3000 тон. Хлеб пачынаецца не з каравая на стале, ён пачынаецца з вас, працаўнікі сяла. Цяпер кожны з вас з чыстым сумленнем можа сказаць: я зрабіў усё, што ад мяне залежыла. Хвала і гонар нашым хлебаробам!”
Сімвалічнае значэнне свята і пераемнасць пакаленняў падкрэсліў Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы, які агучыў віншаванне ад Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай:
“Вельмі сімвалічна, што свята прымаюць Калінкавічы – край з гераічнай гісторыяй. Жыхары Гомельшчыны з асаблівым хваляваннем і дбайнасцю ставяцца да працы на зямлі. Асаблівыя словы ўдзячнасці – ветэранам сельскагаспадарчай вытворчасці, чый каласальны вопыт і традыцыі падмацоўваюць сёння поспехі маладога пакалення аграрыяў”.
На свяце высока адзначылі тэхналагічны прагрэс вобласці. Падчас віншавання міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў звярнуў увагу на культуру земляробства і важнасць харчовай бяспекі, асобна падзякаваўшы жанчынам-аграрыям, якія нароўні з мужчынамі самааддана шчыравалі на жніве. Гомельшчына ўпэўнена глядзіць у будучыню, укараняючы перадавыя тэхналогіі і развіваючы інфраструктуру сельскіх населеных пунктаў.

Гонар і слава раёна: героі мінулага жніва

Сапраўдным трыумфам для Петрыкаўскага раёна стала цырымонія ўзнагароджання. На ганаровую сцэну абласнога фестывалю адзін за адным падымаліся нашы землякі, чыя праца стала прыкладам для ўсёй Гомельшчыны.
Заслужаныя апладысменты і высокія адзнакі атрымалі кіраўнікі гаспадарак, якія змаглі эфектыўна арганізаваць уборачную кампанію: дырэктар СУП “Палессе-Аграінвест” Алена Асадчая, дырэктар ААТ “Чалюшчавічы” Сяргей Ракіцкі.
Асаблівым момантам свята стала адзначэнне маладых і перспектыўных кадраў. Малады кіраўнік ААТ “Курыцічы” Ілля Яўстахаў быў узнагароджаны каштоўным падарункам – сертыфікатам на новы аўтамабіль.
Больш за тое, паколькі рэспубліка святкуе Год беларускай жанчыны, на “Дажынках” асобная ўвага і пашана былі аддадзены жанчынам-кіраўнікам, якія ўпэўнена вядуць свае прадпрыемствы да поспеху. Дырэктару СУП “Палессе-Аграінвест” Алене Асадчай пад авацыі ўсёй вобласці таксама быў урачыста ўручаны сертыфікат на новы аўтамабіль.
Разам з кіраўнікамі заслужаныя ўзнагароды прымалі і тыя, хто непасрэдна ў полі здабываў народнае багацце. За высокі прафесіяналізм Падзякай абласнога камітэта быў адзначаны намеснік дырэктара СУП “Палессе-Аграінвест” Іван Фешчанка. За шматгадовую добрасумленную працу і адданасць абранай справе Ганаровая грамата Гомельскага абласнага Савета дэпутатаў была ўручана трактарысту-машыністу ААТ “Курыцічы” Руслану Чарнобыльцу. Каштоўны падарунак ад арганізатараў атрымаў Ігар Чычыкайла з ААТ “Навасёлкі”. Гэтыя ўзнагароды – лепшае сведчанне таго, што патэнцыял Петрыкаўскага раёна расце з кожным годам.

Петрыкаўшчына на свяце: каментарый кіраўніка раёна

Дэлегацыя Петрыкаўскага раёна прадэманстравала на “Дажынках” высокія вынікі і адзінства. Падрабязнасцямі і ўражаннямі ад свята падзяліўся Старшыня Петрыкаўскага райвыканкама Яўгеній Шкробат:
“Для Петрыкаўскага раёна абласныя “Дажынкі” – гэта заўсёды момант ісціны, вынік велізарнай сумеснай працы. На святочнай сцэне мы бачылі нашых землякоў, нашых перадавікоў, якія самааддана працавалі, адваёўвалі кожны колас у часам непрадказальнага пераменлівага надвор’я. Сапраўды, наша галоўная сіла – гэта людзі, адданыя сваёй зямлі ад світанку да змяркання. Прыемна бачыць, як годна выглядае наш раён на фоне ўсёй вобласці. Мы прывезлі на свята свой дух, нашы песні, наш “Пакроўскі кірмаш”, прынялі ўдзел у гэтым незабыўным шэсці і паказалі наш супольны каравай. Хвала і гонар кожнаму петрыкаўскаму хлебаробу за хлеб на нашых сталах!”

Эстафета перададзена далей

Яркім завяршэннем урачыс-тасці стала перадача эстафеты свята. Старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Павел Сілівончык урачыста перадаў сімвалічны сноп наступнай сталіцы абласнога фестывалю – у 2027 го-дзе “Дажынкі” будзе прымаць гасцінная Жыткаўшчына.
Свята ў Калінкавічах перайшло ў маштабны вячэрні канцэрт, падчас якога сваю канцэртную праграму гасцям абласнога агра-фэсту прадставілі нашы таленавітыя землякі – самадзейны калектыў “Суседзі”. Завяршылася галоўнае свята хлебаробаў святочным фейерверкам, пакінуўшы ў сэрцах аграрыяў пачуццё выкананага абавязку, а ва ўсіх прысутных – гонару за сваю родную зямлю.
Наперадзе – новыя працоўныя перамогі і новыя героі жніва.


Галіна КАЗАК.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные