10 кастрычніка ў аграгарадку Чалюшчавічы адбыўся 30-ы юбілейны турнір памяці Васілія Пінчука.
У суботні дзень святочному настрою удзельнікаў і шматлікіх гледачоў спрыяла цудоўнае надвор’е.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел чатыры каманды.Перад пачаткам гульняў адбылося ўрачыстае адкрыццё. Да прысутных звярнуўся арганізатар і спонсар турніру Аляксандр Пінчук. Аляксандр Васільевіч падзякаваў удзельнікам, суддзям і гледачам за арганізацыю і падтрымку спартыўнага свята. Прывітальныя словы прагучалі таксама ад старшыні Чалюшчавіцкага сельсавета Алы Жукоўскай і аўтара артыкула.
Першымі на футбольнае поле выйшлі маладзёжныя каманды аграгарадка Чалюшчавічы і горада Петрыкава. Упэўненую перамогу з лікам 3:0 атрымалі гаспадары поля. Затым на зялёны газон выйшлі ветэраны аграгарадка Чалюшчавічы і Муляраўскага сельскага Савета.
Цікавы і відовішчны матч на працягу ўсяго гульнявога часу горача падтрымлівалі балельшчыкі. Перамогу ў гэты дзень таксама святкавалі гаспадары з лікам 6:2.
Ва ўрачыстай абстаноўцы пераходзячы кубак і дыплом былі ўручаны футбалістам аграгарадка Чалюшчавічы сектара спорту Петрыкаўскага райвыканкама. Каманда, якая саступіла, узнагароджана дыпломам II ступені.
Дыпломамі і каштоўнымі падарункамі адзначаны лепшыя ігракі турніру: Юрый Маляўка і Сяргей Корж, лепшы брамнік Дзмітрый Хаменя, лепшы абаронца Яўгеній Шэлег, лепшы нападаючы Уладзімір Панасюк і лепшы бамбардзір Дзмітрый Шпакевіч.
Асобным спецыяльным прызам адзначаны самы старэйшы ўдзельнік турніру Сяргей Шпак, а таксама самы адданы балельшчык, якім стаў Уладзімір Жукоўскі.
Памятныя блакноты з лагатыпам турніру ўручаны ўсім удзельнікам гульняў і ветэранам спорту, якія прысутнічалі ў гэты дзень.
Выказваю словы шчырай удзячнасці кіраўніцтву сельскага Савета, Чалюшчавіцкай сярэдняй школе, сельскаму Дому культуры, сектару спорту Петрыкаўскага райвыканкама – усім, хто аказаў дапамогу і садзейнічанне ў правядзенні турніру.
Аляксей Каюкала.





