Гарадскі парк Петрыкава на адзін дзень ператварыўся ў сапраўдны цэнтр энергіі, бадзёрасці і натхнення. 1 кастрычніка наш раён ярка далучыўся да маштабнага спартыўнага свята – V Рэспубліканскага марафону скандынаўскай хады “Крок да даўгалецця”, які праходзіў у рамках агульнарэспубліканскай акцыі “Павага. Клопат. Адказнасць”.
У па-восеньску маляўнічым парку сабраліся нашы самыя ініцыятыўныя і маладыя душой землякі – 20 актыўных прадстаўнікоў старэйшага пакалення і ветэранскага руху. Гэта людзі з цвёрдай жыццёвай пазіцыяй, для якіх рух – сапраўдная філасофія, а актыўнае даўгалецце – не проста прыгожая фраза, а штодзённы лад жыцця.
На старце ўдзельнікаў марафону шчыра прывіталі ганаровыя госці. Загадчык сектара спорту райвыканкама Таццяна Харланава пажадала кожнаму лёгкага кроку. Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Аляксей Каюкала падкрэсліў важнасць такіх сустрэч, якія аб’ядноўваюць пакаленні і зараджаюць аптымізмам.
Дыстанцыя была пройдзена на адным дыханні. Спартыўны азарт і бадзёры настрой аб’ядналі ўсіх удзельнікаў, а сапраўдным прыкладам для пераймання сталі нашы самыя мудрыя марафонцы. Так, самай старэйшай удзельніцы споўнілася 79 гадоў, а сярод мужчын найбольшы гонар выклікаў 78-гадовы прыхільнік скандынаўскай хады. Гэтыя лічбы яшчэ раз даказалі: для спорту няма ўзросту.
Пасля завяршэння дыстанцыі нашых спартсменаў чакала самая прыемная і хвалюючая частка мерапрыемства – узнагароджанне. Урачысты момант пачаўся з асаблівага прызнання заслуг. Перш чым адзначыць усіх удзельнікаў, Таццяна Харланава выказала словы глыбокай удзячнасці старшыні раённай арганізацыі ветэранаў фізічнай культуры і спорту Аляксею Каюкалу. За шматгадовую працу, асабісты ўклад і актыўную прапаганду ветэранскага спорту ў нашым рэгіёне Аляксей Міхайлавіч быў адзначаны Падзякай сектара спорту райвыканкама.
А кожнаму марафонцу быў уручаны памятны сертыфікат удзельніка пятага, юбілейнага рэспубліканскага марафону “Крок да даўгалецця”, які стаў для нашых актывістаў пацвярджэннем таго, што чарговая важная прыступка на шляху да здароўя паспяхова ўзята.
Цудоўным працягам свята сталі карысныя падарункі для здароўя, якія ў рамках дабрачыннай акцыі “Ад чыстага сэрца” ўручыла дырэктар установы “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Петрыкаўскага раёна” Валянціна Урбанчык. Такі клопат і ўвага да патрэб старэйшага пакалення зрабілі атмасферу дня яшчэ больш цёплай і душэўнай.
Уручаючы ўзнагароды і прэзенты, кіраўніцтва спартыўнай галіны раёна шчыра падзякавала паважаным спартсменам за іх невычэрпны аптымізм, любоў да спорту і выдатны прыклад, які яны падаюць моладзі.
Марафон паказаў, што нашы ветэраны гатовыя да новых здзяйсненняў і дакладна не збіраюцца спыняцца на дасягнутым, бо рух для іх – гэта само жыццё!
Галіна КАЗАК, фота аўтара.





