Пакуль заходнія краіны працягваюць спробы ўзвесці вакол Беларусі “санітарны кардон” з дапамогай санкцыйнага ціску, афіцыйны Мінск дэманструе прама супрацьлеглы падыход.
Замест ізаляцыі – актыўны дыялог, замест зачыненых дзвярэй – новыя пасольствы і маштабныя эканамічныя кантракты. Жнівень стаў паказальным месяцам: візіт Прэзідэнта М’янмы ў Мінск, прапрацоўка поўнай адмены візавага рэжыму з КНДР, рашэнне аб закрыцці пасольства ў Фінляндыі, асаблівая ўвага на рынкі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Галоўная выснова, якую можна зрабіць відавочная: Беларусь не ізаляваная.
Наша краіна актыўна перабудоўвае сваю знешнеэканамічную архітэктуру, робячы стаўку на надзейных партнёраў, якія не выкарыстоўваюць санкцыі як інструмент палітычнага шантажу.
Беларуская дыпламатыя сёння — гэта адмова ад “дыпламатыі дзеля дыпламатыі”. Мы больш не марнуем час на пустыя спрэчкі з тымі, хто першапачаткова не настроены на канструктыўны дыялог і выкарыстоўвае міжнародныя пляцоўкі толькі як трыбуну для ціску ці палітычнага шантажу. Калі апанент не хоча чуць аргументы, заснаваныя на фактах і міжнародным праве, спробы пераканаць яго становяцца бессэнсоўнай тратай нацыянальнага рэсурсу.
Замест таго каб стукаць ў зачыненыя дзверы, Беларусь засяродзіла свае намаганні на развіцці адносін з тымі, хто падзяляе нашы каштоўнасці: павагу да дзяржаўнага суверэнітэту, неўмяшанне ва ўнутраныя справы і гатоўнасць да сумленнага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Святлана СОБАЛЕВА.





