На старонках “Петрыкаўскіх навін” мы часта расказваем пра людзей розных прафесій. Ёсць катэгорыя землякоў, пра якіх хочацца пісаць з асаблівай цеплынёй – гэта сацыяльныя работнікі.
Калі мы сустрэліся з Наталляй Цуркан, сацыяльным работнікам з Конкавіч, жанчына прызналася: аграгарадок для яе – месца асаблівае, роднае.
– Сама я родам з Міцур, але маці набыла тут дом, і мы пераехалі, – успамінае гераіня. – У Конкавічах я вучылася ў школе, пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Таму ўсе людзі ў гэтым населеным пункце мне знаёмыя. А яны тут адкрытыя, працавітыя і шчырыя.
У прафесію сацыяльнага работніка Наталля Вячаславаўна прыйшла не адразу. Пасля школы атрымала спецыяльнасць “повар-бармен”. Працавала ў школьнай сталовай, потым у калгасе. Прызнаецца: шукала справу, дзе і праца прыносіла б задавальненне, і заработная плата была годная.
Каля дзесяці гадоў таму ёй прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі сацыяльнага работніка. Жанчына доўга не раздумвала – згадзілася, і з яе слоў, ніводнага дня не пашкадавала аб сваім выбары.
– Праца сацыяльнага работніка патрабуе не толькі фізічных сіл, але і цярпення, – працягвае суразмоўца. – А калі бачыш, як твае падапечныя ўсміхаюцца, як чакаюць цябе, разумееш: ты на сваім месцы.
Пад апекай гераіні знаходзяцца дванаццаць жыхароў савета, якія пражываюць у Конкавічах, Слінках, Ацірках і Міцурах. Кожнага з іх яна наведвае па графіку, каб ніхто не застаўся без увагі і дапамогі.
Сярод тых, хто ў яе “спісе”– людзі розных лёсаў. Самаму старэйшаму каля 95 гадоў. Сталым людзям прысутнасць побач надзейнага чалавека становіцца жыццёва неабходнай.
– У кожнага з падапечных свой характар і свае чаканні ад майго прыходу, – прызнаецца жанчына.– Вядома, ёсць базавыя абавязкі: прынесці прадукты і лекі, прыбраць у хаце, дапамагчы па гаспадарцы. Але часта бывае так, што фізічная дапамога адыходзіць на другі план. Некаторым вельмі важна проста пагаварыць, падзяліцца сваімі трывогамі, радасцю, успамінамі ці набалелым. Я стараюся выслухаць кожнага, бо для многіх гэта – сапраўдная тэрапія.
Сацыяльны работнік прызнаецца, што пасля працоўнага дня лепшая ўзнагарода для яе – гэта простыя словы падзякі.
Калі размаўляеш з зямлячкай, то разу-мееш: перад табой сапраўдная жанчына, якая знайшла свой ідэальны баланс паміж прафесійным абавязкам і сямейным дабрабытам. У яе вачах свеціцца спакой, а ў кожным руху адчуваецца ўпэўненасць чалавека, які дакладна ведае, што такое шчасце.
Сям’я Наталлі Цуркан – яе надзейны тыл і галоўная крыніца натхнення. Побач з ёй любімы муж, на якога можна абаперціся ў любой сітуацыі. Іх дом – гэта сапраўдная “поўная чаша”, дзе пануе ўзаемаразуменне, павага і ўтульнасць. Шчасце і гонар матулі – гэда яе дачка і сын, якія вучацца ў мясцовай школе, радуюць бацькоў ва ўсіх справах.
Як ёй удаецца паспяваць усё? Наталля ўсміхаецца: сакрэт у любові. Любові да сваіх блізкіх, да сваёй працы і да людзей, якія жывуць побач.
Наталля Цуркан – прыклад таго, што сучасная жанчына можа быць паспяховай і ў сям’і, і ў прафесіі, калі ў яе сэрцы жыве дабрыня.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.





