20 лістапада ў Беларусі, як і ў многіх іншых краінах свету, адзначаецца двайное свята – Дзень педыятра і Сусветны дзень дзіцяці. І гэта зусім не выпадкова: педыятр – гэта ўрач, які стаіць на абароне здароўя дзяцей з моманту іх з’яўлення на свет.
Напярэдадні свята мы сустрэліся з педыятрам УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ” Святланай Мацвеевай, каб пагаварыць пра выбар прафесіі і яе нюансы.
Святлана Анатольеўна амаль 35 гадоў клапоціцца пра здароўе маленькіх петрыкаўчан.
– Прафесію выбірала свядома, паклаўшы пачатак сямейнай дынастыі: малодшы брат і пляменнік таксама звязалі сваё жыццё з медыцынай. Чаму педыятрыя? Пагадзіцеся, клопат пра здароўе дзіцяці становіцца адным з асноўных у жыцці бацькоў пасля з’яўлення на свет малога. І калі хворае дзіця – гэта боль і клопат сям’і і медыкаў, то здаровае – гэта вялікае шчасце і агульная радасць. Менавіта жаданне рабіць людзей здаровымі і шчаслівымі прывяло мяне ў педыятрыю. Без пафасу, па вялікім рахунку працу педыятра можна ахарактарызаваць як клопат пра будучыню сям’і, грамадства і дзяржавы, – падзялілася ў час размовы Святлана Анатольеўна.
Сапраўды, гэтая прафесія звязана не проста з аказаннем медыцынскіх паслуг і патрабуе ад урача не толькі выключных медыцынскіх ведаў, але і псіхалагічных навыкаў, выключных, асобасных якасцяў, якія дазваляюць працаваць не толькі з дзецьмі, але і іх бацькамі. Бо калі ў іншых спецыялістаў на прыёме адзін пацыент, то ў педыятра як мінімум двое – дзіця і маці, а яшчэ можа быць тата, бабуля, і з усімі трэба знайсці агульную мову, супакоіць, зацікавіць, каб даверыліся доктару, бо менавіта ва ўсім гэтым палова паспяховага лячэння .
Па меркаванні медыцынскай сястры Святланы Несцярчук, якая без малога 15-ць гадоў вядзе прыём разам з нашай гераіняй, у медыцыне няма другасных спецыяльнасцей, бо ўсе яны прызваны захаваць галоўную каштоўнасць чалавека – яго здароўе, аднак педыятры – гэта асаблівыя людзі, бо, як вядома, здароўе дзіцяці для бацькоў дорага ўдвая. Таму, самая паважаная і ганаровая, самая цяжкая і адказная работа – быць педыятрам. А яшчэ дзеці не даруюць падман, іх немагчыма падкупіць, запалохаць, іх можна толькі любіць. Прыём у Святланы Анатольеўны – гэта заўсёды шчырая і даверлівая размова, тактоўны і ўважлівы агляд. Ведаеце, за апошнія некалькі гадоў дзве дзяўчынкі з нашага ўчастка паступілі ў медуніверсітэт. Я ўпэўнена, што не абышлося тут без станоўчага прыкладу нашай Святланы Анатольеўны, – дадала медыцынская сястра.
Самым складаным у сваёй працы, з чым так і не змірылася за 35 гадоў практыкі, гераіня лічыць няўважлівасць, а часам і абыякавасць асобных бацькаў да здароўя сваіх дзяцей. Не сакрэт, што няпроста лячыць запушчаную хваробу, калі даволі складана вызначыць першасныя сімптомы хваробы і скласці поўную клінічную карціну. Выклікаюць занепакоенасць бацькі, якія ігнаруюць прышчэпачную кампанію.
– У дзень педыятра хачу прызваць бацькоў адказна ставіцца да здароўя сваіх дзяцей. Калегам ад усёй душы зычу ўдзячнай і паспяховай працы, адсутнасці цяжкіх захворванняў і дыягназаў, шчырых усмешак, грамадскай павагі і сямейнага дабрабыту, – адрасавала віншавальныя пажаданні калегам наша гераіня.
Галіна КАЗАК. Фота аўтара.
Оставить комментарий