Як бы імкліва не змянялася наша жыццё, якія б новыя тэхналогіі не прыходзілі ў сферу пасажырскіх і грузавых перавозак, беларуская чыгунка была і застаецца адным з самых надзейных і камфартабельных відаў транспарту. З’яўляючыся лідарам нацыянальнай сістэмы перавозак, яна заўсёды выконвае пастаўленыя задачы і аператыўна рэагуе на выклікі часу.
3 жніўня ў нашай краіне адзначаюць Дзень чыгуначніка – прафесійнае свята тых, хто забяспечвае бесперабойную працу сталёвых магістраляў краіны. Сярод іх – манцёр шляху чыгуначнай станцыі “Мышанка” Васілій Залеўскі. Прафесія манцёраў шляху, якіх па-простаму называюць пуцейцамі, лічыцца адной з самых цяжкіх на чыгунцы.
Васілій Залеўскі – ураджэнец Петрыкава, скончыўшы другую гарадскую школу, паступіў у Брэсцкі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту. Атрымаўшы прафесію, пра якую марыў з дзяцінства, прыступіў да працы на малой радзіме.
– Маю жонку Святлану размеркавалі ў Мышанскую сярэднюю школу настаўнікам пачатковых класаў, пераехалі ў вёску разам і я ўладкаваўся на чыгунку. Станцыя “Мышанка” стала для мяне не толькі месцам працы, а і другім домам, – дзеліцца Васілій Юр’евіч.
Дваццаць пяць гадоў! За гэты тэрмін змянілася не адно пакаленне тэхнікі, з’явіліся новыя тэхналогіі і стандарты бяспекі, але адно засталося нязменным – адказны падыход Васілія Юр’евіча да сваёй справы.
– Асноўная функцыя маёй прафесіі – утрыманне і своечасовы рамонт чыгуначнага шляху. На працы мы з брыгадай выконваем работы па замене шпал, рэек, рэйкавых змацаванняў і выдаленні няспраўнасці стрэлачных пераводаў. Ад таго, як мы паклалі рэйкі, як падбілі шпалу, залежыць бяспека кожнага цягніка, кожнага пасажыра, – распавёў суразмоўца і дадаў: – Спецыфіка нашай справы такая, што чыгуначнікі працуюць не залежна ад умоў надвор’я – і ў снег, і ў мароз, і ў лівень, і ў спякоту. Нас гэта не палохае. – Усе забяспечаны спецвопраткай – камбінезоны, курткі, плашчы і іншыя сродкі індывідуальнай абароны – застаецца толькі працаваць.
Калегі цэняць Васілія за залатыя рукі, безадмоўнасць і гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу. Яго вопыт – сапраўдная школа для маладых пуцейцаў. У іх брыгадзе працуе пяць чалавек: брыгадзір Уладзіслаў Отчык і манцёры пуці: Васіль Матросаў, Уладзімір Маліноўскі, Сяргей Герасіменка.
Калектывам забяспечана ўстойлівая безаварыйная праца. Фактаў, звязаных з парушэннем бяспекі руху цягнікоў, і выпадкаў вытворчага траўматызму, не дапушчана. Утрыманне ў належным стане пуцей і збудаванняў, забеспячэнне бесперабойнага і бяспечнага руху цягнікоў – гэта тыя задачы, якія застаюцца асноўнымі ў іх працы.
На пытанне пра сям’ю і дзяцей, герой артыкула адказаў шчыра.
– У нашай сям’і пераемнасць пакаленняў у прафесіі, – з цёплай усмешкай распавядае Васілій Юрь’евіч.
Сын Раман, натхнёны прыкладам бацькі, таксама абраў сталёвую каляіну. Скончыўшы Гомельскі каледж філіяла УА БелДУТ, па размеркаванні працуе механікам на чыгунцы ў горадзе Віцебску.
– Ён разумее гэтую працу, паважае яе. Дынастыя працягваецца! Для мяне гэта вышэйшая ацэнка маёй працы – калі дарога, якая стала маім жыццём, становіцца і жыццём майго дзіцяці.
Напярэдадні прафесійнага свята жадаю калегам моцнага здароўя, надзейнага сямейнага тылу і пазітыўных падзей у жыцці, дабрабыту і новых працоўных дасягненняў!
Марыя ТАМКО.
Оставить комментарий