Ні для каго не сакрэт, што 26 студзеня 2025 года ў нашай краіне пройдзе вельмі важная падзея: выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, права абіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў.
А што ж тычыцца нас? Тых, хто яшчэ не дасягнуў свайго паўналецця? Ці можам мы прымаць які-небудзь удзел у выбарах? Члены раённага Савета старшакласнікаў упэўненыя, што не проста можам, але павінны. Бо менавіта мы – будучыня нашай краіны. Пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Петрыкаўскага райвыканкама, рэдакцыі раённай газеты, РГА “Белая Русь”, а таксама Петрыкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, намі, дзіцячымі лідарамі Петрыкаўскага раёна, было вырашана рэалізаваць інфармацыйна-асветніцкі праект.
Ідэя вельмі простая: паказаць, што, нягледзячы на свой узрост, мы ўжо сёння не застаемся ў баку ад падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне.
Што сабой уяўляе наш праект?
Гэта будзе серыя аўтарскіх, распрацаваных намі і куратарамі раённага Савета старшакласнікаў інфармацыйных постараў пад агульнай назвай “18 крокаў да выбарчага права”. У іх мы, будучыя выбаршчыкі, адлюструем некаторыя артыкулы галоўнага закону нашай краіны – Канстытуцыі РБ; растлумачым некаторыя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца падчас выбараў; падзелімся сваімі думкамі наконт неабходнасці ўдзелу ў такой важнай для краіны падзеі.
З першых дзён з’яўлення на свет да наступлення свайго паўналецця мы развіваемся, вучымся, назіраем і фарміруем свой светапогляд. Усё, што адбываецца з намі за першыя 18 гадоў нашага жыцця – гэта і ёсць 18 важных крокаў, якія будуць уплываць на тое, якія рашэнні мы будзем прымаць у дарослым жыцці.
Я, канешне, у палітыцы мала яшчэ разумею, але дакладна ведаю адно: толькі ад Прэзідэнта – нацыянальнага лідара нашай дзяржавы – залежыць развіццё краіны, незалежнасць. Моцны лідар – гарант светлай будучыні для нас: дзяцей і моладзі.
Пачынаючы з 27 лістапада мы будзем размяшчаць нашыя постары кожную сераду і суботу штотыдзень на старонках раённай газеты, афіцыйных тэлеграм-каналах раёна і, вядома ж, у сацыяльных сетках. Дата выпуску першага постара таксама абрана не выпадкова: 18 постараў за 18 выпускаў да наступлення асноўнага дня галасавання!
Лізавета ПРЫХОДЗЬКА,
член раённага Савета старшакласнікаў,
сектар СМІ.
Оставить комментарий