Неяк у ХІХ стагоддзі французскі драматург Адрыян Дэкурсэль прамовіў: “Мір – гэта толькі перадышка паміж войнамі”. За цынічнай цытатай ужо паўтары сотні гадоў хаваецца, на мой погляд, правакацыйная прапанова пагадзіцца, ці зрабіць сваёй мэтай доказ неабгрунтаванасці такога выслоўя.
Нехта з сумам адзначыць, што хоць часткова, але Дэкурсэль меў рацыю: усё ж, у глабальным плане ваенныя канфлікты ўзнікаюць у многіх кропках свету, уносяць жыцці ваенных і мірных жыхароў.
Мне ж здаецца, калі б французскі драматург жыў крыху пазней і ведаў увесь цяжар Першай, Другой сусветных войнаў, усведамляў, які маштабы атрымаюць грамадзянскія войны і рэлігійныя канфлікты, якую знішчальную моц будзе мець сучасная зброя, то пісьменнік бы і думкі не дазваляў сабе хоць і лаканічна выказвацца пра мір, як перапынак.
Хацелася б меркаваць, што сучаснае сусветнае грамадства мае больш за продкаў у сваёй агульнай свядомасці – вопыт цяжкіх урокаў гісторыі. Але зноў і зноў ваенныя канфлікты, нібы запалкі ў папяровым пакоі, успыхваюць жудасным агнём. Напрошваецца лагічная думка: не мае вялікага значэння, якія гістарычны шлях прайшоў твой народ, калі чалавек, сацыяльная супольнасць, грамадства не зрабіла высноў з тых страшных гістарычных рэалій.
Прапаную заўважыць, што беларускі народ, нашая нацыянальная думка – адна з нешматлікіх, дзе знаходзяць натуральнае спалучэнне паняцці “мір” і “нацыянальныя інтарэсы”, бо мы не забыліся, якой страшнай цаной нашыя дзяды і прадзеды здабывалі і адстойвалі незалежнасць і права на будучае спакойнае шчасце нашчадкаў. Пазіраючы ж на спікераў з захаду, складваецца ўражанне, што словы “нацыянальныя інтарэсы” і “захаванне міру” ўвогуле не могуць існаваць у межах адной прамовы.
Яшчэ адна акалічнасць, якая здаецца не адразу заўважнай: мір ніколі не бывае прыватным, ён заўсёды мае пэўны абагульняючы характар. Міралюбівая палітыка – прамы сігнал для суседзяў, што прэтэнзій, ці амбіцый да краіны наша дзяржава не мае. І праверыць гэта не так складана, дастаткова звярнуцца да меркаванняў у грамадстве, паглядзець, як і чым мы жывём, і не шукаць пагрозы адтуль, дзе яе няма.
Урэшце рэшт, мір – гэта павага. Так, усе мы розныя, са сваімі поглядамі і меркаваннямі. Але, на жаль, далёка не кожнаму, у геапалітычным сэнсе, зразумела, што паважлівае суіснаванне ў свеце – хіба не галоўнае магчымае дасягненне нашай цывілізацыі і, вядома, тое, што мы ў першую чаргу павінны пакінуць нашчадкам.
Хацелася б спадзявацца, зыходзячы з нашых мірных нацыянальных інтарэсаў, што і вайна, як праблема гістарычнага развіцця, урэшце будзе пераадолена, бо мір – норма чалавечага існавання.
Арцём ГУСЕЎ.
Оставить комментарий