Сёння – Дзень утварэння падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі АУС Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні падзеі карэспандэнты “ПН” завіталі ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі АУС Петрыкаўскага райвыканкама. Пра будні аддзялення распавёў яго кіраўнік, маёр міліцыі Васілій Сыцько.

Да свайго 105-гадовага юбілею пашпартная служба прыйшла, дасягнуўшы пэўных поспехаў дзякуючы таму, што была ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў працы і, вядома ж, дзякуючы людзям, якія ў ёй працавалі. 105 гадоў у маштабе гісторыі міліцыі – гэта толькі імгненне, але для людзей, якія прысвяцілі сябе службе ў органах унутраных спраў – гэта жыццё.
Больш за 7 гадоў таму калектыў узначаліў Васілій Сыцько. Сваю службу ў падраздзяленні ён пачынаў на пасадзе інспектара:
– Калі ў 2015 годзе я толькі прыйшоў на працу ў АГіМ, я быў здзіўлены, наколькі шырокія задачы і функцыі гэтай службы. Са старонняга погляду можа здавацца, што гэта толькі выдача пашпартоў. На самой справе напрамкі дзейнасці вельмі розныя. Адна з важных функцый аддзялення – рэгістр насельніцтва нашай краіны. Мы ўносім звесткі, якія датычацца нашай дзейнасці, у базу персанальных дадзеных грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія захоўваюцца ў дзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме. Старанна сочым за тым, як і куды выязджаюць нашы грамадзяне, а таксама за тым, як выконваюць правілы знаходжання на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна замежнікі, арганізоўваем дэпартацыю тых, хто парушае закон. Ну і вядома, АГіМ займаецца афармленнем пашпартоў, рэгістрацыяй грамадзян па месцы жыхарства, выдачай дазволаў на пастаяннае пражыванне і відаў на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, афармленнем дакументаў для выезду за мяжу.

За 11 месяцаў бягучага года аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі выдала 3145 пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь, 123 дазволы замежнікам на часовае пражыванне.

На тэрыторыі Петрыкаўскага раёна пастаянна пражываюць і замежныя грамадзяне. Шырока прадстаўлены ў гэтым спісе грамадзяне Расійскай Федэрацыі, Туркменістана, Украіны і Германіі. Аддзяленне АГіМ ажыццяўляе кантроль за знаходжаннем на тэрыторыі раёна замежных асоб і асоб без грамадзянства, а таксама вядзе работу са зваротамі грамадзян.
Самая актуальная задача на дадзены момант – біяметрычныя дакументы. Гэта разумны аналаг звыклага для нас пашпарта, які выглядае крыху інакш і валодае вялікай колькасцю карысных функцый. БД у Беларусі прадстаўлены ID-картай (унутраны пашпарт, які выглядае як пластыкавая картка) і біяметрычным пашпартам (БП) (замежпашпарт, падобны на традыцыйны сіні). Яе галоўныя магчымасці закладзены не звонку, а ўнутры. Дакумент дазваляе ўладальніку дыстанцыйна атрымаць доступ да мноства электронных паслуг.

“Звычайны беларускі пашпарт узору 1996 года можа быць толькі адзін, – падкрэсліў кіраўнік. – А вось БД у кожнага грамадзяніна можа быць адразу тры: унутраная ID-карта і адзін ці два біяметрычныя пашпарты для выезду за мяжу (падрабязнасці ўдакладняйце ў АГіМ)”.
Кіраўнік адзначыў, што за час яго службы ў падраздзяленні адбылася значная аўтаматызацыя, якая не толькі спрасціла працу супрацоўнікаў аддзялення, але і дазволіла эфектыўна працаваць з грамадзянамі, якія звяртаюцца ў пашпартную службу.
Калектыў АГіМ Петрыкаўскага РАУС невялікі. Пад кіраўніцтвам начальніка аддзялення, маёра міліцыі Васілія Сыцько тут працуюць інспектар, капітан міліцыі Павел Аскерка, вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва Наталля Дворак, пашпартыст Алена Картыннік. Усе яны вопытныя работнікі і прафесіяналы сваёй справы, заўсёды ветлівыя і ўважлівыя да наведвальнікаў, граматна і хутка выконваюць сваю работу.
– Мы імкнемся працягваць добрыя традыцыі, якія заклалі нашы ветэраны – былыя супрацоўнікі падраздзялення Ігар Гурын і Зоя Лазарэнка, – адзначае ў завяршэнне Васілій Валер’евіч. – Я хачу падзякаваць усім, хто ў свой час унёс уклад у развіццё пашпартнай службы, усім былым і дзеючым супрацоўнікам. Шчыра віншую з 105-годдзем і жадаю маім калегам перш за ўсё моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў у службовай дзейнасці і самарэалізацыі.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о