30 мая для 505 вучняў 9 і 11 класаў школ Петрыкаўшчыны прагучаў апошні званок. Сваіх выпускнікоў у дарослае жыццё адправіла і ДУА “Петрыкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення”.
Для пяці падлеткаў-выпускнікоў гэта быў хвалюючы і важны дзень: менавіта ў іх гонар, у першую чаргу, гучаў ва ўстанове адукацыі апошні школьны званок
Юнакі прымалі пажаданні ад усіх, хто стаў ім за гады вучобы такім родным: настаўнікаў, выхавацеляў, класнага кіраўніка, малодшых сяброў, кіраўніцтва школы. Сказаць свае прывітальныя словы выпускнікам прыйшоў і ганаровы госць – старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Наўныка.
– Дарагія выпускнікі! Апошні званок – асаблівае свята, у якім пераплятаюцца і лёгкі сум, і ўрачыстасць, – пры-вітаў выпускнікоў Аляксандр Міхайлавіч. – Шмат зроблена за гады вучобы настаўнікамі, якія ўвесь гэты час рыхтавалі вас да дарослага жыцця. І зараз ужо ад вас залежыць ваша будучыня, будучыня нашага раёна і нашай краіны.
– Колькі карысных спраў і цікавых праектаў зроблена разам! – звярнулася да выпускнікоў намеснік дырэктара Валянціна Ярмалінская. – Я веру ў тое, што ў кожнага з вас атрымаецца знайсці прызначаны шлях, споўніць усе свае мары і надзеі. Заўсёды будзьце ўпэўнены: дзверы школы для вас гасцінна адчынены. Вазьміце ў дарослае жыццё адчуванне таго, што вам тут увесь час рады і чакаюць. Са святам апошняга школьнага званка і першага званка дарослага жыцця!
За вернасць педагагічным ідэям і высокі прафесіяналізм намеснік дырэктара падзякавала і настаўнікам навучальнай установы. Словы падзякі пачулі і бацькі навучэнцаў.
Галоўныя героі мерапрыемства атрымалі вершаваныя пажаданні ад першакласнікаў, якім па шматгадовай школьнай традыцыі ўручылі падарункі.
А які ж баль без вальса – ён стаў яркім упрыгожаннем святочнай урачыстасці. Ну а завяршыў свята – апошні школьны званок, які абвясціў аб завяршэнні чарговага навучальнага года.
Пасля мерапрыемства старшыня райвыканкама пазнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы адукацыі, наведаў вучэбныя класы.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о