У бацькі выпалі зубы.

Не, не поўнасцю, але з улікам і без таго гадамі і хваробамі прарэджанага колішняга “бярэзніку” і гэты пяток новых дзірак быў нам чарговай нагодай для кпінаў.

Калі гадоў дзесяць таму бацька згубіў той самы, як у Салаўя-разбойніка, свісцячы зуб і, падыгрываючы нам, маладым іраністам, жартам ашчэрыўся, я цішком сфатаграфаваў яго ва ўсёй, што называецца, пекнаце.Той раптоўны здымак займае ў хатняй фотатэцы пачэснае месца. Праўда, у фаташопе я яму на месца дзіркі прыкапіраваў суседні зуб і захаваў новы здымак. Так што пракручванне фатаграфій стрэлкай клавіятуры паказвае гледачам фотаальбома амаль што цуд: няма зуба і ап – тутака.

У сапраўдным, не віртуальным жыцці зуб за пяць хвілін не ўставіш. Бацька месяцы два курсаваў паміж стаматалогіяй і хатай, пакуль метадычна, праз выдаленні нягодных і шматлікія разлікі і прымеркі новых зубоў не пахваліўся мадэрновым мастом. Хіба што толькі, кажа, функцыянальнасць новых зубоў ужо не тая – значыць, трэба мяняць звычкі. Але ўсміхацца на ўсе няхай будзе трыццаць (дваццаць) два – ён можа і часта гэта робіць. А яшчэ не прамінае згадаць добрым (праўда ж!) словам мясцовых дантыстаў.

За 19 гадоў пастаяннай працы ў нашым горадзе  да стаматолагаў выпала звярнуцца чатыры разы. Так, гэта непараўнальна мала, але праўда жыцця такая, што мы ўсе з катэгорыі рускіх (і беларускіх) мужыкоў, якія не перажагнаюцца, пакуль гром не грымне. Дык вось – грымала акурат чатыры разы. …Тры – адзін раз наведаў урача з “касметычнай” мэтай.

Апошні раз грымнула днямі. Скарыстаўшыся зубной ніткай з мятным водарам, выцягнуў следам пломбу.

Стала нязручна, непрыгожа і чамусьці з прысвістам. Памятаючы ранейшыя добрыя (праўда!) уражанні пасля наведвання стаматалогіі, не стаў адкладваць на заўтра, балазе, “фортка” ва ўрача знайшлася. Пятнаццаць – ну дваццаць ад сілы хвілін – і я ўжо на першым паверсе ў бальнічным фае крытычна ў люстэрка аглядваю навінку ў роце, так мовіць, прымаю работу.

“Сядай, пяць!”, – сказаў бы хтосьці з маіх выкладчыкаў за такую работу. А я шчыра падзякаваў і гэтак жа шчыра спытаў, што павінен за прафесіяналізм і тэрміновасць, зразумела, без нейкіх намёкаў на віно ці цукеркі, бо за жыццё так і  не навучыўся гэтаму. “А Вы апішыце свае ўражанні пра нашу працу”, – адказаў загадчык стаматалагічнага аддзялення Дзмітрый Рэвут. – Можаце таксама між іншым сказаць, што мы аказваем у тым ліку і платныя паслугі ў галіне стаматалогіі (напрыклад, рэстаўрацыя зубоў, здыманне зубных адкладанняў, усталяванне тых жа пломб), маем функцыянальнае сучаснае абсталяванне і матэрыялы еўрапейскай якасці. А ў кліента маецца выбар іх з улікам фінансавых магчымасцяў”.

Прашу ў шаноўнага чытача не шукаць у словах вышэй стоенай рэкламы, а разумець іх як простае цытаванне субяседніка. Але свой бок дамоўленасці я ўсё адно павінен выканаць, так што буду шчырым.

Па-першае, я даўно перастаў баяцца зубных урачоў, і калі перадапошнім разам вымушаны быў амаль два тыдні разам з імі змагацца з запушчанымі хваробамі маіх зубоў – з неаднаразовым  абязбольваннем і доўгай шліфоўкай пломбаў (каб нічога не замінала), дзясяткамі нерухомых хвілін з позіркам, утрапёным у дзірачку ў столі акурат над крэслам, ішоў у бальніцу амаль што акрылёным. Не без падстаў верылася, што ўсё будзе добра і надоўга.

Так было. На працягу ўсіх гэтых амаль што двух дзясяткаў гадоў. І пасля ўмелых рук Алены Пятроўны, і Ганны Анатольеўны, і Людмілы Георгіеўны, і Дзмітрыя Мікалаевіча. Была іх неацэнная дапамога і мае шчырыя думкі наконт правільнасці догляду: “Насенне сланечніку – да пабачэння, кірыешкі, арэхі – гудбай, таранку цур не кусаць. Шчотку купляць не жорсткую. Чысціць мінімум двойчы ў дзень пасля ежы, гэткімі вымятальнымі рухамі, не піць і не есці празмерна гарачае і празмерна халоднае…”

Не ем, не п’ю, не кусаю, “вымятаю”. Але, вось жа зараза, ад “семак” хіба адмовішся!

6 сакавіка ў свеце адзначаўся Міжнародны Дзень зубнога ўрача. Гэта тыя, каму мы ў тым ліку абавязаны добрым здароўем, а яшчэ прыгожай  белазубай (калі пашчасціць) усмешкай. Трэба неяк павіншаваць, хоць наўздагон. Дарэчы, часта забываючы павіншаваць каго з радні з днём нараджэння, жартам прыдумаў ім за днём нараджэння яшчэ і тыдзень. Бывае, што віншую і з месяцам нараджэння, з годам пакуль праносіла. Дык са святам, ці што!

Ну вось, па свежых уражаннях, пакуль язык марна шукаў няроўнасці на новай пломбе, а пальцы клацалі па клавіятуры, атрымалася амаль што ода, але ж такі нідзе не зманіў. Ведаеце, я вельмі і вельмі не люблю бальніцу, не люблю тамтэйшыя адвечныя чэргі і, здараецца, прыкрыя непрадбачанасці і нейкія пралікі ва ўнутрыгаліновых стасунках, але з вялікім задавальненнем і за справу пацісну руку нашым медыкам. Тым, з кім давялося быць па розныя бакі лекавага працэсу. Дзякуй вам, шаноўныя, трымайце планку гэтак жа высока. Не расчароўвайце нас у сваім прафесіяналізме, і мы абяцаем трымацца, абяцаем.

“…Лена, пойдзеш у магазін, то купі семак…”

Пятро ШАДУРА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о