Колькі існуем на гэтай планеце мы, людзі, увесь час імкнёмся даць вызначэнні: што такое каханне? Што адбываецца з чалавекам, калі сэрца разрывае грудзі? Сучаснікі кажуць ёміста – хімія. А састарэлыя людзі – лёс, жыццё.

14 студзеня без вялікіх урачыстасцяў адзначылі сваё залатое вяселле Аляксандр Канстанцінавіч і Вольга Міхайлаўна Герасіменкі з Рога. Тому іх пачуццю, праверанаму часам, лёс даў вялікае жыццё, аздобленае выпрабаваннямі і радасцямі.

Абодва нарадзіліся ў Рогу, абодва ў вайну засталіся без бацькі. Абодва доўга чакалі і выпрабоўвалі свае пачуцці, пакуль, калі было па 27 і 28 гадоў, узялі шлюб.

IMG_6136_1

Маці Аляксандра Канстанцінавіча толькі два месяцы насіла пад сэрцам сына, калі мужа забралі ў войска. Больш яго і не бачыла. У дом іншага мужчыну не паклікала. Так і жыла ўдавою. Маленькаму Сашу давялося рана ўсвядоміць, што ён – мужчына і гаспадар. Пасля вайны скончыў толькі пяць класаў і пайшоў у калгас працаваць. Потым было навучанне на трактарыста і вадзіцеля. Сеў на тэхніку.

Бацька Вольгі памёр у вайну, пакінуўшы жонку з шасцю дзецьмі-пагодкамі. У памяці засталося, як хаваліся ад немцаў у Старыне. Прыйшлі нашы войскі, сказалі, каб ішлі дадому, там немцаў ужо няма. Нейкі салдат узяў маленькую Вольку на рукі. У тае грудзіна расхлістана – зашчапіць не было чым. Зняў са сваёй гімнасцёркі шпільку, прычапіў. Мабыць, у самога недзе дзеці былі, сумаваў без клопату па іх.

– Вёску разбурылі немцы, – узгадвае Вольга Міхайлаўна. – Яшчэ восем гадоў жылі ў нейкім бункеры. Маці са старэйшымі сёстрамі ў заработкі хадзіла ў Заходнюю Беларусь. Іначай памерлі б з голаду. Потым дзяржава дала крэдыт трохі. А будаваць хату няма каму. Дапамагалі тыя мужыкі, каму старэйшы брат кароў пасвіў. І цяпер стаіць у вёсцы тая наша хатка. Кажуць, зносіць трэба. А я не магу даць згоду, рука не падымаецца. Адна я засталася, апошняя з сясцёр і брата, таму і рашэнне павінна быць маё.

Ці ж можна праз 55 гадоў узгадаць тыя пачуцці, што прамільгнулі паміж Аляксандрам і Вольгай у тое іх першае лета? Восенню юнака забралі ў армію на тры гады. Яна чакала, нават думкі не дапускала пра іншых кавалераў. Кажа з усмешкай: “Нават не пацалавалася ні з кім”.

– Што мы, маладыя?! Верабейкі і тыя чырыкаюць. Так і я, пабегаў-пабегаў ды і ажаніўся, – адной фразай расказаў Аляксандр Канстанцінавіч пра наступныя два гады пасля арміі, якія папярэднічалі іх вяселлю.

– Хата мая стаяла ў цэнтры вёскі, – бярэ аповед у свае рукі гаспадыня. – Ён едзе міма на машыне, абавязкова пасігналіць. Імкнулася выйсці ў гэты час у двор, каб хоць мелькам здалёк яго ўбачыць. Ніколі не раўнавала, не трывожылася, што Саша возіць дзяўчат і маладзіц на працу. Давярала, як сабе.

– Эх, заміналі мне жыць тыя чужыя жанчыны, – гарэзліва, прышчурыўшы вока, дадае гаспадар. – Вязеш іх вечарам на працу – страшная справа… Але ж стрымаўся. Бо роўных маёй Вольцы не было.

У пасаг сёстры далі Вользе карову і сто рублёў. Маладыя пайшлі жыць да свякроўкі. Праз пяць гадоў купілі сваю хату. Яго маці ўсё жыццё была ім найпершай памочніцай.

– Усяк у жыцці было, – нібы падводзячы рысу, гаворыць Вольга Міхайлаўна. – Але кахаць яго было за што, так усе гады. Таму і дзеці нашы Алег і Люда выраслі добрыя, лагодныя. Імі нас Гасподзь узнагародзіў. Штодзень прыходзяць да бацькоў. Ва ўсім дапамагаюць, клапоцяцца. Не было такога дня, каб сын мяне не пацалаваў. Нядаўна дрэнна было мне, “хуткая” забірала. Дык сын з мужам плакалі. Не ведаю, як будзем з імі разыходзіцца, калі прыйдзе час. А жыць, дзеткі, хочацца. І ўжо не для сябе – для дзяцей і ўнучкаў. Калі ідуць, калі клапоцяцца пра нас, значыць, патрэбны мы ім. Значыць, трэба трымацца на гэтым свеце з усёй моцы.

– Сашка, падай мне маю “машыну”, – паказвае гаспадыня на хадунок: ногі яе даўно перасталі добра слухацца. – Пайшлі сядзем на канапу, сфатаграфуемся. Прычашыся трохі, прыхініся, дай буду трымаць за руку…

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о