У нядзелю, 28 жніўня, прайшоў 16-ты тур першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе. Ці магла здзівіць “Орша” ў гасцявым матчы на стадыёне “Прыпяць”? Як падрыхтаваны “Шахцёр” да наступнай, адной з вырашальных сустрэч з футбольным клубам “Смаргонь”? На гэтыя і іншыя пытанні мы пастараемся даць адказ, паехалі!

І зноў “Орша”, і зноў рэкорд тура!

Нечаканасці не адбылося…
Матч з “Оршай” для большасці прыхільнікаў другога футбольнага дывізіёну здаваўся “прахадным”. Адзінае пытанне, якое паўставала сярод заўзятараў “Шахцёра”: колькі заб’е іх любімая дружына?
Яно і не дзіва: у мінулы раз аршанцы рэкордна прайгралі “ка-лійшчыкам” з лікам 1:9. Клуб доўгі час перакідаўся на апошніх месцах турнірнай табліцы і толькі бліжэй да “фарватару” чэмпіяната палепшыў сваё становішча. Нядрэнная серыя працягнулася і ў другім крузе: “Орша” абыграла “Баранавічы” – 3:1 і не аддала перамогі гомельскаму “Лакаматыву” – 0:0, што вывела каманду на 8-е месца ў “табелі аб рангах”. Але калектыў чакала сустрэча з клубам больш высокага класа, а футбольная логіка падказвала, што карціна гульні складзецца на першых хвілінах.
Так і адбылося. “Шахцёр” пачаў матч высокім тэмпам і ўжо на 49 секундзе Максім Кавалевіч замкнуў перадачу з левага фланга, адкрыўшы лік! Штурмы сыпаліся градам на вароты гасцей, але, па спартыўнай іроніі, высокая хуткасць і перашкаджала гаспадарам павялічыць адрыў: футбалісты занадта спяшаліся забіць, у той час як “Орша” давала апанентам і прастору, і час для больш павольнай, але надзейнай гульні. Як следства – мітусня ў штрафной пляцоўцы саперніка, тэхнічны брак, недакладнасці.
На пэўны час нават падалося, што ў сустрэчы ўстанавіўся парытэт, але на 37-й хвіліне баланс сіл быў парушаны ўдарам галавою Івана Зянькова, які пераправіў мяч у сетку з вуглавога навесу. Яшчэ праз 4 хвіліны чарговы вуглавы замкнуў галавою ўжо Дзмітрый Шуляк – 3:0.
Другая палова гульні не паказала істотных змен. На 56-й хвіліне Вадзім Курловіч скарыстаўся “дзіркай” у абароне і давёў лік да любімых “Шахцёрам” лічбаў – 4:0. Але прыпыняцца на гэтым жоўта-чорныя не збіраліся.
Неймаверны спрыт паказаў апорны абаронца, капітан каманды Кірыл Янкоўскі. Атрымаўшы мяч каля сваёй штрафной, Кірыл спачатку шукаў траекторыю для ўдалай перадачы, але потым, мабыць, пабачыўшы прастору перад сабой, пачаў рухацца наперад, набіраючы хуткасць. Куды там было ўгнацца за ім футбалістам “Оршы”! Янкоўскі ў сваю чаргу, нібы па калідоры, дабег да штрафной саперніка і трапна прабіў у правую дзявятку – 5:0 на 58-й хвіліне.
Гаспадары мелі яшчэ некалькі момантаў і не ведалі стомы да свістка. Такая адданасць не засталася безвыніковай. Максім Кавалевіч аддаў цудоўную перадачу на “свежага” Ігара Моніча, які днямі ўзнавіўся пасля цяжкай траўмы і выйшаў на замену Саідходжы Мухамадшарыфі. Ігар выдатна апрацаваў мяч, не звяртаючы ўвагу на падкат з боку абаронцы саперніка, і адправіў круглага ў сетку – 6:0 на другой хвіліне дабаўленага часу. Чарговы рэкорд, як мінімум, футбольнага ўік-энду.
Такім чынам, “Шахцёр” утрымлівае лідарства, захоўваючы за сабой першае месца ў табліцы і павялічваючы рахунак ачкоў да 35-ці. На другім радку трывала “прапісалася” “Смаргонь” з 34-ма ачкамі, а наваполацкі “Нафтан”, прапусціўшы гэты тур, мае ў сваім актыве 30 балаў і трэцяе месца адпаведна.

Чаго чакаць ад “Смаргоні”?
У мінулы раз петрыкаўская дружына “расправілася” са “Смаргонню” без асаблівых праблем – 4:0, але з таго часу каманда з Гродзеншчыны відавочна прагрэсіравала. Дык што можа адбыцца на гэты раз?
Верагодна, з-за высокага становішча сапернікаў будучага, 17-га тура, нагнятаецца і прынцыповасць гэтай сустрэчы. Магчыма, што “Шахцёр” наўпрост паўторыць сцэнарый мінулых гульняў і не сустрэне асаблівых цяжкасцяў. Разам з тым, не варта забываць, што сапернікі будуць гуляць на сваім полі, а дома, як вядома, і сцены дапамагаюць.
Але давайце адкладзем гэтыя абстрактныя разважанні і паглядзім на факты. Жоўта-чорныя знаходзяцца зараз у цудоўнай фізічнай форме і, варта спадзявацца, у добрым маральным стане. Трэба толькі не разгубіць гэтыя кандыцыі. Нельга не адзначыць і Ігара Моніча, які аправіўся пасля траўмы і па-майстэрску ўмее знайсці пазіцыю, адкрыцца, атрымаць мяч, адарвацца ад апекі і завяршыць штурм на карысць сваёй каманды ў выхадзе сам-насам з варатаром. Магчыма, нехта не заўважыў, але як раз пасля траўмы Ігара, “Шахцёру” і не хапала выканаўцы такога плана. Нельга не дадаць, што “калійшчыкі” маюць даволі доўгую лаўку запасных і сітуацыя з карткамі тут таксама нядрэнная.
А што “Смаргонь”? Перамогі каманды выклікаюць павагу, але паглядзім уважліва і заўважым, што да поўнай дамінацыі і разгромаў сапернікаў каманда не дацягвае: 3:2, 2:1, 3:1 – даволі хісткія вынікі.
Таму трэба разумець, што перамога “салевікоў” цалкам заканамерная, калі “калійшчыкі” пакажуць сваю гульню, не будуць збаўляць тэмп і не дапусцяць памылак у абароне. І няхай сабе лік не будзе “сухім”, а розніца – вялікай. Жоўта-чорным дастатковы адрыў у пару галоў і ўпэўненасць на полі.
Ці можа “Шахцёр” скончыць сустрэчу нічыйным лікам ці прайграць? Такі зыход сустрэчы таксама верагодны. З гэтай прычыны багата чаго вырашаць менавіта першыя хвілін 25-30 гульні.
Супрацьстаянне каманд адбу-дзецца ў “Смаргоні” ў нядзелю, 4 верасня, у 13 гадзін. Паглядзець гульню можна будзе на youtube-канале АБФФ. А ў наступную нядзелю, 11 верасня, “Шахцёр” будзе прымаць на хатняй арэне “Прыпяць” яшчэ аднаго апанента з верхняй часткі турнірнай табліцы – футбольны клуб “Макслайн” з Рагачова. Пачатак гульні запланаваны на 13 гадзін. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о