Ёсць катэгорыя юнакоў і дзяўчат, з якімі асабліва прыемна сустракацца. Размова ідзе пра тых, хто пасля адпрацоўкі належнага тэрміну застаўся далей працаваць на першым працоўным месцы. Удвайне прыемна, калі гэта спецыяліст сельскай гаспадаркі.

Знайшла сябе на роднай зямлі

 

Наталля Міцкевіч родам з вёскі Слабада. Дзяўчына пасля заканчэння Смятаніцкай сярэдняй школы вырашыла атрымаць прафесію, якая б ёй была блізкая і зразумелая. Выбар паў на Палескі дзяржаўны аграрны каледж: атрыманыя ва ўстанове веды прадугледжваюць працу на зямлі, клопат пра жывёл, што ў вясковай дзяўчыны не выклікала пытанняў. Пасля заканчэння навучання ў Калінкавічах атрымала дыплом заатэхніка і была накіравана на адпрацоўку ў свой родны раён – у КСУП “Кашэвічы”.
– Трэба прызнацца, што першы час было цяжка “ўцягвацца” ў вытворчасць. Дзякуй, кіраўніцтва гаспадаркі дапамагло з жыллём, а старэйшыя і вопытныя калегі пад-трымалі ў першых самастойных рашэннях, працоўных пачынаннях, – успамінае Наталля Уладзіміраўна. – Праца спачатку пужала, затым захапіла, а цяпер – гэта неабходнасць.
Відавочна, што ў маладога спецыяліста ў свой час склаўся правільны падыход да працы ў сельскай гаспадарцы. Яе старанні, адказны падыход заўважылі і прапанавалі пасаду загадчыцы МТК “720”. Суразмоўца кажа, што на ферме яна праводзіць не толькі рабочы час, але і частку вольнага, бо такая ў яе праца – жывёла патрабуе пастаяннага клопату.
Запыталася ў дзяўчыны, ці не шкадуе, што пасля адпрацоўкі засталася ў сельскай гаспадарцы, і якія пажаданні адрасуе сваім калегам, якія толькі пачынаюць сваю працоўную дзейнасць? Суразмоўца адказала шчыра:
– Лічу, што трэба працаваць па выбраннай прафесіі. Тым больш, калі чалавек ужо ўцягнуўся ў сваю справу, ведае яе спецыфіку – навошта нешта мяняць і пачынаць усё спачатку? Тым, хто толькі прыйшоў працаваць у сельскую гаспадарку, раю наступнае: не трэба думаць, што недзе і некаму лепей і лягчэй, чым табе. Кожная прафесія патрабуе ўседлівасці і адпаведных адносін. І памятайце: праца на зямлі любіць адказных і добрых людзей.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о