Мне заўсёды падабаецца наведвацца ў самыя аддаленыя вёскі Петрыкаўшчыны. Пакуль едзеш на рэпартаж, то шмат чаго пабачыш, налюбуешся краявідамі (на гэты раз два зайцы дарогу перабеглі). Здаецца, у гэтых “далёкіх” вёсках і жыццё бяжыць куды павольней, і людзі тут асаблівыя, разважлівыя, працавітыя.

Лучыцы, Кашэвічы – унікальныя вёскі сваёй гістарычнасцю, таемнасцю, можна сказаць. Здаецца, ну што можа прыцягнуць увагу любога наведвальніка на палях гэтых мясцін? Менавіта маю ўвагу заўсёды прыцягвае прыроднае каменне, якога тут штогод не змяншаецца. Напэўна, яго “схавала” зямля яшчэ з ледніковага перыяду. Бывае, сустрэнеш валуны вагой пад тону. Такі на гэты раз я пабачыла ва ўрочышчы “Корань”, што па левы бок Лучыц. Механізатары нават пажартавалі, каб я забрала яго з сабой у кішэню.

Знаходзяць спакой у працы
Анатоль Гапончык

А яшчэ, разумеючы, што губляць са мной час на размовы няма калі, сустрэлі мяне “прывітальным”:

– Вам што, у Петрыкаве свайго пылу не хапае, прыехалі наглытацца нашага?

Сапраўды, трактар з сеялкай можна заўважыць здалёк па клубах пылу, якім дыхаюць механізатары штодзень. Што ж, пахаладала, але добрыя дажджы так і на прамачылі землі Петрыкаўшчыны. Вільгаці няма, і як зазначаюць самі механізатары, раней у гэты час выходзілі на нарыхтоўку травастою, а тут ён яшчэ належнай вышыні і шчыльнасці не набраў. Падмарозіла і першыя раннія ўсходы кукурузы. Шкада руплівай працы і затрачаных сродкаў. Усё ж, напэўна, варта не спяшацца з сяўбой гэтай цеплалюбівай культуры. Дарэчы, кукурузу працягваюць сеяць у КСУП “Кашэвічы” Мікалай Бузаноўскі і Аляксей Шпалак.

Уладзімір Сарочык кожную вясну заняты на сяўбе ранніх яравых і зерневых. Вось і сёлета яго не прамінула гэта работа. Цяпер дасявае адналетку і перасядзе на КВК, на якім будзе скошваць “зялёнку”.

Уладзіміру Васільевічу 42 гады, 14 з іх ён працуе ў кашэвіцкім сельгаспрадпрыемстве. Сам з вёскі Капцэвічы Лучыцкага сельсавета. Жонка Вера працавала ў галіне гандлю, пазней – даяркай. А цяпер у яе другая не менш важная місія – жанчына па доглядзе за маленькім сыночкам. Мацвею трэці гадок пайшоў. А вось старэйшай дачцэ Анастасіі ўжо дзевятнаццаты. Дзяўчына пасля каледжу працуе тэхнолагам хлебапрадукцыі на хлебазаводзе ў Петрыкаве. Вось такі ўзроставы разрыў паміж дзецьмі атрымаўся. Але Уладзімір Васільевіч не ўтойвае сваёй радасці, што ў сям’і нарадзіўся сынок. Сіл яшчэ ўдосталь, каб падняць дзіця на ногі.

Знаходзяць спакой у працы
Уладзімір Сарочык

Вось толькі з заробкамі тут слабавата: не стану называць лічбу, скажу толькі, што пражыць сям’і на такія сродкі вельмі цяжка. Дапамагае хіба што аматарства Уладзіміра Васільевіча – паляванне і рыбалка. У вольны час мужчына здабывае трафеі.

Расказаў Уладзімір Сарочык, што ў гаспадарку прыйшлі новы зернеўборачны камбайн і КВК. На апошнім заняты будзе Андрэй Шпігановіч, а вось Уладзімір Васільевіч працягне работу на сваім, правераным часам.
Працоўны дзень механізатараў з 8 да 20 гадзін. Раней падсілкоў-валі абедамі, цяпер людзі бяруць паёк з дому.

Побач з Уладзімірам Сарочыкам працуе Анатоль Гапончык – мужчына ва ўзросце. Падзяліўся Анатоль Іванавіч, што таксама родам з Капцэвіч. У КСУП “Кашэвічы” заняты шэсць гадоў. Раней працаваў у Капаткевіцкай ПМК-67. З сям’ёй не пашанцавала, разышліся. Але з дачкой, якая пражывае ў Расіі, Анатоль Іванавіч адносіны падтрым-лівае. Гэта і цепліць яго душу.

Да трактара “Беларус-1221” прычэплены бункер з насеннем. Ён змяшчае 3,4 тоны насення. Гэта для “падзапраўкі” сеялкі, на якой заняты Уладзімір Сарочык.
Мне было прыемна пагутарыць з механізатарамі, але разумела, што ў іх шмат больш важных спраў. Таму добрага настрою і няхай не трапляецца на шляху тое каменне, ды не псуе тэхніку!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о