Да нядаўна праведзенага Дня дэпутата ў Камаровіцкім сельсавеце рыхтаваліся ўсе: дапамогу старшыні Любові Рыбалка аказвалі яе калегі – старшыні сельсаветаў Петрыкаўшчыны, а таксама кіраўнікі структурных падраздзяленняў, размешчаных на камаровіцкай зямлі, і, зразумела, дэпутаты мясцовага Савета.

Знаходзіць у справах інтарэс

Усё ж тое, што было зроблена да гэтага мерапрыемства: усталяванне новай агароджы на цэнтральных вуліцах, навядзенне санітарнага парадку на прылягаючых тэрыторыях сацыяльна значных аб’ектаў – застанецца яшчэ на працяглы час. Але і дагэтуль тут было зроблена нямала. За тры з лішкам гады старшынства Любові Мікалаеўны маштабная работа была праведзена па зносе пустуючых і лядашчых дамоў. Як ні сумна, але людзі паміраюць, з’яз-джаюць з вёсак, а сядзібы сірацеюць. Больш за паўсотні іх тут было знесена, участкі пасля зносу былі прыведзены ў належны выгляд і перададзены сельгаспрадпрыемству для далейшага мэтавага карыстання. Прыемна адзначыць, што ўвесну і летам на гэтых пустках красавалася свірэпіца, пазней – кукуруза.

Са слоў Любові Мікалаеўны, вялі-кую дапамогу ў гэтай справе ёй аказалі і аказваюць дэпутаты Камаровіцкага сельсавета. Добрыя словы старшыня сельсавета выказвае на адрас Ларысы Талецкай, Марата Каліны, Ірыны Байковай і іншых. Не абыходзіцца ніводная добрая справа без стараст вёсак: Галіны Касінскай, Сяргея Гуткоўскага, Марыі Байковай, Таццяны Бакун.

Пра кожнага з іх мы распавядалі на старонках нашай газеты. А вось пра маладога дэпутата, інжынера-механіка ААТ “Камаровічы” Сяргея Барткевіча неяк не даво-дзілася.

Пры сустрэчы з Сяргеем Сяргеевічам адразу зразумела, што хваліцца сваімі заслугамі ён не будзе. Сціплы вясковы мужчына, добры гаспадар і сем’янін. Ён у кожнай даручанай справе бачыць цікавасць і жаданне зрабіць для сваёй малой радзімы нешта карыснае і добрае.

Маці Сяргея Сяргеевіча – Галіна Васільеўна – адпрацавала ў Камаровічах паштальёнам, бацька – Сяргей Мікалаевіч – вадзіцелем у мясцовай гаспадарцы. Акрамя Сяргея ў сям’і выхоўваліся яшчэ дзве дачкі. Яны цяпер дарослыя і самастойныя: адна ў сталіцы, другая пражывае ў Мазыры.

Сяргей знайшоў сабе прымяненне тут, хаця была магчымасць уладкаваць жыццё па-іншаму. Сам шкадуе цяпер, што не застаўся пасля праходжання тэрміновай службы ў паветрана-дэсантных войсках у Брэсце на службу па кантракце. Некаторы час працаваў у сталіцы, але ўсё ж Камаровічы паклікалі назад. Спецыяльнасць тэхніка-механіка набыў у Буда-Кашалёўскім каледжы і пайшоў працаваць у сельгаспрадпрыемства.

Тут сустрэў і сваё асабістае шчасце: жонка Аляксандра родам з суседніх Навасёлак. Па спецыяльнасці – выхавацель. Яна і цяпер, знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за малодшым дзіцям, дома не ўседжвае: наведваецца ў школу, каб весці з дзецьмі гурткі. У Аляксандры і Сяргея два сыночкі – Максім і Мацвей. Клопатамі пра іх і жывуць маладыя бацькі. Маладой сям’і Сяргея і Аляксандры восем гадоў.

Сяргей Сяргеевіч у дзень нашай сустрэчы значыўся ў водпуску, але не прамінуў наведацца на мехдвор, каб паглядзець, як абстаяць справы.

– Галоўнага інжынера няма, таму ўсе працэсы трэба кантраляваць мне, – адзначыў суразмоўца. – Варта адзначыць, што тэхніка наша больш за 70% на лінейцы гатоўнасці. Ёсць на чым выйсці ў поле хоць заўтра. На рамонце пакуль адна сеялка і дыскі, але гэта выправім. Усе патрэбныя запчасткі кіраўнік нашай гаспадаркі Ларыса Талецкая набывае, праблем не ўзнікае. Адзінае, што механізатараў у нас недастаткова: на аднаго чалавека прыпадае па 2-3 адзінкі тэхнікі.

Што датычыць дэпутацкай дзейнасці, то для вяскоўцаў раблю, што магу. Тэхніку люблю, трактар свой ёсць і ўвесь прычапны інвентар. Зямлю ўзараць, бульбу апрацаваць – гэта мая звычайная справа.
Да таго, дзе што прадыскаваць, калі звяртаецца Любоў Мікалаеўна, таксама не адмаўляю. Ды і мотакасу ў цёплы час года з рук не выпускаю: вуліцы павінны быць падкошаныя.

Я пажадала Сяргею Сяргеевічу поспеху і добрага насычанага адпачынку.

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о