Далёка не кожная сучасная дзяўчына можа пахваліцца, што кіравала камбайнам. Наш карэспандэнт Наталля Чарняўская ўпершыню адчула некаторыя тонкасці ўборачнай справы. А дапамагаў ёй у гэтым механізатар “КСУП “Капаткевічы” Руслан Качэля.

Змагар  за ўраджайРуслан – сапраўдная зорка нашага раёна. Ён не толькі перадавік вытворчасці ў сельскай гаспадарцы, але і папулярны блогер на YouTube, мае ўласны канал з 13,5 тысячамі падпісчыкаў.

На канале “Проста Руслан” ён дзеліцца сваімі працоўнымі буднямі, распавядае пра трактары і камбайны, іх рамонт, а таксама пра некаторыя моманты асабістага жыцця. Ён фанат сваёй справы і не бачыць сябе ў іншай сферы. У мінулым годзе яго імя было занесена на Дошку гонару за высокія паказчыкі ўборкі ўраджаю ў раёне, а ў гэтым – імкнецца пабіць уласны рэкорд.

Руслана мы заспелі на звыклым месцы – у полі за Капаткевічамі, што ў бок да Чалюшчавічаў. Як раз у дзень нашага прыезду ён убіраў рапс.
– Мой верны памочнік – зернеўборачны камбайн КЗС-1218 “Палессе GS12” – высокапрадукцыйны камбайн з малацільна-сепаравальнай прыладай шырынёй 1500 міліметраў, – з гонарам распавёў Руслан.

Змагар  за ўраджай– Вам гэта наўрад ці пра нешта скажа, – заўважыў ён здзіўленне на маім твары. – А для мяне машына – сапраўдны сябар.
– Зараз мы ўбіраем рапс, – працягнуў Руслан. – Яго выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы, каб даць зямлі “адпачыць”. У справу ідуць усе часткі расліны, гэта практычна вытворчасць без рэштак. Галоўны прадукт, які атрымліваецца пасля адціскання насення, – рапсавы алей. Жмых пасля водціску ідзе на корм жывёле. Зялёная маса – таксама выдатны корм, асабліва ранняй вясной.
Мне, механізатару, трэба быць вельмі дакладным і ўважлівым – невыкананне тэрмінаў і правілаў камбайнавання, вычышчэння і захавання зерня могуць прывесці да значных страт ураджаю, – разважае наш герой-камбайнер.

Як распавёў дырэктар КСУП “Капаткевічы” Аляксандр Пінчук, на ўборцы Русланам Качэлем намалочана 40 тон рапсу пры сярэдняй ураджайнасці 10 цэнтнераў з гектара, 85 тон ячменю пры сярэдняй ураджайнасці 27 цэнтнераў з гектара, 90 тон трыцікале пры сярэдняй ураджайнасці 31 цэнтнер з гектара.
– У наступны аўторак мы будзем святкаваць “Зажынкі”. У поле выйдзе 5 камбайнаў – для іх закуплены дадатковыя запасныя часткі. Якімі будуць зажынкі, такі будзе ўраджай. А спадзяемся мы на лепшае, – канстатаваў Аляксандр Іосіфавіч.

Змагар  за ўраджайРуслан устае ў 5 раніцы і ўжо ў 6 – ён на працы. Дадому прыходзіць а 9-й гадзіне вечара, а то і ў 11. Спачатку правярае тэхнічны стан машыны, без гэтага ў полі ніяк, трэба агле-дзець камбайн, падкруціць і падвінціць штосьці, а потым – на перадавую.

Пасля непрацяглай паўзы Руслан прапанаваў нам з фотакарэспандэнтам пракаціцца ў кабіне: “А чаго саромецца, месца на ўсіх хопіць. У мяне і кандыцыянер ёсць”.
– Працы хапае заўсёды! – сцвярджальна ківае Руслан, кіруючы камбайнам. – Усё лета я практычна на прыродзе, атрымліваю асалоду ад пейзажаў роднага раёна. Прыгожая ў нас краіна. А ў сек’юрыці ў мяне буслы! Вось паглядзіце, якія прыгажуны лётаюць. Ім тут раздолле. Буслы – гэта нашы сябры, называем іх галоўнымі аграномамі. Іншы раз іх у полі больш за сто штук збіраецца. Яшчэ толькі на поле заедзеш – яны ўжо чакаюць, бо пасля ўборкі з травы адразу вылезуць жабы, змеі і іншая іх ежа.

А потым Руслан прапанаваў мне… сесці на яго месца. Пагадзі-лася, не разважаючы. Калі яшчэ надарыцца такі выпадак! Машына спачатку туды-сюды тузалася ад майго рэзкага кіравання, а потым супакоілася. Адзначу, што рулявое тут значна адчувальней, чым у легкавым аўтамабілі, ва ўсялякім разе, мне так падалося.
На другім крузе машына стала яшчэ лепш слухацца, але Руслан адзначыў, што спраўляюся я на цвёрдую шасцёрку. Вядома, мой вобраз дзяўчыны з манікюрам неяк не прымальны ў дадзенай абстаноўцы, але паспрабаваць адназначна было варта!

Змагар  за ўраджай Змагар  за ўраджай Змагар  за ўраджай Змагар  за ўраджай Змагар  за ўраджайЦікаўлюся, ці ёсць сярод камбайнераў жанчыны:
– Жанчыны ёсць у раёне, але ў КСУП “Капаткевічы” – не. Толькі, бывала, дазваляў “паруліць” нашым бухгалтарам, маладым спецыялістам. Мне – час адпачыць, а ім – свайго роду прыгода. Ды і сорамна, працаваць у сельскай гаспадарцы і ні разу не паспрабаваць убраць ураджай.

Што ж, прызнаюся, уражанняў ад кіравання камбайнам мне хопіць надоўга, думала я, пакідаючы агрэгат. Ёсць свая рамантыка працы ў полі. Нешта падобнае я бачыла хіба толькі ў фільмах. Ёсць асаблівыя неверагодныя пачуцці… яркае сонца, цёплае духмянае паветра, велічныя палі і ты, маленькая і далікатная, кіруеш гіганцкай машынай. Калега ўжо ўсур’ёз ахрысціў мяне палескай амазонкай, я на памяць зрабіла сабе пару здымкаў з камбайнам – буду здзіўляць гламурных сябровак у instagram.

Пра Руслана скажу, што ён сапраўдны герой жніва, які якасна і з душой выконвае сваю працу. Днямі ён набыў сабе новы матацыкл, кажа, даўно марыў. Тым больш, зараз заробак дазваляе. Значыць, у механізатара ўсё добра і нам застаецца толькі пажадаць яму і яго сям’і поспехаў і здароўя!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о