Халодны пачатак верасня неяк ускалыхнуў гаспадароў прыватных сядзіб: у астылай хаце наўрад ці сон возьме. Ды і за дажджамі грыбоў у лесе нарасло… проста спатыкаешся. Хочаш не хочаш, а печ давядзецца паліць. Грыбны водар стаіць цяпер амаль у кожнай хаце. У гэтым мы ўпэўніліся, калі выйшлі з аглядавай камісіяй Галубіцкага сельсавета.

Дарэчы, старшыня сельвыканкама Уладзімір Аляксандраў не знаходзіць сабе заспакаення ў чарговым водпуску. Добра ведае, што трэба яшчэ зазірнуць у хаты адзінокапражываючых вяскоўцаў. Менавіта гэтая катэгорыя грама-дзян сёлета  тут абследавана толькі напалову, а іх 147 чалавек.

Усяго ў Галубіцкім сельсавеце налічваецца 373 домаўладанні, дзе пражываюць людзі з так званай групы рызыкі. Без уліку тых сядзіб, што мы наведалі з аглядавай камісіяй 7 верасня, абследаваны былі ўжо 229. На сто працэнтаў з гэтай колькасці завіталі ў шматдзетныя сем’і, якіх 11, сем’і, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, іх 45. Адзінокія грамадзяне таксама ў спісе наведаных.

1

Што датычыць выяўленых фактаў парушэння правіл пажарнай бяспекі і тых, што ўяўляюць небяспеку для пражывання, то па эксплуатацыі пячнога ацяплення такіх было 7, электраправодкі – 6. Дарэчы, яны ўжо выпраўлены.

Абмяркоўваючы адрасы наведвання аглядавай камісіяй, паступіла прапанова завітаць да галубічанкі Ірыны Вольскай. У жанчыны на выхаванні двое дзяцей: адзін школьнік, з другім яна ў так званым дэкрэтным адпачынку. Сям’я стаіць на ўліку як сацыяльна небяспечная. Я была прыемна здзіўлена, што двор Ірыны дагледжаны, у хаце таксама парадак. Жанчына пражывае з сужыцелем. Трымаюць гаспадарку: прыгажуноў-індыкаў надзейна ахоўвае “каўказскі” чатырохлапы вартаўнік.

Што ж, добра, калі ўсё добра: дзеці накормлены, у школу сабраны і адпраўлены, дровы і гародніна на зіму нарыхтаваны. Няхай бы паменш было такіх сігналаў, то і аглядавым камісіям работы паменшала б.

Завіталі да Алены Хавуставай, бо тут і сын пяцікласнік, і дачка, маці-адзіночка, з унукам. Парушэнняў пажарнай бяспекі ў домаўладанні не выявілі.

Далей маршрут быў накіраваны ў вёску Вышалаў. Участковы інспектар Яўген Дамасевіч і слова не сказаў, што мы завіталі ў хату да яго бабулі, якая пражывае сама. Дарэчы, Кацярына Дамасевіч паважанага ўзросту, 1931 года нараджэння. Па суседстве жыве адна і яе сястра Марыя Занкевіч. У абедзвюх парадак з грубкамі, у жылых пакоях усталяваны пажарныя апавяшчальнікі.

У складзе камісіі ў гэты дзень прымалі ўдзел і фельчар Туроцкага ФАПа Валянціна Драбовіч, сацыяльны работнік Ніна Смірнова. Кожны пажылы чалавек жанчынам тут вядомы і праблемы іх не застаюцца без увагі. Перш за ўсё фельчар пытала пра здароўе, паспявала змерыць ціск, пакласці ў рот, як дзецям, патрэбную таблетку. Сталым людзям вельмі важны такі клопат і яны заўсёды рады гасцям. Цяжка, канечне, бачыць, што старыя жывуць у адзіноце. Нават калі ў некаторых ёсць дзеці і ўнукі, то не ўсе праяўляюць клопат пра іх.

2

Мікалай і Валянціна Хальчэні інваліды 2 групы, былыя педагогі, паважаныя людзі ў вёсцы. Прыемна было пабачыць адрамантаваныя грубку і печ, надзейную электраправодку. Але ёсць яшчэ праблемы. Так, патрабуе рамонту грубка ў Ганны Батан, няма прытопачнага ліста каля грубкі ў Праскоўі Дамасевіч. У наведаных у гэты дзень Ніны Маёравай і Лідзіі Дамасевіч заўваг выяўлена не было.

Час да сапраўдных халадоў яшчэ ёсць. І кожны гаспадар павінен праверыць свае ацяпляльныя прыборы, каб зімаваць утульна і бяспечна.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о