Неяк быў у мяне сабачы тыдзень. Не, не ў тым сэнсе, што, маўляў, цяжкі і нервовы, а таму, што тройчы ў розных сітуацыях сутыкнуўся з гэтымі жывёламі.

Першы раз, калі зноў з велізарным задавальненнем паглядзеў камедыю Леаніда Гайдая “Брыльянтавая рука”, дзе ў адным з эпізодаў феерычная “ўпраўдомка” ў выкананні Ноны Мардзюковай на скаргі аднаго з жыльцоў пра тое, што няма дзе выгульваць сабак, адказала, што гэта на Захадзе сабака – сябар чалавека, а ў нас самы лепшы таварыш – гэта домакіраўнік.

Другое маё спатканне з, напэўна ж, сябрам чалавека адбылося ў пад’ездзе дома, куды, карыстаючыся выпадкам, што жыльцы ў чарговы раз зламалі даводчык на дзвярах, хадзіла грэцца сабачаня. Трэба сказаць, што, па маладосці цікаўнае, яно нават заходзіла да другога паверху і раскашавала там на мяккім дыванку ля дзвярэй у кватэру.

  • Згодна з артыкулам 15.47 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях парушэнне правілаў утрымання сабак, катоў або драпежных жывёл цягне папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры ад 1 да 15 базавых велічынь. Калі гэта парушэнне стала прычынай нанясення шкоды здароўю або маёмасці людзей, то вінаватаму выносіцца папярэджанне або на яго накладаецца штраф у памеры ад 1 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт.

Ну і, нарэшце, трэцім разам… лепшым часам? Сабачы бас пад вокнамі разбудзіў у чатыры раніцы. Штосьці, відаць, набалела ў чатырохлапага, што брахаў без супынку хвілін пятнаццаць, пакуль хтосьці не прагнаў яго.

Жыццё сабачае

…А на адміністрацыйнай камісіі ў райвыканкаме зноў разглядалі пратакол за неналежнае ўтрыманне хатніх сабак. Камаровіцкая пенсіянерка чамусьці тройчы не выканала прадпісанне мясцовай улады пра неабходнасць трымання жывёліны ў двары сядзібы, і тая (хоць колькі яе ёсць – з падрослае кацяня памерам) бегае па вуліцы і, можа, нават пужае мінакоў. Але факт парушэння закона ёсць, таму трэба адказваць.

  • Сёлета за неналежнае ўтрыманне хатняй жывёлы былі прыцягнуты да адказнасці жыхары Камаровіцкага, Колкаўскага, Капцэвіцкага сельскіх саветаў, трое петрыкаўчанаў. Некалькі адміністрацыйных спраў яшчэ знаходзіцца на разглядзе.

Звычайна пры першым падобным выпадку і пры нязначнасці парушэння члены камісіі абыходзяцца простым папярэджаннем вінаватага гаспадара, а тут відавочнае ігнараванне патрабаванняў прадстаўніка сельвыканкама, таму пакаранне з мэтай больш жорсткай прафілактыкі – адна базавая велічыня, дваццаць чатыры з паловаю рубля.

Скажу шчыра, што падобныя факты сталі сустракацца ўсё часцей. І многія з іх становяцца фігурантамі разгляду скарг і заяў, што паступаюць у органы мясцовай улады і праваахоўныя структуры ад грамадзянаў. Кагосьці сабака, выскачыўшы з-пад брамы, напужаў, дзесьці пацярпелі козы (як гэта было ў Колкаўскім сельсавеце), а хтосьці, крый Божа, залечвае раны ад пакусаў. Тут ужо аб’ектыўна прымаеш бок пацярпелага, бо ні сам ад падобнага не застрахаваны, ні дзіця нельга бесклапотна адправіць у школу. А як здарыцца сабачае “вяселле”?

Літаральна кожны год, з рознай перыядычнасцю такая тэма гучыць на ўсіх узроўнях. Паратунку няма ні дзецям, ні дарослым, ні худобе на фермах. Разам шукаюць законныя спосабы вырашэння праблемы кіраўнікі сельвыканкамаў, участковыя міліцыянеры, камунальшчыкі, нават членаў таварыства паляўнічых прыцягвалі было на дапамогу. Бадзяжную жывёлу адстрэльвалі, выбіраючы меншае зло, усыплялі, лавілі сеткамі. Апошняе толькі ўмоўна было па-чалавечы, бо затым сабак, за якімі не прыйшлі гаспадары, усё роўна забівалі.

  • Правілы ўтрымання дамашніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь зацверджаны пастановай Савета Міністраў № 834 ад 4 чэрвеня 2001 года.

І трэба сказаць, што і дасюль гэтая праблема ўсё яшчэ застаецца праблемай. Усё яшчэ рытарычна гучаць пытанні: “Што правільна: і далей цярпець бадзяжных сабак і катоў побач з намі ці нейчым чынам іх трэба ізаляваць?” “Ці гатовы мы небагаты бюджэт выдаткоўваць і на ўтрыманне гадавальніка для сабак?” і падобныя.

І, мне падаецца, у гэтым плане не ўсе акалічнасці намі ўлічаны. Не накінуліся мы ўсім светам на, напэўна, самую галоўную з іх, якая… ў нас саміх, у нашым стаўленні да хатняй жывёлы, у нашай прынцыповасці, нашай выхаванасці. Вось давайце зірнём: шмат бачылі на вуліцы горада, не кажу ўжо пра вёску, сабаку, якога гаспадар выгульвае з намыснікам? А на прыватных сядзібах заўсёды чатырохлапага вартаўніка трымаюць у вальеры ці на ланцугу? Каля жывёлагадоўчых фермаў усе сабакі і каты бадзяжныя, ці ў многіх выпадках усё ж яны тут, што называецца, на гаспадарчым забеспячэнні, якое “прапісаў” для сваіх гадаванцаў іх гаспадар, а па сумяшчальніцтве які-небудзь даглядчык, даярка ці загадчык фермы?

  • У 2017 годзе сабака напужаў жанчыну, якая ехала на веласіпедзе. У выніку яна ўпала і зламала руку.

Пытанні, пытанні…

Камусьці з нас сабака і сапраўды сябар, камусьці – забава, а некаму – сродак даходу. І гэта ўсё зразумела, усё правільна. Толькі вось галоўнае правіла мы не павінны забываць. Пра яго па-дзіцячы шчыра мовіў Маленькі прынц з аднайменнай казкі Экзюперы: “Мы адказныя за тых, каго прыручылі!”

…Хіба што можа апраўдаць нашу жорсткасць?

У. ЕСІПАЎ.

Фота аўтара.

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о