Быў такі савецкі лозунг “Все профессии нужны, все профессии важны”. Канешне і тады сярод грамадскасці існавала нейкая градацыя прэстыжу той ці іншай працы. Як доказ – разважанні Людмілы, гераіні кінастужкі “Москва слезам не верит”, якую бліскуча выканала Ірына Мураўёва. Ну памятаеце, дзе ў яе спіс “інтэлегентных жаночых прафесій” трапілі ўрач, настаўніца музыкі і мастак-мадэльер? Такі падыход да жыцця, калі прафесія абіралася не з цікавасці ці пачуцця карысці для грамадства, а па знешніх крытэрыях, у тыя часы нібы падкрэсліваў лёгкадумнасць гераіні. Зараз жа нічога заганнага пра такі выбар будучыні сказаць нельга.

Больш сумная карціна вымалёўваецца ў дачыненні да працоўных прафесій. Неаднойчы назіраў, як бацькі павучалі сваіх дзяцей: “Не будзеш вучыцца – станеш трактарыстам”. І справа тут напэўна не ў заробках (у моцных гаспадарках працалюбівыя механізатары атрымліваюць нядрэнныя грошы), а хутчэй у пазначэнні нейкага замкнёнага кола. Маўляў, бу-дзеш з ранку да вечара ў полі, ні свету белага не пабачыш і сябе людзям не пакажаш, не адпачнеш нармальна, ды што казаць, нават паспаць лішнюю гадзіну-другую не давядзецца. У давесак да несуцяшальнай карціны ўзнікае пужаючая многіх маладых людзей асацыяцыя: трактар – сельгаспрадпрыемства – правінцыя. І ўсё, гамон! Жыццё на гэтым быццам бы і скончылася.

Наўрад ці з гэтым можа пагадзіцца Руслан Качэля – малады механізатар, перадавік, блогер.

Паглядзець канал можна тут.

Пра сябе мужчына распавядае шчыра і проста: “Сам я родам з Курыцічаў. Маці, Людміла Уладзіміраўна працавала ў школе тэхнічным работнікам, бацька Сяргей Леанідавіч, які, на жаль, ужо памёр, быў трактарыстам. Дарэчы, і абодва дзядулі мае былі механізатарамі, атрымліваецца дынастыя. Напэўна ад іх мне і перадалася любоў да зямлі і тэхнікі.

Колькі сябе памятаю, столькі і ездзіў з татам па палях. Спачатку з цікавасці ды дзеля забавы. Калі пачаў падрастаць – намагаўся сам навучыцца і ва ўсім бацьку дапамагчы. Правы кіроўцы аўтамабіля атрымаў яшчэ ў час навучання ў школе, на вучэбна-вытворчым камбінаце. Потым здаў на права кіравання трактарам. У арміі мая служба таксама была звязана з тэхнікай.

У 2011 годзе ўладкаваўся механізатарам у КСУП “Курыцічы”. Потым працаваў некалькі гадоў у райаграсервісе. Па рабоце я наведаў мноства гаспадарак. Больш за ўсё спадабалася мне ў КСУП “Капаткевічы”. Гэта сельгаспрадпрыемства падалося самым цывілізаваным – належна абсталяваныя майстэрні, добры стан тэхнікі, годныя ўмовы працы, побач крама і сталоўка. Дамовіліся пра працаўладкаванне. Адразу адзначу, мне не абяцалі залатыя горы, ды і я разумеў: каб мець годны заробак, трэба адпаведна працаваць, – адзначыў Руслан Качэля.

Першы год малады механізатар быў заняты гаспадарчымі работамі на фермах. Паралельна абжываўся ў новым доме, што прадаставіла гаспадарка. У наступным сезоне працаваў ужо ў полі, дзе можна было праявіць сябе. З таго часу Руслан Сяргеевіч нязменна намалочвае больш тысячы тон зерня за сезон і з’яўляецца перадавіком сельскагаспадарчай галіны раёна і вобласці.
Дома мужчыну чакаюць жонка Валянціна, што працавала прадаўцом, а зараз знаходзіца ў адпачынку па доглядзе за палутарагадовым малодшым сынам Яраславам. Старэйшаму сыну Уладзіславу 8 гадкоў. На пытанне, як бацька ставіцца да таго, што хтосьці з дзетак абярэ шлях аграрыя, мужчына ўсміхаецца: “Калі такая праца будзе сынам даспадобы я, канешне, не супраць. Рады буду навучаць, раіць, дапамагаць”.

Што тычыцца адпачынку, то амаль увесь вольны час механізатара займаюць справы на ўласным падворку. Але ёсць адно захапленне, што вылучае яго сярод землякоў – youtube-канал “Просто Руслан”, што налічвае 10,8 тысяч падпісчыкаў, сярод якіх такія ж механізатары і аматары сельскагаспадарчай тэхнікі. Як адзначае сам блогер, усё пачалося гады тры таму. Праглядваючы старыя фотакарткі Руслан падумаў, што нядрэнна было б захаваць памяць пра паўсядзённае жыццё і пачаў выкладваць ролікі на відэахостынг.

Жыццё Руслана на YouTube-канале

– Проста хацелася праз гадоў 20-30 паглядзець на сябе, узгадаць чым займаўся. Пра падпісчыкаў, на той час, я не думаў. Але неўзабаве ў канала з’явілася свая аўдыторыя, людзі пачалі цікавіцца як і з чаго я сабраў самаробны трактар, якім чынам рамантую тыя ці іншыя агрэгаты сельскагаспадарчай тэхнікі. Сярод аматараў блогу ёсць нават школьнікі, што цікавяцца як кіраваць трактарам, правільна араць глебу. Што да геаграфічнага ахопу канала, то гэта, канешне, рускамоўныя гледачы. Каля 60% ад амаль 11 тысяч чалавек прыпадае на беларусаў і расіян, астатнія 40% падзяляюць жыхары постсавецкіх рэспублік, у большасці сваёй з Казахстана, Прыбалтыкі і Малдовы.

Цяпер многія ролікі я здымаю менавіта па просьбе сваіх гледачоў. Зразумела, што прыпыняць ці пакідаць гэтую справу ўжо не варта – чарговых відэа з карыснымі парадамі чакаюць людзі – падзяліўся механізатар.
Валянціна спачатку скептычна ставілася да новага захаплення мужа. Потым звыклася, а зараз, калі героем відэа час ад часу становіцца старэйшы сын, і сама трошкі “захварэла” блогінгам. Трапляць у кадр яна не любіць, але сочыць за колькасцю падпісчыкаў, іх каментарыямі, прапановамі і пытаннямі.
Паступаюць Руслану Сяргеевічу і чарговыя прапановы пра працаўладкаванне. Апошнім часам звалі на Міншчыну, а адна сталічная кампанія запрашала працаваць кіроўцам цягача па краінах Еўропы. Але змяняць месца жыхарства і прафессію аграрыя мужчына не спяшаецца, бо лад жыцця задавальняе. Тут яго малая радзіма, тут сябры. Тут ён абжыўся і гадуе дзяцей, адчувае сваю справу карыснай і уласным вопытам пераконвае, што палеская правінцыя не перашкаджае самарэалізацыі.

Я прапанаваў Руслану звярнуцца да тых маладых людзей, што прыглядваюцца да аграрных спецыяльнасцяў, але не могуць пакуль канчаткова вызначыцца апасаючыся, што вясковае жыццё іх паглыне. “Не буду заклікаць усіх у сельскую гаспадарку, грошы хлебароба сапраўды лёгка не зарабляюцца. Але калі перад вамі паўстае пытанне выбару – паспрабуйце сябе ў розных галінах. Нядрэнна атрымаць і дзве розныя спецыяльнасці. А рабіраць, пэўна, варта тое, што больш падабаецца”.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о