Усё ў нашым жыцці цыклічна. Быў час, калі галоўнай каштоўнасцю для асобна ўзятага чалавека была зямля, лес, рака, якія кармілі, апраналі, грэлі. Цяпер іншы час, і ў іншым месцы, іншымі сродкамі чалавек знайшоў ежу, вопратку, цяпло і свой кавалак раскошы.

Касішча, Таргашын, Бярозаўка, Слінкі, Старына, Серп, Шастовічы – спіс вёсак нашага раёна, апошняя старонка якіх перагорнута, на жаль, можна працягваць. І нельга вытлумачыць, чаму адны маюць шматтомную гісторыю, напісаную стагоддзямі, іншым лёс адмераў не больш ста гадоў. І месцы гэтыя багата адораныя прыродай на скарбы і прыгажосць, але не трымае тое людзей, ідуць туды, дзе праца аплочваецца, камунікацыі праведзены, умовы створаны. Зразумела. Кволая надзея на тое, што яшчэ адна старонка вёскі пішацца, з’яўляецца, калі бачыш, што старыя бацькавыя і дзедавыя сядзібы становяцца дачамі для іх нашчадкаў.

Вёска Вялаўск піша нават не новую старонку, а вялікую главу, датаваную 2016 годам. Менавіта ў гэты год з бласлаўлення Тураўскай епархіі тут з’явілася абіцель веры – скіт Ражство-Багародзічнага Юравіцкага мужчынскага манастыра ў гонар іконы Божай Маці “Спаручніцы грэшных”.

Шлях схііераманаха Марка быў доўгім, пакуль прывёў яго сюды, у вёску, дзе людзі гублялі веру ў Бога і сябе. Чаму Вялаўск? Неяк казаў, што Бог яго сюды паклікаў. Месца ціхае, што і трэба для манашаскага скіта, дзе служка Бога не сам ідзе ад свету, а выганяе свет з сябе, знаходзіць цэласнасць сваёй прыроды.

Матуля Марка Яхнаўца нарадзілася ў Вышалаве, жыла сям’я ў Жыткавічах. Доўгі час сам Марк жыў у Расіі. Апошнім часам служыў у Беларусі, будаваў храмы, усяго восем абіцеляў Божых на яго рахунку цяпер.

Купіў дом у Вялаўску, у двары якога і пачаў будаўніцтва скіта. Патрэбна было пяць гадоў працы на будоўлі і з жыхарамі вёскі, каб сэрцы іх адкрыліся для Бога.

Цяпер дзверы скіта адчынены для кожнага. Сюды ідуць стомленыя і змучаныя душою людзі, едуць вернікі здалёк. Невялікія памеры скіта не заўсёды могуць умясціць усіх, хто ідзе пакланіцца “Спаручніцы грэшных”, прыходзіць на споведзь да схііераманаха, у чые сэрцы Бог дагрукаўся.

Ад аповеду пра яго ўласна айцец Марк адмовіўся. А пра людзей, вернікаў напісаць дазволіў.

Мясцовыя жанчыны з асаблівымі ноткамі ў голасе гавораць пра свайго духоўнага настаўніка. Як вучыць, падказвае. Вялаўцы, паўгода адрэзаныя ад сувязі з раёнам, даўно развучыліся жыць па царкоўных канонах. І цяпер як старанныя вучні спасцігаюць навуку.

– Найперш айцец Марк патрабуе спавядання і прычашчэння, – расказвае верніца Таццяна. – Кажа, што Бог шэптам заве, а мы не чуем, а калі ўдарыць, самі бяжым да яго. Напэўна, і я так, калі здарылася бяда ў сям’і, стала спадзявацца толькі на Бога. І айцец Марк дапамог мне знайсці сілы і спакой, падказаў шлях. Першы раз з вялікім хваляваннем ішла на споведзь, каялася, і слёзы самі сабою ліліся. Потым адчула сябе светлай і лёгкай. Гэта толькі здаецца, што няма ў чым каяцца – не забіў, не ўкраў. А калі пусціш Бога ў душу, ён падкажа, як жыць у ладзе: можа, хрэсніка з днём нараджэння не павіншаваў, можа, не спытаў, ці патрэбна дапамога старому адзінокаму чалавеку, можа, адказаў злосцю на чужыя заганы.

З кожным годам усё больш вернікаў ідуць у скіт, многа прыезных. Праўда, заўважае схііераманах, мясцовых мужчын прыходзіць на службы мала. Маладыя матулі забываюць пра неабходнасць прычашчэння дзетак, больш часу і думак аддаюць побыту, а не зносінам з Богам.

За справай служэння айцец Марк не забывае і пра працяг будоўлі. Плануе ў хуткім часе заняцца ўзвядзеннем званіцы і мастка праз нізіну, што аддзяляе скіт ад пад’язной вуліцы.

У вёску вярнулася вера – у лепшае, светлае, добрае. Яна адчуваецца ў справах, словах, поглядах. Здаецца, нават паветра стала лягчэй, дыхаецца тут інакш.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Жыццё працягваецца з верай

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о