Маё знаёмства з Мікалаем Піскуном адбылося каля года таму. Яго ўнутраная сіла, жыццёвая мудрасць адразу прыцягнулі ўвагу. Я адзначыла для сябе, што ў земляка ёсць чаму павучыцца. Прайшоў час, і да мяне “дайшла” цікавая навіна: мой знаёмы адкрыў для сябе новае захапленне – пачаў пісаць вершы. Усё ў сукупнасці стала нагодай для сустрэчы.
Мікалай Уладзіміравіч – чалавек з глыбокай сувяззю з роднай зямлёй. Нарадзіўся ў вёсцы Вялаўск, пасля заканчэння школы, як і многія вясковыя хлопцы, вырашыў атрымаць прафесію, запатрабаваную ў сельскай гаспадарцы. Ён паступіў у Нараўлянскае прафтэхвучылішча, дзе вывучыўся на трактарыста. Атрымаўшы дыплом, Мікалай вярнуўся ў родны саўгас “Прыпяцкі”. Юнак хутка асвоіўся з тэхнікай, навучыўся на ёй працаваць. Не пакінуў выбраную справу і пасля службы ў войску.
– Уся мая прафесійная дзейнасць звязана з работай на зямлі, – кажа Мікалай Уладзіміравіч. – І я ніколькі не шкадаваў пра гэта. Праца ў сельскай гаспадарцы – цяжкая, але важная і патрэбная.
З першых хвілін размовы стала зразумела, што перада мной чалавек, які жыве поўным, шчаслівым жыццём. Асновай гэтага шчасця, з’яўляецца яго сям’я. З жонкай Валянцінай Іванаўнай разам ідуць у згодзе праз усё жыццё. Іх хаты стаялі насупраць адна адной, і, відаць, лёс ужо тады пачаў сплятаць іх шляхі. Спачатку гэта была простая сімпатыя, але пасля вяртання Мікалая з арміі яны пачалі сустракацца.
Валянціна Іванаўна прысвяціла свой працоўны шлях сацыяльнай сферы. Але, як падкрэсліў Мікалай, яны жылі не толькі асабістымі прафесійнымі клопатамі, але і шчыра цікавіліся справамі адзін аднаго, падтрымлівалі і дапамагалі.
У жыцці кожнага чалавека ёсць тое, што напаўняе яго сэрца гонарам. Для Мікалая Уладзіміравіча гэта яго тры дачкі: Наталля, Надзея і Людміла. І, хоць жывуць яны ў розных населеных пунктах, іх аб’ядноўвае любоў да бацькоўскай хаты і агульны высакародны выбар прафесіі. Усе трое выбралі шлях медыцынскай сястры, прысвяціўшы сябе клопату пра здароўе людзей.
Яшчэ адна крыніцай радасці для Мікалая Уладзіміравіча – яго восем унукаў.
– Гэта вялікае шчасце. Кожны ўнук – маленькая гісторыя, якая працягвае сямейны радавод, прыносячы новыя эмоцыі ў наш з бабуляй быт, – дзеліцца мужчына.
Жыццё – гэта не проста паток дзён, а чарада падзей, эмоцый, успамінаў. І часам, калі за плячыма ўжо шмат гадоў, адкрываюцца новыя грані. Чаму мужчына ў сур’ёзным узросце пачаў пісаць вершы?
– З узростам прыходзіць мудрасць. Багаж вопыту, які назапашваўся гадамі, патрабуе выхаду, з’яўляецца жаданне падзяліцца сваімі думкамі. Вершы для мяне сталі спосабам апрацаваць нейкія ўспаміны, расказаць пра тое, што бачу зараз. У мяне іх каля дваццаці. Я не паэт і разумею, што напісанае мною не адпавядае класічным паэтычным нормам і правілам, але кожны з вершаў для мяне адметны і мае сваю гісторыю. Кожны з іх ведаю на памяць, – дзеліцца суразмоўца.
На гэтым тыдні наш герой, пастаянны падпісчык “ПН”, адзначыў сваё 70-годдзе!
Мы сардэчна віншуем яго з такім юбілеем, калі мудрасць спалучаецца з жыццёвай энергіяй, а вопыт дазваляе глядзець на свет з асаблівай глыбінёй.
Здароўя вам і доўгіх гадоў жыцця, паважаны Мікалай Уладзімравіч!
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.








Оставить комментарий