У апошнюю пятніцу месяца адбылося пашыранае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта з удзелам намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях Генадзя Ласуты, пракурора Гомельскай вобласці Віктара Марозава і начальніка ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці Сяргея Паско.
Павестка дня была даволі насычанай, аднак разгляду і абмеркаванню аналітычнай інфармацыі папярэднічала віншавальнае слова на адрас начальніка раённага аддзела МНС Ігара Хацяновіча. Старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка выказаў падзяку Ігару Міхайлавічу за шматгадовую плённую працу і ўручыў грамату Петрыкаўскага выканаўчага камітэта.

Жыццё чалавека - галоўная каштоўнасць
Рабочая частка пасяджэння пачалася з даклада Сяргея Забажанава, галоўнага ўрача Петрыкаўскай ЦРБ, аб ходзе выканання мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016-2020 гады на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна за 8 месяцаў 2019 года. Сяргей Аляксандравіч пачаў з таго, што мэтай нацыянальнай праграмы з’яўляецца стабілізацыя колькасці насельніцтва і павелічэнне працягласці жыцця. А цяпер пра сітуацыю ў раёне ў лічбах: на 1 студзеня сёлета колькасць жыхароў раёна – 26369 (01.01.2018 – 27001). Нас стала на 632 чалавекі меней. Жыхароў працаздольнага ўзросту 12586, (01.01.2018 – 12874) – на гэты раз меней на 288.

Жыццё чалавека - галоўная каштоўнасць
Людзей старэйшых за праца-здольны ўзрост у нас – 32,9% – самы высокі паказчык у вобласці. Сярэдняя працягласць жыцця ў раёне за 8 месяцаў – 72,8 года (у 2018 – 73,1). Найбольшы паказчык агульнай смяротнасці адзначаецца на тэрыторыі Конкавіцкага, Навасёлкаўскага, Капцэвіцкага сельскіх Саветаў. Найменшая – у Мышанскім і Ляскавіцкім. У працаздольным узросце пераважае смяротнасць сярод мужчын. За 8 месяцаў бягучага года памерла 74 мужчыны і 9 жанчын. У структуры агульнай смяротнасці як у раёне, так і ў вобласці, і ў краіне пераважаюць хваробы сістэмы кровазвароту. Гэты паказчык звязаны ў першую чаргу з ладам жыцця пацыентаў, недастатковасцю міжгаліновага ўзаемадзеяння па стварэнні здароўезберагаючай прасторы, адсутнасцю мэтанакіраванай работы з фактарамі рызыкі. Сяргей Забажанаў акрэсліў кола праблем, якія будуць вырашаны ўжо ў бліжэйшы час, сярод іх выязныя медагляды на тэрыторыі сельскіх Саветаў.
Наступны выступаючы – старшы памочнік пракурора Гомельскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства і прафілактыцы злачынстваў і іншых правапарушэнняў Таццяна Жызнеўская. І зноў акрэслім сітуацыю праз лічбы: за 8 месяцаў 2019 года павялічылася колькасць крымінальна каральных хуліганстваў.
Зарэгістраваны рост крадзяжоў (з 80 да 88), кожнае чацвёртае злачынства – справа рук чалавека ў стане алкагольнага ап’янення (46), кожнае пятае – маючым судзімасць (36). На прафілактычным уліку за правапарушэнні ў адносінах да членаў сям’і знаходзяцца 15 чалавек. Акрэсленыя ў дакладзе факты сведчаць пра неабходнасць прыняцця дадатковых мер, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці па прафі-лактыцы правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін.
Не менш надзённай была тэма выступлення намесніка старшыні райвыканкама Святланы Сенька. Святлана Уладзіміраўна прааналізавала дзейнасць суб’ектаў прафілактыкі на тэрыторыі раёна па рэалізацыі пунктаў плана і палажэнняў Дырэктывы №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. За 8 месяцаў 2019 года назіраецца памяншэнне колькасці загінуўшых людзей ад знешніх прычын па асобных катэгорыях: ад суіцыдаў, утапленняў, дарожна-транспартных здарэнняў. Разам з тым колькасць загінуўшых на пажарах, на вытворчасці, а таксама ў выніку злачынстваў павялічылася. Для пра-філактыкі парушэнняў працоўнай дысцыпліны і правіл аховы працы, а таксама папярэджання вытворчага траўматызму ў раёне працуе мабільная група райвыканкама. Па стане на 1 верасня быў праведзены маніторынг 115 аб’ектаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. У час наведванняў выяўлена 666 парушэнняў, у тым ліку па ахове працы – 289, правілаў пажарнай бяспекі – 69, санітарных нормаў і правілаў – 308. У раёне за 8 месяцаў ад суіцыдаў загінула 5 чалавек (2018 – 10).

Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый рэкамендавана ўзмацніць кантроль за выкананнем працоўнай і вытворчай дысцыпліны, а суб’ектам прафілактыкі прадоўжыць работу сярод насельніцтва і ў працоўных калектывах па бяспечных паводзінах на вытворчасці і быце. Жыццё чалавека – галоўная каштоўнасць і зберагчы яго – агульная задача.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о