Неасцярожнасць у абыходжанні з адкрытым агнём, будзь тое свечкі ці запалкі, непатушаны акурак, няўмелае карыстанне піратэхнікай, неасцярожнасць у карыстанні гаручымі альбо лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі… Самая распаўсюджаная прычына гібелі на пажары – курэнне ў ложку: 70% людзей загінулі менавіта па гэтай прычыне.

Акурак, кінуты ў пілавінне, выклікае яго тленне. Цяпло, якое выдзяляецца пры гэтым, з патокам паветра пранікае ўглыб пілавіння. Праз 2-3 гадзіны тэмпература ўзнімаецца да 410-470 градусаў і адбываецца ўзгаранне.
Тлеючы акурак здольны выклікаць узгаранне паперы, напрыклад, у скрыні для смецця. Калі акурак ляжыць на паверхні, працэс узгарання доўжыцця каля 50 хвілін. Пры трапленні акурка на глыбіню 5-10 сантыметраў ён узгараецца значна хутчэй – праз 12-35 хвілін. Прыкладна такія ж наступствы будуць і ў сене альбо саломе.

Такім чынам, пажары, выкліканыя непатушанай цыгарэтай, больш распаўсюджаныя, чым можа падацца на першы погляд. Як сведчыць статыстыка, у большасці выпадкаў людзі гінуць на пажарах не ад высокай тэмпературы, а ад дыму, які насычаны ядавітымі прадуктамі гарэння звычных у побыце рэчываў.

Не дапускай пажар на балконе

Не варта загрувашчваць балконы рэчамі, старой мэбляй, макулатурай, што можа паслужыць “харчаваннем” агню.
Чысцячыя, лёгкаўзгаральныя рэчывы і аэразолі захоўвайце ў металічных скрынях, прыкрытых зверху шчыльнымі накрыўкамі альбо негаручым матэрыялам. Трымайце заўсёды свабоднымі пажарныя люкі і лесвіцы, патрабуйце гэтага і ад суседзяў знізу – гэта выратуе ваша жыццё ў час пажару.
Заўсёды закрывайце дзверы на балкон, каб малалетнія дзеці не маглі ў час вашай адсутнасці свавольнічаць там з агнём. Заўсёды трымайце на балконе пясок (у вядры ад навагодняй елкі альбо ў пакеце). Калі вы курыце на балконе, то тушыце акуркі ў металічнай шклянцы з вадой, каб вецер не разносіў іскры. Тое ж папрасіце рабіць і вашых суседзяў зверху.

Не куры ў ложку

У стане алкагольнага ап’янення людзі не здольныя адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць, і, як след, пазбаўлены інстынкту самазахавання. Таму і засынаюць з непатушанай цыгарэтай, ад якой узгараюцца пасцельныя прыналежнасці, а затым і іншая маёмасць.
У якасці прафілактычных мерапрыемстваў работнікі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях праводзяць абследаванне жылых дамоў, шматлікія акцыі, навучаюць грамадзян мерам пажарнай бяспекі.
Нягледзячы на праводзімую прафілактычную і тлумачальную работу, многія грамадзяне вучацца не на чужыхх, а на ўласных памылках. А пакуль чалавек не зразумее сам, якой небяспецы ён падвяргае сябе і сваіх блізкіх, грэбуючы правіламі бяспекі, фінал будзе трагічна прадказальны і непазбежны.

З агнём абыходзься асцярожна

Кожны лічыць, што ў яго доме нічога не здарыцца, што паклапаціўся пра сваю бяспеку і бяспеку блізкіх лепш, чым можа ведаць альбо параіць нехта іншы.
Агонь са старажытных часоў быў крыніцай цяпла. У холад ён сагравае нас, з яго дапамогай мы гатуем ежу, распальваем у доме печ, але разам з тым ён можа адпомсціць за нашу неахайнасць і незахаванне банальных правілаў бяспекі.
Не грэбуйце правіламі супрацьпажарнай бяспекі. У абавязковым парадку абсталюйце жылыя пакоі аўтаномным пажарным апавяшчальнікам. Гэты прыбор здольны інфармаваць чалавека пра з’яўленне дыму ў памяшканні на пачатковым этапе гарэння, што захавае ваша жыццё і маёмасць!

Алена ПАЖЫГАН, інспектар РАНС.

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о