Пажар з гібеллю на тэрыторыі Грабаўскага сельсавета апошні раз быў восем гадоў таму, у студзені 2010 года. І вось канец студзеня 2018 года прынёс сумную вестку: у Вялікіх Сялюцічах 29 студзеня загінуў у агні пенсіянер.

– Нішто не паказвала на трагедыю, – гаворыць са скрухай старшыня Грабаўскага сельвыканкама Вольга Голас. – Мужчына вёў нармальны лад жыцця, быў акуратыстам, гаспадаром.

Дзеці жывуць у Мінску і часцяком наведваліся да старога. Вось і напярэдадні няшчаснага здарэння яны гасцявалі: накалолі дзеду дроў, прывезлі прысмакаў, як звычайна гэта адбываецца.

Праўда, здараліся выпадкі, што стары забываўся выключыць газавую пліту. Гэты пажар, які забраў жыццё састарэлага мужчыны, па папярэдняй версіі пажарнай службы, гаварыў пра тое, што загінулы забыўся, магчыма, выключыць ежу на пліце. Што ж тут незвычайнага, калі ўзрост мужчыны набліжаўся да 90-гадовага рубяжу?

Сапраўды, за старымі патрэбны догляд, як за малымі дзецьмі. Няважна, у свядомым яны стане знаходзяцца ці не. А вось калі бяда здарылася, то пачынаюць шукаць вінаватых. Ад бяды ніхто не застрахаваны, але папярэдзіць яе можна. І перш за ўсё, лічу, адказнасць за гэта членаў сям’і, а потым ужо работнікаў сацыяльнай, пажарнай служб, сельсавета.

9 лютага ў Грабаўскім сельсавеце высадзіўся сапраўдны працоўны дэсант з вышэйназваных служб, каб адпрацаваць домаўладанні ўсіх жыхароў з так званай групы рызыкі.

Хочацца адзначыць, што работа аглядавай камісіі ў гэтым сельсавеце адна з паказальных. Дарэчы, з праверкі дакументацыі работы аглядавай камісіі і пачаў работу першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Біндзель.

У гэты дзень Андрэй Віктаравіч наведаўся таксама ў Грабаўскі дзіцячы сад – базавую школу, дзе сустрэўся з настаўнікамі, уручыў ім  метадычныя дапаможнікі службы 112, дзе ёсць інфармацыя на ўсе выпадкі надзвычайных сітуацый, па варыянтах паводзін і самавыратавання.

З вучнямі была праведзена гутарка, дзе абмяркоўваліся пытанні па правілах пажарнай бяспекі.

У той дзень супрацоўнікі РАНС сумесна з работнікамі ТЦСАН правялі агляд 84 домаўладанняў сельсавета. Гэта былі ў тым ліку адзінокія грамадзяне, шматдзетныя сем’і, сем’і з групы рызыкі, дзе дарослыя злоўжываюць алкаголем. Было выяўлена пяць парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі, з якіх чатыры выпраўлены на месцы.

Затым у сельскім Доме культуры сабраліся жыхары аграгарадка, работнікі арганізацый на вясковы сход. Андрэй Біндзель засяродзіў увагу на апошніх пажарах, у тым ліку са смяротным зыходам. Нагадаў пра захаванне правілаў пажарнай бяспекі дома.

Прысутным быў прадэманстраваны відэафільм “Кошт імгнення”. Слёзы выступалі на вачах жанчын, мужчыны проста апускалі галовы, бо не хапала моцы глядзець, як па недаглядзе бацькоў гінуць дзеці. Такая шокавая тэрапія патрэбна людзям, каб яшчэ раз нагадаць простыя жыццёвыя нормы і правілы бяспекі. Яны нескладаныя, але патрабуюць выканання.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота аўтара.

IMG_0660 IMG_0663 IMG_0669 IMG_0678 IMG_0681 IMG_0688 IMG_0701 IMG_0703

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о