Сярод жыхароў Мышанкі ёсць людзі, сэрцы якіх перапаўняе ўдзячнасць да таленавітага педагога, адданага сваёй справе чалавека Ірыны Анатольеўны Супруненка. Гэтыя людзі – бацькі выхаванцаў харэаграфічнага калектыву “Задорынкі”.

Нашы дзеці не проста наведваюць заняткі па танцах, а таксама вучацца валодаць сваім целам, слухаць музыку і рухацца з ёй у такт. Гэта выдатная жыццёвая школа, дзе вучаць працаваць, пераадольваць свае слабасці, перамагаць і годна прайграваць, а таксама сяброўству і ўзаемадапамозе, уменню жыць у калектыве, дапамагаючы адзін аднаму.

Праца кіраўніка харэаграфічнага ансамбля “Задорынкі” заслугоўвае вышэйшай пахвалы. Таму што гэтая праца – на вынік.

Нашы дзеці ўдзельнічаюць у розных конкурсах. І асабліва прыемна, што кожны выхад на сцэну мае плён, дзеці заўсёды вяртаюцца з прызавымі месцамі.

image (2)

Наш педагог выдатны харэограф і пастаноўшчык, стварае танцавальныя шоу, з якімі дзеці выступаюць таксама на шматлікіх пляцоўках раёна, вобласці, рэспублікі. Нават за межамі нашай радзімы харэаграфічны калектыў атрымаў дыплом першай і другой ступені на міжнародным анлайн-конкурсе “Натхненне”. Вельмі прыемна, што нашых дзяцей запрасілі ў Санкт-Пецярбург паспаборнічаць з іншымі калектывамі краін СНД у паўфінале. Спадзяёмся, што паездка адбудзецца.

Дзеці вельмі любяць выступленні і гатовыя без стомы трэніравацца і рыхтавацца да чарговых паездак і канцэртаў.

image (1) image

Усе поспехі ансамбля – гэта, вядома, цалкам заслуга яго нязменнага кіраўніка.

Гледзячы на гэтую кволую, далікатную жанчыну, дзівішся, які ўтоены патэнцыял закладзены ў  чалавеку: характар, вялікая сіла волі, нястомнае жаданне ісці наперад. Гэта дазваляе ўтрымліваць калектыў на высокім прафесійным узроўні.

Ірына Анатольеўна нястомны працаўнік і творца, яна з раніцы і да вечара гатова прысвячаць сябе нашым дзецям. Тыя ў адказ дораць ёй сваю любоў і ўдзячнасць. А мы, бацькі,  дзякуем лёсу за тое, што ў жыцці нашых дзяцей сустрэўся такі выдатны чалавек.

Прыміце нашу шчырую падзяку, паважаная Ірына Анатольеўна, за цярпенне, працоўны запал і падыход да кожнага Вашага вучня!

Ад імя ўсіх бацькоў

 з павагай Юлія ГВОЗДЗЬ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о