У той вечар гэтыя два мужчыны нават не паспелі даведацца імя адзін аднаго. Некалькі разоў за вечар сядзелі за адным сталом, танцавалі побач кожны са сваёй партнёршай. Да світання наступнага дня адзін з іх не дажыў, загінуўшы ад рук другога.
Быў дзень будаўніка. У кафэ было не прадыхнуць. Жадаючых выказаць так салідарнасць з будаўнікамі, колькасць якіх у нашым горадзе значна павялічылася, было нямала.
Далучыўся да іх і Іван. Нядаўна ён вярнуўся з рэйса – працаваў у фірме па міжнародных перавозках. За тыя некалькі дзён сустрэўся з сынам, не жылі яны разам, перадаў прывезеныя яму падарункі, гэта здаралася часта. Спраў і па гаспадарцы шмат назбіралася. Сястра, з якой жыў апошнія гады, чакала брата з нецярпеннем. А тут і муж пляменніцы паклікаў на падмогу, яго аўто трэба было падладзіць. З імі і вырашылі ўвечары папіць кавы ў кафэ.
Дзмітрыя ў кафэ паклікалі калегі. Вярнуўшыся са змены, ён нібыта і вагаўся: можа лепш было б адпачыць. Але свята ж, ды і самому ў здымнай кватэры сумна. У кафэ знаёмых было нямнога: двое калег ды дзяўчына, якая некалі працавала ў сталоўцы, дзе іх брыгада харчавалася. Падсеў, тая была не адна – з сяброўкамі і мужчынам, якога прадставіла сваяком. Значыць, ёсць шанс на прыемны вечар у яе кампаніі – той мужчына не перашкода. Ды толькі дзяўчына, нягледзячы на тое, што некалькі разоў запрашаў на танец, не схільная была ўвесь вечар прысвячаць яму.
Як прынята, здаецца, толькі ў Петрыкаве, калі закрываеца кафэ, яго наведвальнікі, зразумела, што не ўсе цвярозыя, яшчэ доўгі час таўкуцца каля ганка, знаходзячы нейкія тэмы для гутарак, знаёмячыся, з кім не паспелі за вечар.
Юля сапраўды некалі, у замужжы, была ў коле сваякоў Івана. Таму калі яго пляменніца з мужам паехалі дамоў, наглядала за сябрам, здавалася ёй, што той выпіў лішку. І калі ўдвух пайшлі па дарозе ад кафэ кожны да сябе дадому, прапанавала патэлефанаваць сваяку, каб той падвёз яго – ісці Івану трэба было ў другі канец горада. Але ён адмовіўся. Як аказалася, дарма.
Каля трох гадзін раніцы ў хуткую дапамогу паступіў сігнал, што на тратуары ляжыць мужчына ў лужы крыві, яшчэ жывы, просіць пра дапамогу. Мужчыны, што званілі, зарыентавалі медыкаў па месцазнаходжанні. Назвы вуліц не ведалі – прыезджыя. Прыехаўшы, медыкі канстатавалі смерць мужчыны. Супрацоўнікі міліцыі хутка ўстанавілі асобу памерлага – той самы Іван.
Экспертыза ўстанавіла, што смерць наступіла ад асфіксіі дыхальных шляхоў крывёў з-за адкрытай чэрапна-мазгавой траўмы. Падрабязнае апісанне пашкоджанняў, па большасці галавы, выкладзена было больш як у 20 абзацах заключэння эксперта. Выснова: траўма не магла адбыцца з-за падзення з вышыні чалавечага росту, а з-за “дыяганальнага сціскання галавы неўсталяваным тупым прадметам”. Косці чэрапа былі раздроблены на дзясяткі кавалкаў.
На след Дзмітрыя ў гэтай справе навялі яго сябры-калегі, што і знайшлі загінулага. Па-першасці прызналіся, што той ноччу Дзмітрый нібыта пайшоў за дзяўчынай, але хутка вярнуўся ўзбуджаны, моцна жэстыкулюючы, сказаў, што там ляжыць чалавек, напэўна ён яго забіў.
Праўда пазней у справе з’явіліся іншыя версіі Дзмітрыя і яго сяброў: так не казаў, нічога не казаў… Суд адзначыў, што гэтыя паказанні былі непаслядоўнымі і супярэчлівымі. Абвінавачаны сцвярджаў, што забіты першы ўдарыў яго. Таму, абараняючыся, Дзмітрый адпіхнуў Івана, той упаў.
Пры затрыманні Дзмітрый не змог прад’явіць адзенне ў якім быў у тую ноч. Казаў, што вяртаўся дадому праз кукурузнае поле, што за ЦРБ, а не па найкарацейшай дарозе ад кафэ да аптэкі, узмок, зняў адзенне прасушыць у скверы каля гімназіі, прыснуў там на лаўцы, нехта і паквапіўся на яго маёмасць – ад шкарпэтак да майкі. Таму і слядоў крыві на адзенні не знойдзена, як і слядоў пабояў ад ударай Івана.
На судзе бацька падсуднага не прызнаўся, што Дзмітрый тэлефанаваў яму пасля затрымання і сказаў, што некага забіў, цяпер яго “закрыюць” надоўга. Пра тое расказалі сведкі. Бацька прасіў прабачэння ў родных забітага за сына, бо быў ўпэўнены, што той не мог быць такім жорсткім, так склаліся абставіны…
Грунтуючыся на матэрыялах шматлікіх допытаў і паказанняў сведкаў, суд прызнаў Дзмітрыя вінаватым у наўмысным забойстве і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 11 гадоў з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Непаўналетні сын Івана, які страціў блізкага і клапатлівага чалавека, а таксама сястра загінулага, што засталася без надзейнага гаспадара і памочніка, атрымаюць матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды. Але ніякі яе памер не суцішаць боль страты.
Пасля апеляцыі прыгавор быў перагледжаны ў абласным судзе і застаўся без змяненняў.
Алена БРУЦКАЯ.Жорсткасць без падстаў

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о