Юлія Шэцко выхавалася ў шматдзетнай сям’і, у атмасферы павагі і кахання. Менавіта таму Юля не пабаялася пайсці па тым жа прызначэнні жанчыны – быць маці.

ЖОНКА, МАЦІ І ПРОСТА ШЧАСЛІВАЯ ЖАНЧЫНА

– Так, мой тата – настаўнік у галубіцкай школе, а мама працуе там вартаўніком. Акрамя мяне ў сям’і яшчэ сястра Вікторыя і брат Віталь.
Я жонка, маці і проста шчаслі-вая жанчына, – гаворыць Юлія Тофікаўна. – У мяне цудоўны муж, пра якога можна было толькі марыць. З Уладзімірам пазнаёміліся на вяселлі сяброўкі: я – сведка, ён – сведка. Праз паўгода вырашылі замацаваць нашы адносіны шлюбам.

ЖОНКА, МАЦІ І ПРОСТА ШЧАСЛІВАЯ ЖАНЧЫНА
У нас нарадзіліся цудоўныя дзеці! Станіславу 12 гадоў, ён вучань сёмага класа гімназіі. Сын захапляецца спортам: навучаецца стральбе, займаецца лёгкай атлетыкай. Арынка сёлета папоўніла рады першакласнікаў, навучаецца таксама ў гімназіі. Маляванне і танцы – вось яе любімыя захапленні. Малодшаму Уладзіку 2 гадкі 4 месяцы. Наведвае садок, “кіруе” старэйшымі братам і сястрой. Ён жа самы маленькі, яму дазволена шмат.
Я скончыла Горацкую сельгасакадэмію, дзе набыла бухгалтарскую спецыяльнасць. Па ёй, дарэчы, і працую. Маё месца працы – раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Я – галоўны бухгалтар. У нашым калектыве дзве шматдзетныя маці. Прывілей асаблівых няма, працуем на роўных з іншымі.
Ад дзяржавы мы атрымалі льготы на будаўніцтва індывідуальнага жылога дома, так што праблема з жыллём вырашана. Аказвалі матэрыяльную дапамогу нашай сям’і па маім месцы працы, за што вельмі ўдзячна.
Муж заняты ў КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас”. Тата заўсёды здзяйсняе кантроль за паводзінамі дзяцей, а я сачу за паспяваемасцю старэйшых у вучобе. У сям’і імкнемся выхоўваць у дзецях павагу адзін да аднаго, быць працалюбівымі і адказнымі.

ЖОНКА, МАЦІ І ПРОСТА ШЧАСЛІВАЯ ЖАНЧЫНА– Юлія Тофікаўна, што для Вас галоўнае ў жыцці?
– Для мяне галоўнае – сям’я, якую трэба любіць і быць у ёй каханай. Шчаслівыя дзеці, муж – вось яно, маё шчасце.
– Днямі Вы прымалі ўдзел у мерапрыемстве значнага маштабу. Якія эмоцыі засталіся, уражанні?
– Так, мне пашчасціла быць удзельніцай урачыстасці – шанаванні шматдзетных жанчын губернатарам Гомельскай вобласці Генадзем Салаўём. Прызнаюся, што адразу неяк не хацелася ехаць, а цяпер не шкадую. Атрымала шмат станоўчых эмоцый. Нават вырашыла ўнесці некаторыя карэктывы ў наша жыццё – больш часу аддаваць дзецям і адпачынку з сям’ёй.
Летась мяне запрашалі да Дня маці на такую ж урачыстасць на чале з прадстаўнікамі мясцовай улады. Дзякуй за ўвагу да нашай сям’і!
– Дзякуй, што знайшлі час на адказы. Уяўляю, што кожная хвіліна Ваша распісана. Шчыра жадаю Вам асабіста і Вашай сям’і працвітання, кахання, новых перамог і дасягненняў!

Запісала Інга ГІЛЕНКА.
Фота з архіва сям’і Шэцко.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о