Напэўна, многія з вас нават уяўлення не маюць, што гэта расліна з’яўляецца інвазіўнай. Знаёмцеся – залатарнік канадскі – паўночнаамерыканская шматгадовая травяністая расліна, вышынёй ад 50 да 200 сантыметраў з сямейства складанакветкавых або астравых. Сцяблы прамастаячыя, лісце вузкае, кветкі жоўтыя, сабраныя ў мяцёлкавае суквецце. Плады –цыліндрычныя сямянкі. Верасень – самы час для пышнага цвіцення гэтага паразіта.

Жоўты шкоднікКожная асобіна залатарніка дае больш за 20 тысяч насення, якое нясе пагрозу здароўю людзей, павялічваючы ўзровень захворвання. Гэты від лічыцца агрэсіўнай алергеннай раслінай.
Мы выехалі ў рэйд з галоўным спецыялістам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігарам Зянкевічам, каб выявіць крыніцы росту гэтай расліны ў Петрыкаве.

Трэба адзначыць, што сустрэлі мы залатарнік паўсюдна: вуліцы Ліпунова, Ленінская, Талстога, завулак Пясочны, вуліца Каралёва.
Ігар Пятровіч адзначыў, што гэта расліна сустракаецца на тэрыторыях Петрыкаўскага, Муляраўскага, Бабуніцкага, Чалюшчавіцкага, Навасёлкаўскага, Мышанскага, Галубіцкага сельскіх Саветаў. Многія работнікі школ, дзіцячых садкоў, сельскіх Дамоў культуры нават вырошчваюць гэтыя непатрабавальныя “жоўтыя кветачкі” на кветніках каля адміністрацыйных будынкаў, месцаў воінскіх пахаванняў. Сустракаюцца яны і на кветніках шматкватэрных жылых дамоў і ў падворках індывідуальных жылых дамоў. Шмат развялося залатарніку і на могілках, а таксама на свабодных участках зямлі, якая не апрацоўваецца.

Каб змагацца з гэтай раслінай, аднаго скошвання недастаткова. Трэба выкопваць залатарнік з каранёвай сістэмай або апрацоўваць участкі вырастання гербіцыдамі. Выдаленыя расліны варта спаліць.
Некантраляванае распаўсюджванне гэтага віду прыводзіць да прыгнёту і нават поўнага выцяснення з прыродных экасістэм іншых відаў раслін. Там, дзе пасяліўся залатарнік канадскі, змяняецца склад і структура сенажацяў, пагаршаецца якасць нарыхтоўкі сена (буйная рагатая жывёла яго не есць).
Для Беларусі залатарнік канадскі ўваходзіць у спіс асабліва небяспечных інвазіўных відаў раслін.

Інга ГІЛЕНКА, фота аўтара

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о