IMG_0192_1

Пранне бялізны – неад’емная частка сучаснага жыцця. Балазе, тэхнічны прагрэс палегчыў жанчынам гэты бытавы рытуал, які раней займаў цэлы выхадны дзень.

Многія жанчыны добра  памятаюць, як гадоў 20 таму яшчэ выварвалі пасцельную бялізну ў вялікіх каструлях, каб яна была не проста чыстая, а ідэальна белая. Тое ж самае рабілі з адзеннем і пялёнкамі немаўлят. А тыя рабрыстыя дошкі для мыцця бялізны і металічныя балеі… Рукі пасля такой працэдуры ператвараліся ў мачалкі.

Аператару пральных машын Петрыкаўскага камбіната бытавога абслугоўвання Наталлі Карасёвай з мыццём бялізны даводзіцца мець справу кожны дзень. Больш таго, за месяц жанчына “перапрацоўвае” да дзвюх тон (!) пасцельнай бялізны і адзення.

Паслугамі пральні карыстаюцца школы і дзіцячыя садкі, гасцініца, маслазавод, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, рэстаран і іншыя. У пральні працуе Наталля Іванаўна адна і паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі. Менавіта таму яе справа была адзначана кіраўніцтвам камбіната і жанчына ўдастоена гонару прымаць удзел у злёце перадавікоў.

 На чырвонай стужцы, якую ганарова павяжуць на мерапрыемстве раённага маштабу, будзе красавацца надпіс “Лепшая па прафесіі”. І гэта заслужаная ўзнагарода.

У бытавой галіне Наталля Іванаўна працуе больш за 30 гадоў. У свой час у Гомельскім вучылішчы бытавікоў набыла спецыяльнасць фатографа. Паспяхова працавала ў фотастудыі КБА. Дзесяць апошніх гадоў занята ў пральні.

Як паведаміў дырэктар камбіната бытавога абслугоўвання Віталь Карнійчук, пральня дае грашовай выручкі за месяц у сярэднім 3500 рублёў. У агульнай выручцы гэта складае 6,5%. Удзельная вага гэтай паслугі сярод іншых бытавых паслуг дасягае амаль 15%.

– Сапраўды, – гаворыць Наталля Іванаўна, – паслуга пральні патрэбна не толькі прадпрыемствам і арганізацыям, дае заяўкі і насельніцтва. Дарэчы, памыць 1 кілаграм бялізны ў пральні каштуе на сёння 1,46 рубля, курткі і коўдры – 2,20.

У “падначаленні” Наталлі Іванаўны працуюць тры пральныя аўтаматычныя машыны, дзве сушылкі, прасавальны каток і прэс. Цэлы дзень жанчына на нагах: носіць скрыні з бялізнай, чыстую бялізну прапускае праз прасавальны каток, накрухмальвае халаты. Пах мыючых сродкаў і бытавой хіміі перабівае ўсе парфумы, якімі больш прыемна дыхаць кожнай жанчыне. Усё ж сваю справу Наталля Іванаўна выконвае адказна і цярпліва.

Што датычыць асабістага жыцця, то ў ім усё добра: муж, двое дзяцей, двое ўнукаў.

Мы шчыра віншуем Наталлю Іванаўну з адзнакай і жадаем святочнага настрою!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о