Мінулы тыдзень завяршыўся яркай спартыўнай падзеяй – раённай спартакіядай “Я люблю Беларусь”.

Удзельнікамі спартыўных спаборніцтваў, што прайшлі на фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Прыпяць”, сталі жаночыя каманды з ліку членаў раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.
Праграма спаборніцтваў утрымлівала бег на 100 метраў, эстафету, дзе кожнай з дзвюх удзельніц неабходна было пераадолець дыстанцыю даўжынёю ў 200 метраў, скачкі з месца і кіданне кольцаў.

Жанчыны ў саюзе са спортам
Памятныя падарункі ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” уручае лідар раённай арганізац
Жанчыны ў саюзе са спортам
Хвалюючы момант спаборніцтваў

Увесь цяжар і клопаты працоўнага тыдня былі зняты ў час спаборніцтваў. Дух саперніцтва, жаданне перамагчы ці хаця б не падвесці сваю каманду задавалі бадзёры настрой спартыўнаму мерапрыемству. А лічбы, якія фіксавалі суддзі ў выніковых пратаколах і на экранах секундамераў, сведчылі пра шчырае “сяброўства” жанчын-удзельніц са спортам.

Вынікі падведзены, пераможцы агучаны. У агульнакамандным заліку прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: трэццяе месца заняла каманда ДУА “Петрыкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”, на другую прыступку п’едэсталу ўзняліся ўдзельніцы каманды Лучыцкага сельсавета, а перамогу ў гэты дзень святкавала каманда Пціцкага сельвыканкама.

Лідар раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Святлана Сянько ў віншавальным слове адзначыла, што сёння пытанне папулярызацыі здаровага ладу жыцця і заахвочвання насельніцтва да заняткаў фізічнай культурай і спортам у нашым раёне ўжо не стаіць так востра.

– З увядзеннем сучасных спартыўных аб’ектаў мы назіраем растучую цікавасць да заняткаў спортам у горадзе і раёне. І гэта не можа не радаваць: здароўе заўсёды было і застаецца адным з галоўных складальнікаў усіх жыццёвых дасягненняў кожнага з нас, – зазначыла ў сваім выступленні Святлана Уладзіміраўна.

Ад аддзела спорту і турызму райвыканкама ўручаны прызы пераможцам-камандам і лідарам асабістага заліку. Акрамя гэтага ўсе ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.
Пасля спаборніцтваў мы звярнуліся да ўдзельніц, актывістаў грамадскага аб’яднання з пытаннем “Што для вас значыць быць членам раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”?

Ірына Рамашэўская, член першаснай арганізацыі ДУА “Петрыкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”:
– Дзейнасць арганізацыі ў першую чаргу накіравана на пабудову моцнай і квітнеючай Беларусі. Для мяне быць членам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” – гэта значыць, увесь час быць у эпіцэнтры важных падзей, сэрцам адгукацца на патрыятычныя і сацыяльныя акцыі. Я з гонарам і задавальненнем прымаю ўдзел ва ўсіх знакавых мерапрыемствах раёна, якія праходзяць па ініцыятыве ці з удзелам раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і сённяшнія спаборніцтвы не выключэнне.

Ксенія Лягун, член першаснай арганізацыі Петрыкаўскі РайЦГіЭ:
– Па маім меркаванні, “Беларускі саюз жанчын” выхоўвае правільнае стаўленне да краіны. Для мяне, работніка сацыяльнай сферы, гэта важны момант. Пагадзіцеся, кожнаму чалавеку патрэбна маральная апора, у гэтым сэнсе грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз жанчын” – арганізацыя добрых спраў. З задавальненнем удзельнічаю ва ўсіх акцыях нашага аб’яднання і стараюся далучыць да гэтага сваіх родных, калег і знаёмых.

Ала Якавец, член першаснай арганізацыі Лучыцкага сельвыканкама:
– Важна тое, што наша дзяржава сацыяльна арыентаваная. Людзі адчуваюць клопат пра сябе, і ў гэтай падтрымцы актыўны ўдзел прымае наша арганізацыя. Не сакрэт, што сёння жанчыны прымаюць самы актыўны ўдзел у сацыяльным і палітычным жыцці краіны, маюць актыўную жыццёвую і грамадскую пазіцыю. Грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз жанчын” – цудоўная пляцоўка для такой актыўнасці.
Ну што ж, мы жадаем усім членам раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і надалей сацыяльнай актыўнасці і рэалізацыі ўсіх грамадскіх ініцыятыў.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о